Што рыхтуе Полацк да свята

Стараверы збераглi старадрукi

У Полацку 500-годдзе адсвяткуюць з тэатральнымі імпрэзамі і доўгачаканым арыгіналам  выдання асветніка


Да вялікага свята землякі славутага першадрукара рыхтуюцца з уласцівай палачанам, так бы мовіць, крэатыўнасцю. Напрыклад, навуковая бібліятэка Полацкага дзяржуніверсітэта аб’явіла  фотаконкурс на самы цікавы здымак са Скарынам. Як сёння кажуць, сэлфі. Маюцца на ўвазе помнікі і выявы асветніка. Сярод ініцыятыў  цікавай падалася і наступная: у этнаграфічным музеі дзіцячага сада — школы полацкага аграгарадка Палата ўстановяць працоўную мадэль скарынаўскага друкарскага станка. 


РЫХТУЮЦЦА да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і ўсе 11 філіялаў Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У верасні, напрыклад, “Дом Пятра I“ на адзін дзень дазволіць зірнуць на скарб —  калекцыю манет з выявамі горада, а таксама серыю Нацыянальнага банка, прысвечаную жыццёваму шляху Скарыны. Але найбольшы збор экспанатаў у рэспубліцы, якія маюць дачыненне да развіцця кніжнай справы на нашых землях, вядома, у профільным Музеі беларускага кнігадрукавання, сцвярджае яго загадчыца Алена Шумовіч:

— З гісторыяй кнігі пачынаем знаёміць у самым маленькім узросце — ёсць музейныя заняткі і для дзетак, якім усяго паўтара-два гады! Падчас гульні яны самі робяцца “друкарамі”, і з нарыхтовак разам з бацькамі робяць размалёўкі. Супрацоўнікі таксама стварылі цыклы музейных урокаў у дапамогу настаўнікам беларускай літаратуры і гісторыі. Шкалярам асабліва падабаецца пісаць на берасцяных граматах і васковых таблічках. Такая накіраванасць на моладзь нібыта наканавана гэтай установе месцам, дзе 26 гадоў таму створаны музей. 

Старадаўнія і сучасныя фаліянты, друкарскае абсталяванне і многія другія экспанаты размяшчаюцца ў памяшканні былой Брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра, помніку архітэктуры XVIII стагоддзя. Тут настаўнічаў Сімяон Полацкі. Пад выбеленымі скляпеннямі манастырскіх сцен адчуваецца асаблівая “ўніверсітэцкая” атмасфера павагі да кніжнага слова і славутых асветнікаў. Ім, дарэчы, прысвечаны пакой, з якога пачынаецца агляд. Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і іншыя славутыя постаці — ад іх мы крочым да выставы літаратурных твораў нашых сучаснікаў.

Загадчыца музея Алена ШУМОВІЧ

Падсвечаныя ў вітрынах старадрукі розных памераў, як кажа Алена Уладзіміраўна, “ін-фоліа” ці “ін-кварта”, надаюць гэтаму месцу атмасферу таямнічасці. Мінула паўтысячы гадоў, а старонкі паперы захавалі тое, што намагаўся перадаць людзям майстар. Пагартаць іх, вядома, неспецыялісту не дазволяць. Самае старэйшае выданне ў музеі — “Дванаццаць прамоў” Іераніма Фалецкага, выдадзенае ў 1558 годзе ў друкарні венецыянца Альда Мануцы.  Сярод тых, што ствараліся на тэрыторыі нашай дзяржавы, — “Евангелле вучыцельнае”, надрукаванае ў віленскай друкарні Мамонічаў у 1595 годзе.

Хто і як захоўваў друкаваныя выданні, калі на працягу стагоддзяў наша зямля не раз і не два пакутавала ад войн і знішчальных пажараў? Як прыклад, калекцыя жыхаркі Наваполацка, у якой установа ў свой час набыла сапраўдныя рарытэты — тры рэлігійныя выданні даніканаўскіх часоў. Аказалася, яе бацька быў стараверам. Пасля рэформы ў манастырах старыя Евангеллі былі непатрэбныя, а паслядоўнікі старой веры, наадварот, куплялі і бераглі гэтыя старадрукі. Дзякуючы ім яны і дайшлі да нашага часу. У некаторых былыя ўладальнікі пакідалі свае пазнакі, напрыклад: “Кнігу сію прачытаў…” або: “Аще кто хощет много знати, подобает ему мало спати».

Калі завітаеце ў Полацк, не прамініце Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага. Настаўнік Пятра I склаў для яго «Буквар» — копія перад намі на кніжнай паліцы. А на сценах — вершы ў форме зорак і крыжоў у стылі барока, родапачынальнікам якіх лічыцца наш зямляк.

Рэстаўратар Алеся ЯКІМОВІЧ у зале «Мастак і кніга».

І вось, нарэшце, зал, прысвечаны Францыску Скарыне. Рээкспазіцыя толькі пачалася, паспелі замяніць асвятленне на больш яркае і сучаснае — святлодыёдныя лямпачкі не грэюцца і не шкодзяць копіям скарынаўскіх выданняў. Так, пакуль арыгіналаў у Полацку няма.

— Апошні раз іх прывозілі з Нацыянальнай бібліятэкі ў 2015 годзе, — успамінае Алена Уладзіміраўна. — Мы заўважылі, што, калі дзеці траплялі ў залу, яны адразу рухаліся да вітрыны з арыгіналам. Нейкім чынам яны адчувалі, што найбольш каштоўнае.

На замежных аўкцыёнах арыгінал можа каштаваць да 100 тысяч еўра. Копіі — гэта таксама не для кожнага музея. Для Полацкага іх выраблялі ў Санкт-Пецярбургу па тэхналогіях XVI стагоддзя. У зале сабраны ўсе пражскія выданні і некалькі віленскіх. 

ЯКІЯ добрыя прычыны наведаць Полацк у пачатку восені? У жніўні на малой радзіме Францыска Скарыны запланаваны вялікі мастацкі пленэр, а пасля — выстава “Полацк у гравюрах сучасных мастакоў”. Яшчэ адна чаканая падзея — вернісаж мастакоў з Украіны, Расіі і Беларусі “Тры Сафіі”. 2 верасня канцэрт — выканаўцы наваполацкага ансамбля старажытнай музыкі “Кантабіле” ў Сафійскім саборы адновяць мелодыі XVI стагоддзя. 3 верасня палачане змогуць убачыць 11-ы з арыгіналаў кніг Скарыны, якія захоўваюцца ў  рэспубліцы — “Малую падарожную кніжку” са збору Белгазпрамбанка.

А ці памятаеце, выданне якога асобніка мы святкуем у гэтым годзе? Псалтыр Скарыны быў выдадзены ў 1517 годзе ў Празе. Гэтай кнізе ў музеі прысвецяць асобную выставу, дзе можна будзе прасачыць, як яна мянялася на працягу стагоддзяў. Акрамя таго, у выдавецтве “Беларусь” рыхтуюць спецыяльны альбом, дзе прадставяць калекцыі Музея беларускага кнігадрукавання. І вішанька на торце — жыццё першадрукара ў музейным дворыку разыграюць артысты народнага тэатра лялек “Капялюш”, пры гэтым спектакль будзе стылізаваны пад батлейку.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ 

Дзе наша спадчына? Каля 520 асобнікаў выданняў першадрукара захавалася ва ўсіх краінах свету. У Беларусі да апошняга часу іх было дзесяць, з’явілася адзінаццатая. Апроч пошукаў арыгіналаў, Нацыянальная бібліятэка збірае лічбавыя версіі арыгіналаў — такіх копій ужо больш 200. Іх бясплатна перадаюць у рэгіёны, каб наведвальнікі маглі «дакрануцца» да старонак старадрукаў на сучасных планшэтах і іншых лічбавых экранах. 

yasko@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter