Стан душы — творчасць

Мікола Жыгоцкі прымае зараз віншаванні з 80-годдзем

Журналіст, навуковец, літаратуразнаўца, пісьменнік, захавальнік музейных фондаў, даследчык... Усё гэта пра Міколу Жыгоцкага, які на пачатку лістапада прымае віншаванні з 80-годдзем.

Нарадзіўся Мікола Рыгоравіч 4 лістапада 1931 года ў вёсцы Мерча на Шклоўшчыне. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць два класы пачатковай школы. Жыў на хутары Лужкі каля вялікага лесу, дзе было многа партызан. Па іх просьбе хадзіў у разведку, збіраў зброю...

Пасля перамогі прадоўжыў вучобу ў сямігодцы, паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум. У час вайсковай службы супрацоўнічаў у рэдакцыях газет «Гвардзеец» і «Сын Родины». Менавіта там Мікола ўсвядоміў, што яго справа — быць журналістам, а не інжынерам. Потым былi аддзяленне журналістыкі філфака Белдзяржуніверсітэта, праца ў рэдакцыях газет «Сталинская молодежь», «Чырвоная змена», «Звязда»...

З лёгкай рукі Міхася Калачынскага, тагачаснага сакратара Саюза пісьменнікаў БССР, Мікола Жыгоцкі трапляе ў Літаратурны музей Якуба Коласа на пасаду галоўнага захавальніка фондаў музея, загадчыка навукова-асветніцкага і экспазіцыйнага аддзелаў.

Працуючы ў музеі, ён актыўна займаўся экспазіцыйнай дзейнасцю, быў сааўтарам першых навуковых канцэпцый літаратурных экспазіцый філіяла «Мікалаеўшчына» ва ўрочышчы Смольня і асноўнай экспазіцыі музея «Якуб Колас. Жыццё і творчасць. 1988—1956 гг.».

Член Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Жыгоцкі — аўтар некалькіх манаграфічных і папулярных выданняў пра Якуба Коласа, якія сталі асновай навуковага коласазнаўства.

Пісьменнік і цяпер актыўна і плённа працуе.

Вiншуем!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter