Раскопки возле Речицы подтвердили версию о сезонности жилищ древних людей

Старажытных людзей кармілі ногі

Археолагі пераканаліся: нашы далёкія продкі таксама ведалі, што пад ляжачы камень вада не цячэ

Лета для археолагаў, як і для аграрыяў, гарачая пара. Пакуль надвор'е спрыяе, трэба з'ездзіць у экспедыцыі, правесці раскопкі, назбіраць матэрыял, каб пасля, з надыходам зімы, вярнуцца ў кабінеты і лабараторыі і працягнуць даследаванні. Мы завіталі да вядомага беларускага археолага Мікалая Крывальцэвіча ў вёску Капань Рэчыцкага раёна, каб даведацца пра раскопкі часовага паселішча старажытных людзей.

Малодшы навуковы супрацоўнік Кацярына Кухарава.

Мікалай Мікалаевіч Крывальцэвіч, кандыдат навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогii першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, цікавіцца неалітам і эпохай бронзы даўно і даліну Дняпра паміж Рэчыцай і Капанню даследуе ўжо дзесяць гадоў. Навуковая ідэя даследавання: выявіць на ўчастку даліны Дняпра ўсе помнікі археалогіі эпохі неаліту, у межах ад V да III тысячагоддзя, і эпохі бронзы, ад пачатку II да канца I тысячагоддзя да нашай эры.

— Канешне, усё вывучыць немагчыма, але мы імкнёмся максімальна даследаваць аб'екты, звязаныя з жыццём старажытных людзей. Падчас штогадовых экспедыцый на гэтай тэрыторыі знойдзена больш за 30 такіх помнікаў.

Пакручастая сцежка выводзіць на заліты сонцам луг, вакол буяюць кветкі, удалечыні блішчыць велічны Дняпро… Захоплівае дух, калі ўяўляеш, што тысячы гадоў таму не было гарадоў і вёсак, а па гэтай сцежцы хадзілі людзі і бачылі амаль такія ж пейзажы.

Фрагменты арнаментаванай керамікі, знойдзеныя падчас раскопак.

На першы погляд месца, дзе закладзены раскоп, нічым не прыкметнае. Але даліна Дняпра, тлумачыць Мікалай Мікалаевіч, выбрана для да­следавання таму, што менавіта тут у старажытнасці віравала жыццё:

— Вакол раслі густыя лясы, штосьці падобнае засталося толькі ў Белавежскай пушчы. Жывёлагадоўлю і земляробства людзі пачалі асвойваць прыкладна ў III тысячагоддзі да нашай эры. Да гэтага часу займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй. Але заўсёды выкарыстоўваліся рэкі. Пасля іх даліны сталі пляцоўкамі для вытворчай гаспадаркі, бо ў лесе трэба было высякаць вялікую колькасць расліннасці. У асноўным старажытныя стаянкі размяшчаліся на ўзвышшах каля старыц і азёр, якія ўтвараліся, калі рэчышча ракі паварочвала. А пасля паводкаў, дзе-небудзь бліжэй да лета, людзі засялялі гэтыя месцы і займаліся промыслам, да нашых дзён захаваліся многія часовыя паселішчы. Адно з іх і даследуем.

На раскопе працуе невялікая група. Тыдзень у археалагічнай экспедыцыі правялі юныя аматары гісторыі з Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі горада Бабруйска. Наведваюцца і валанцёры. Сёння ж Мікалаю Мікалаевічу дапамагаюць малодшыя навуковыя супрацоўнікі Кацярына Кухарава і Уладзіслава Лучшава.

На раскопе працуюць Мікалай Крывальцэвіч і Уладзіслава Лучшава.

Археалагічныя даследаванні, якія праводзяцца ў Капані, мала нагадваюць карцінкі з захапляючых прыгодніцкіх фільмаў. Няма тут пірамід і мумій, нават скарбонкі з манетамі і каштоўнасцямі не сустрэнеш. Знешне месца раскопак — знятая на некалькі пластоў глеба. Адразу кідаецца ў вочы, што працуюць на раскопе басанож. Каб не пашкодзіць зачышчаны слой, тлу­мачыць Кацярына Кухарава:

— Рухацца даво­дзіцца асцярожна: калі право­дзіцца зачыстка, на глебе выяўляюцца плямы розных колераў. Яны сведчаць пра тое, што тут мог размя­шчацца пэўны аб'ект.

Мікалай Мікалаевіч крыху знаёміць з гіс­торыяй гэтага месца, версій наконт яго выкарыстання стара­жытнымі людзьмі ў спецыяліста некалькі. Археолаг удакладняе, што падчас раскопак сенсацый не здараецца, знаходкі толькі дапамагаюць пацвярджаць папярэднія меркаванні:

— Месца называецца Капань-16. Кожнаму помніку археолагі даюць назву, прывязаную да геаграфіі мясцовасці. Гэты знайшоў яшчэ ў 2013 годзе, потым невялікімі раскопамі, мы называем іх шурфамі, вызначылі перспектыўнасць да­следавання. У 2020-м залажылі першы раскоп. Ужо тады было бачна, што тут ёсць сляды прысутнасці людзей неаліту і эпохі бронзы: крамянёвыя прылады, фрагменты керамікі. Цяпер знойдзена адно паглыбленне, якое звязана, хутчэй за ўсё, з жытлом часоў неаліту (прыкладна канец IV — пачатак III тысячагоддзя да нашай эры). Пакуль гэта папярэднія высновы, якія трэба пацвярджаць аналізам керамікі. Зацікавілі мяне падсыпкі, зроб­леныя тут. Ёсць два меркаванні: або людзі такім чынам умацоўвалі пагорак, або на ўзвышшы маглі праводзіцца пахаванні.


Пакуль мы размаўлялі, праца не спынялася ні на хвіліну. Знаходкі на гэтым аб'екце рэдкасць, бо пясчаныя глебы не спрыяюць добраму захоўванню арганічных матэрыялаў. А таму даследчыкі радуюцца кожнаму фрагменту керамікі:

— Зачышчаеш слой глебы і раптам натыкаешся на штосьці цвёрдае. Гэта заўсёды эмацыянальна. Асабліва калі трапляецца арнаментаваная кераміка ці крамянёвая прылада, якая добра захавалася. Старажытны чалавек не мог сабе дазволіць проста так згубіць рэч, таму кожная знаходка надзвычай важная.

Сёлетнія раскопкі даволі плённыя: калі наведалі Капань, працы на аб'екце завяршаліся і ўжо можна было падводзіць пэўныя вынікі. Хаця наперадзе яшчэ вывучэнне і апрацоўка матэрыялаў.

— Найперш на гэтым раскопе знаходзілі фрагменты керамічнага посуду, наканечніка стралы, разнастайныя вырабы з крэменю, нажы, абломкі камянёў са слядамі апрацоўкі. Часам трапляліся фрагменты арэхаў, жалудоў, спаленыя косткі. У выніку сёння можна казаць, што тут былі паселішчы сезонныя, кароткачасовыя: людзі вельмі часта перамяшчаліся на працягу года, у залежнасці ад таго, якімі промысламі займаліся. Напрыклад, нераст рыбы — селяцца на адным месцы, міграцыя птушак — пераходзяць у іншае. Жыццё старажытных людзей неадрыўна было звязана з прыродным цыклам. Найперш яны клапаціліся пра тое, каб пад­рыхтавацца да зімы і карміць сям'ю.



Дылетанту можа падацца, што ў такіх даследаваннях няма нічога цікавага. Але для навукоўцаў кожная знаходка — крыніца інфармацыі, якая расказвае пра жыццё і побыт старажытнага чалавека.

Ужо ў пачатку жніўня Мікалай Мікалаевіч Крывальцэвіч пачне раскопкі ў Драгічынскім раёне, каля Спораўскага возера. Непадалёк ад вёскі Какорыца ў балотным торфе захаваліся аб'екты, якія маюць вялікае навуковае значэнне. Што ж, археолагам поспехаў і плёну ў навуковых даследаваннях.





Алёна КУХАРАВА, студэнтка 4-га курса факультэта журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter