Старажытны Новы Свержань

Свяржно. Менавіта так у летапісе, датаваным 1428 годам, упамінаецца Новы Свержань — паселішча на беразе сінявокага Нёмана. Амаль насупраць — нібы люстэркавы адбітак — Стоўбцы. Згодна з княжацкай граматай Вітаўта яно належала жонцы магната Ульяне. Але нядоўга. У той час паселішчы пераходзілі ад аднаго ўласніка да другога. Іх закладвалі, дарылі, прадавалі. Такі лёс быў і ў Свержаня.

У 1482 годзе паселішча ўпамінаецца ўжо як цэнтр павета “на Жацераве” — рэчцы, якая і зараз прабягае праз яго цэнтр. Тады гэта было ўсяго некалькі двароў ды пабудаваны на рэчцы млын, але ўжо дзейнічала заснаваная Валовічам і Слушкам царква.
У 1582 годзе Свержань увайшоў у склад радзівілаўскіх уладанняў. Праз некалькі гадоў Мікалай Крыштаф Радзівіл заснаваў тут касцёл, а ў канцы XVI стагоддзя была ўзведзена і царква Успення Багародзіцы.
Свержань быў паселішчам партовым, з суднаходствам па Балтыйскім водным шляху. На мясцовай верфі будаваліся рачныя віціны, стругі, якія загружаліся збожжам, ільном, пянькой, воскам, скурамі, піламатэрыяламі для Заходняй Еўропы. Туды з радзівілаўскіх лясоў сплаўлялі карабельныя сосны. Назад дастаўляліся прамысловыя тавары. Узбярэжжа Нёмана абрасло складамі, крамамі. Ды і сам Свержань у 1647 годзе налічваў ужо 84 двары, было пяць вуліц.
Новы штуршок у развіцці Свержань атрымаў, калі ў 1742 годзе Міхаіл Казімір Радзівіл заснаваў тут фаянсавую мануфактуру. Умомант на Нёмане зашумелі тры млыны, два дзесяткі складоў на беразе захоўвалі тавар рачных купцоў. Адсюль пачынаўся іх гандлёвы нёманскі шлях. Усплёск будаўніцтва і гандаль дабавілі да назвы Свержань слова “Новы”.
Круглы год тут працаваў вялікі рум — месца, куды зімой звозілі і складзіравалі бярвенні, а пасля, вясной, яны, сабраныя ў плыты, сплаўляліся па водным шляху ў Прусію.
Летапісныя радкі нагадваюць, што ў 1897 годзе ў Новым Свержані жылі дзве тысячы жыхароў, на вуліцах стаялі 23 лаўкі, карчма, мяшчанская і валасная ўправы, суд.
Вогненныя гады, поўныя трагедыі, перажылі свержанцы ў Вялікую Айчынную вайну. У паселішчы захопнікі стварылі гета, куды з усёй прынёманскай акругі звозілі яўрэяў. Было закатавана больш за тры тысячы чалавек. Тут, пад сціплым абеліскам сярод вёскі знайшлі супакой і 64 савецкія воіны, якія ў няроўным баі палажылі свае жыцці. Імя аднаго з іх, наводчыка гарматы, ураджэнца Украіны Андрэя Перацяцькі, дапамагла ўстанавіць новасвяржанка Лідзія Гаўрыловіч.
Пасля вайны Новы Свержань хутка адбудаваўся. Цяпер штодня вяскоўцы спяшаюцца на працу ў майстэрні райаграсервісу, цэхі лесазавода, а дзеці — у сярэднюю школу, дзіцячыя яслі-сад. Для адпачынку ёсць прасторны Дом культуры, дзе шліфуе сваё артыстычнае майстэрства народны хор — лаўрэат многіх конкурсаў і фестываляў мастацкай самадзейнасці. Для паслуг свяржан паштовае аддзяленне сувязі, амбулаторыя, сем магазінаў, комплексна-прыёмны пункт.
Новасвяржане не толькі ганарацца сваёй гістарычнай спадчынай. Мясцовыя энтузіясты, як старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Аляксей Палянскі, сваёй даследніцкай дзейнасцю стараюцца абагаціць летапіс новымі радкамі. Выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага універ-сітэта Аляксей Пяткевіч шукае згубленыя з часам і ў віхуры падзей сляды іконы — цудатворнага абраза Божай Маці Свяржанскай, якую ў невядомым кірунку вывезлі ў час закрыцця царквы ў 1961 годзе.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter