Старажытная песня жывых камянёў. Якія сакрэты ўтойвае жыткавіцкая зямля?

Палескі край Гомельшчыны — Жыткавіцкі раён уваходзіць у “залатое кальцо” вобласці. Тут сапраўды ёсць што паглядзець і на што падзівіцца. Амаль усе цікавыя і загадкавыя месцы Жыткаўшчыны сышліся ў казачным горадзе Тураве.

Помнік-памылка

Зараз гэта толькі рэшткі і фундамент. Царква, пабудаваная ў ХII стагоддзі, была разбурана з-за асаблівага нахілу сцен шмат стагоддзяў таму назад. Хутчэй за ўсё, памылку ў сваіх чарцяжах дапусцілі старажытныя архітэктары. Сцены царквы захаваліся на вышыні не больш чым 3 метры. Як выглядала яна ў сярэднявеччы, мы можам толькі ўявіць. Фрэскавага роспісу царква не мела. Сцены былі ўпрыгожаны архітэктурнымі элементамі ў выглядзе лапатак і пілястраў. Амаль адразу пасля будаўніцтва ў царкве абрушыўся купал. Эксперты гавораць, што ён забіў двух чалавек. Будынак пачалі аднаўляць, але нябожчыкаў кранаць пабаяліся. На іх целы насцялілі новую падлогу. Акрамя таго, у час раскопак на гэтым месцы знайшлі тры старажытныя саркафагі і ўнікальны каменны барэльеф з выявай лучніка.

Князь-возера

Возера Чырвонае — найбуйнейшае возера Палесся і трэці па велічыні вадаём Беларусі. Яго яшчэ называюць Жыт-возера (ад слова “жыць”) ці Князь-возера. Легенда распавядае, што жыў у гэтых лясах князь. І быў у яго адзіны сын, апошні ў родзе. Калі надышла пара яго жаніць, здарыўся нечаканы выпадак. Узяў у старога князя ў арэнду карчму адзін польскі яўрэй. І пайшла па ўсіх шляхах слава пра гэтую карчму, а яшчэ большая слава — пра дачку карчмара Сару. Заехаў аднойчы туды малады князь і закахаўся. Даведаўся пра тое каханне стары князь і прагнаў сына. Змураваў тады юнак тайна ад бацькі пасярод вялікага возера церамок і пасяліў у ім сваю мілую. А зіма ў той год трымалася марозная, снежная. Возера лёдам скавала. А прыйшла вясна, вада паднялася, і пайшлі па возеры тоўстыя крыгі. І разбурылі церамок. Даведаўся малады князь, што ніхто з таго вострава і церамка жывы не выплыў. Узышоў на высокі бераг, што векавымі соснамі парос, ды з разбегу ў возера і кінуўся. I завецца з той пары Чырвонае возера яшчэ Князь-возерам.

Падземны горад

Замкавая гара ў Тураве знаходзіцца на выспе, утворанай дзвюма рэкамі — пратокамі Прыпяці. Раней тут быў сапраўдны старажытны горад з рынкам, жылымі пабудовамі і майстэрнямі. Усе будынкі былі драўлянымі. Абаграваліся цаглянымі печамі. З археалагічных знаходак на Замкавай гары можна стварыць цэлы музей. Упрыгажэнні, посуд, зброя, прадметы культу і нават амфары з паўночнага Прычарнамор’я сведчаць пра высокі ўзровень развіцця культуры ў гэтым краі. На Замкавай гары доўгі час рабілі агароды, эксперты пачалі тут маштабныя даследаванні толькі
ў XX стагоддзі.

Вечнае слова Кірылы

Беларускі асветнік, багаслоў, епіскап Кірыла Тураўскі жыў на Беларусі ў XII стагоддзі. Да нашых дзён захавалася каля 70 яго твораў на рэлігійную тэму. Гэта пропаведзі, прытчы, каноны, малітвы і павучанні. Але больш за ўсё яскравы талент майстра арыгінальнага вобразнага слова выяўляўся ў “словах”, якія Кірыла прысвячаў розным святам. Чытаць іх — адна асалода. Праз традыцыйны біблейскі кантэнт у іх можна заўважыць захапленне прыгажосцю прыроды роднага краю, радасць жыцця на зямлі і імкненне чалавека да духоўнага ідэалу. Кірыла быў вельмі адукаваным чалавекам для свайго часу, пра што сведчыць мова, на якой ён пісаў свае “словы”. Помнік асветніку адкрылі ў маі 1993 года. Тураўскі нібыта ўзнёсся над зямлёй — яго сяміметровая постаць устаноўлена на Замкавай гары на беразе Прыпяці. Аснова кампазіцыі — візантыйскі крыж. Кірыла трымае ў руцэ кнігу, вакол яго галавы німб.

Палеская прыгажуня

Жыла калісьці ў тутэйшых мясцінах дзяўчына, вельмі прыгожая: вочы зялёныя, косы — як агонь. Хацелі выдаць яе замуж за багатага ды нялюбага. Пайшла дзяўчына ў лес і не вярнулася. I там, дзе ўпалі яе залатыя валасы, выраслі незвычайныя кветкі. Ярка-жоўтыя, у выглядзе парасона, з вострым салодкім пахам, яны цвітуць кожную вясну на невысокіх кусціках з калючымі галінкамі. Кусцікі — рададэндран жоўты, або азалія пантыйская. Гэта невялікая, загадкавая расліна сямейства верасковых — далёкі сваяк брусніцы. Незвычайная расліна для беларускай прыроды — сапраўднае дзіва. Водар кветак яе падманлівы, а нектар атрутны. Яна быццам ахоўвае сябе ад чужога дотыку. Нельга перасадзіць азалію пантыйскую ў іншае месца: колькі ні спрабавалі перасяліць яе бліжэй да жылля, яна абавязкова гінула. Зараз гэта батанічны помнік прыроды дзяржаўнага значэння. Азалія была завезена мясцовым памешчыкам яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя.

Каменнае дзіва

Барыса-Глебскія могілкі ў Тураве, якія знаходзяцца на беразе ракі Язды, — яшчэ адно незвычайнае месца Жыткаўшчыны. У старой частцы кладоў у канцы ХХ стагоддзя з зямлі пачаў расці каменны крыж. У 1996 годзе мясцовыя жыхары заўважылі верхнюю частку крыжа, але тады на яго ніхто не звярнуў асаблівай увагі. Потым камень павялічыўся у памеры (зараз ён прыблізна 30x30 см) і стаў падобны сваёй формай да крыжа. Людзі гавораць, што ён і зараз расце і вылучае цяпло. Нават зімой на ім не заўважыш снегу — ён проста растае. Існуе версія, што на гэтым месцы быў пахаваны Кірыла Тураўскі, таму камень цудадзейны. Багаслоў яшчэ пры сваім жыцці сказаў, быццам яго астанкі знікнуць, а ў суровы час знойдуцца. Пакланіцца крыжу прыязджаюць з усіх куткоў Беларусі, а цяпер яшчэ і з суседніх краін. Кажуць, што крыж выратоўвае ад самых цяжкіх хвароб.

Схаваная ікона

Усясвяцкая царква была пабудавана ў 1810 годзе. Яна зроблена з дрэва. З тых часоў храм змяніў свой выгляд. Спачатку царква была падобна да шатра, які завяршаўся дэкаратыўнымі галоўкамі і крыжамі. Потым дах на будынку зрабілі двухскатным, а да самой царквы прыбудавалі званіцу. У гады атэізму і рэпрэсій адна са старажытных ікон царквы была замалявана шэрай фарбай. Хто гэта зрабіў: тыя, хто хацеў зруйнаваць, або тыя, хто хацеў уратаваць каштоўнасць, — невядома. Цікавы іншы факт: пасля таго як нападкі на праваслаўную веру скончыліся, фарба невялікімі фрагментамі пачала адпадаць. Усясвяцкая царква лічыцца помнікам народнага дойлідства. Яна занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter