Стараста рана ўстае. І яму Бог дае

Большасць насельніцтва вёскі Сідараўка, што ў Клімавіцкім раёне, мае прозвішчы Асмалоўскія, Ціханоўскія, Букінічы, Судзілоўскія. Тут жыве шмат працавітых людзей. Адзін з іх — стараста вёскі Мікалай БУКІНІЧ.

Гэта сумленны, добразычлівы чалавек. Ён усім сэрцам любіць родную старонку, тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, і імкнецца своечасова прыйсці ім на дапамогу.

Мікалай Міхайлавіч працаваў манцёрам у сувязі і радыёфікацыі. Затым 26 гадоў быў у сельсавеце рахункаводам і касірам.

Амаль паўстагоддзя ён крочыць разам па жыцці з надзейным чалавекам — жонкай Нінай Міхайлаўнай. У іх дзве дачкі, чацвёра ўнукаў.

Мікалай Міхайлавіч добры цясляр. Ён пабудаваў дом, лазню і шмат іншых будынкаў для гаспадарчых патрэб. Робіць тапарышчы, граблі, розныя сельскагаспадарчыя прылады. Пляце кошыкі. Аднавяскоўцы ведаюць Мікалая Букініча і як добрага шапавала. Яго сям’я і зараз носіць валёнкі, зробленыя рукамі гаспадара.

Доўгі час Мікалай Міхайлавіч трымае на сваім падворку каня, карову, парсючкоў. Займаецца пчалярствам. Ахвотна збірае ягады, грыбы.

— Люблю вёску, навакольную прыроду. Прывык працаваць на зямлі. Іншага жыцця я нават і не ўяўляю. Раніца для мяне заўжды пачынаецца ў пяць гадзін. Трэба ж печ выпаліць. Гаспадарку дагледзець. У вёсцы спаць доўга не атрымліваецца. Спраў заўжды хапае. Нездарма ж ёсць мудрасць: хто рана ўстае, таму Бог дае, — кажа стараста.

Таццяна ПАДЛІПСКАЯ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter