Старасты вёсак дапамагаюць налагавікам у рэйдах

У боксах было пуста. Па двары хадзіў трохі засмучаны і сам гаспадар Аляксандр ГОЙГЕЛЬ. Яно і зразумела: няма кліентаў — няма і прыбытку.

МЫ наведаліся на вядучую станцыю тэхабслугоўвання горада Глыбокае, якая размяшчаецца ў раёне чыгуначнага вакзала

У боксах было пуста. Па двары хадзіў трохі засмучаны і сам гаспадар Аляксандр ГОЙГЕЛЬ. Яно і зразумела: няма кліентаў — няма і прыбытку.

АЛЯКСАНДР па прафесіі — механік. Працаваў да адкрыцця ўласнай справы ў аўтакалоне. Базай для свайго бізнесу стала былая жыгулёўская станцыя тэхабслугоўвання, якая ў крызіс развалілася. Новаму гаспадару давялося капітальна рамантаваць не толькі будынкі, асфальтаваць тэрыторыю, але і поўнасцю замяніць абсталяванне. Нягледзячы на сур’ёзныя цяжкасці з кадрамі, іх атрымалася пераадолець. Зараз на станцыі ёсць сертыфікаты на ўсе віды работ, пачынаючы ад шынамантажу і заканчваючы камп’ютарнай дыягностыкай. Гэта адзінае ў рэгіёне прадпрыемства, якое рамантуе транспарт грамадскіх арганізацый па безнаяўнаму разліку.

Калі такія спрыяльныя ўмовы — чаму ў боксах пуста? Аляксандр Гойгель гаворыць, што такая сітуацыя не заўсёды. Проста мы завіталі не ў самую гадзіну-пік. Журнал кліентаў запоўнены заяўкамі.

У Глыбокім, падумаць толькі, 5 прыватных унітарных прадпрыемстваў і 24 індывідуальныя прадпрымальнікі, якія афіцыйна займаюцца рамонтам аўтамабіляў. Сам Аляксандр упэўненны, што апошнюю лічбу трэба памножыць удвая. Канкурэнцыя страшэнная. Кожны жадае любым чынам прывабіць кліента да сабе.

— Індывідуалы, — тлумачыць Аляксандр, — маюць звычайна сертыфікат на нейкі адзін від работ: ці то шынамантаж, ці рамонт падвескі. Бяруцца ж некаторыя за ўсё.

— Можа, у вас цэны вышэйшыя? — цікавімся.

— Стаўка за адну гадзіну працы слесара ў нас усяго 73 тысячы рублёў. Куды ніжэй? — парыруе ён. — У гэтую нядзелю сустрэў на кірмашы знаёмага, які займаецца рамонтам машын. Пытаецца: «Колькі вы бярэце за рамонт парога аўтамабіля?»  Адказваю. «Ой, а чаму так мала?» — усклікае. «У мяне — 900 тысяч!»

Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што не ўсюды бяруць больш, чым у фірме Аляксандра. Здараюцца ў індывідуалаў і меншыя расцэнкі, асабліва, калі займаешся справай нелегальна. Аляксандр зазначае, што далёка не аднолькавыя ўмовы бізнесу. Акрамя высокіх падаткаў, ён плаціць у пятнаццаць разоў больш за ваду, у тры разы больш за электраэнергію. Плаціць трэба немалыя грошы і для праверкі на стандарт абсталявання. За той жа шынамантажны станок — адзін мільён 600 тысяч рублёў...

У ТОЙ жа дзень мы пабывалі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Глыбоцкаму раёну з мэтай высветліць, як вядзецца барацьба з нелегаламі на «гаражным» фронце.

— Гэтаму пытанню ў нас удзяляецца асаблівая ўвага, — сказала начальнік аддзела кантролю за фізічнымі асобамі Леаніда Рабіза. — Праводзім рэйды. Вось і цяпер, на час нашай размовы, выехала машына ў вёску. Мы трымаем сувязі са старастамі населеных пунктаў. Ды і самі аўталюбіцелі даюць інфармацыю. Асабліва, калі іх дрэнна абслужылі. Праўда, інфармацыя не заўсёды пацвярджаецца.

— Як абыходзіцеся з парушальнікамі?

— Ставім пытанне, каб зарэгістравалі свой бізнес або спынілі яго. Часцей за ўсё людзі выбіраюць першы варыянт.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter