Средний чек - от 2,5 рублей: мы узнали, как студенческие столовые готовятся к новому учебному году

Сталовыя адкрываюцца на абед

Ужо ў панядзелак студэнты ВНУ зноў вернуцца ў аўдыторыі і пачнуць грызці граніт навукі. Няма сумнення, што пагрызці нешта больш ядомае ім таксама захочацца. У гэтым выпадку — калі ласка, у сталовую. Разнастайныя салаты і гарніры, мясныя і рыбныя катлеты, пышныя булачкі і кампот — у меню знойдуцца стравы на любы густ. Напярэдадні адкрыцця сталовых карэспандэнт «Р» паглядзела, чым плануюць карміць студэнтаў і колькі прыйдзецца заплаціць за паўнавартасны абед.

У студэнцкім меню знойдуцца стравы на любы густ.

«Сталовая не працуе да другога верасня» — такія аб’явы вісяць на дзвярах практычна кожнага студэнцкага корпуса. Узіраючыся ў вокны, заўважаю: работнікі расстаўляюць крэслы, мыюць вокны, праціраюць стальніцы — да першага навучальнага дня ўсё павінна зіхацець. Такога меркавання прытрымліваецца і Таццяна Сахарава, загадчыца сталовай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Паказваючы прыкладнае меню, яна адзначае:

— Да сустрэчы са студэнтамі мы цалкам гатовы: сталовая і бар аснашчаны інвентаром і посудам, нядаўна купілі новую мікрахвалёўку, халадзільнік, адрамантавалі пліты і вентыляцыю. А каб студэнтам і выкладчыкам было зручней, паставілі тэрмінал для бескантактавых плацяжоў. У гэтым годзе пастараемся здзівіць гасцей новымі стравамі: будуць і рыбка, і мяса, і смачныя супы. Але восень — гэта пара агародніны і садавіны, на іх і зробім упор.

Сталовая гэтай ВНУ працуе з 11 раніцы і можа прыняць 90 наведвальнікаў адразу. Чым жа яны змогуць перакусіць? Напрыклад, салатай з марской капусты за 53 капейкі, малочным супам за 49 капеек, рыбнымі катлетамі за 2,33 рубля і бульбай за 92 капейкі. У выніку набягае 4,37 рубля.

Сталовая Акадэміі кіравання цалкам гатова да сустрэчы са студэнтамі.
Фота прэс-цэнтра Акадэміі кіравання

— У нас стравы на любога пакупніка, так што сярэдні чэк вар’іруецца ад 3 да 10 рублёў, — падлічвае загадчыца. — Усё вельмі індывідуальна: нехта абедае салатай і супам, а хтосьці бярэ мяса, гарнір і кампот. Але цэны ў нас не павышаюцца, так што паесці змогуць усе.

Шмат студэнтаў гатовы прыняць і ў сталовых БНТУ: мне ўдалося патрапіць у адну з іх, у галоўным корпусе ўніверсітэта. Пакуль збянтэжаныя юнакі і дзяўчаты бегаюць па калідорах і запаўняюць дакументы на засяленне ў інтэрнат, іх бацькі не супраць перакусіць. Станаўлюся ў чаргу і знаёмлюся з меню: можна ўзяць салату з памідораў з салодкім перцам за 44 капейкі, філе курыцы за 1,58 рубля і сумесь з адварной гародніны за 78 капеек. Сума атрымліваецца пад’ёмная — 2,8 рубля. Ці падабаецца студэнтам і іх бацькам асартымент сталовай? Алег Нікалаеў прыехаў з Магілёва і адным з першых паспеў засяліцца ў інтэрнат. Прагуляўшыся разам з мамай Наталляй па маляўнічых дворыках ВНУ, прагаладаўся і зайшоў у сталовую.



— Як толькі ўбачыў у меню вясковую паляндвіцу за 86 капеек, адразу ўзяў дзве порцыі, — паказвае паднос студэнт. — З супоў знайшоў толькі капусту за 49 капеек, але хацелася б паспрабаваць боршч — спадзяюся, падчас вучобы яго будуць гатаваць. Купіў яшчэ порцыю ялавічнай печані за 1,39 рубля, а ў якасці гарніру — прасяную кашу за 41 капейку. А яшчэ кампот з яблыкаў за 21 капейку і піцу «Школьнік» за 1,31 рубля — яна, дарэчы, па смаку такая ж, як у школе.



На такі вялікі абед хлопец патраціў усяго 5,53 рубля. Але, як прызнаецца Аляксандр Пузік, начальнік цэнтра харчавання БНТУ, сярэдні чэк у сталовай больш як у два разы меншы:

— За суп, гарачае і кампот з булачкай студэнты звычайна плацяць 2—2,5 рубля. Усяго ў БНТУ працуюць 33 гандлёвыя кропкі: 5 сталовых, кафэ, магазін, 15 буфетаў з гарачым харчаваннем і некалькі кіёскаў. Падчас навучальнага года кожны дзень мы выбіваем каля 8000 чэкаў, а выручка даходзіць да 20 000 рублёў. Я думаю, гэта добры паказчык, улічваючы, што мы не рэстаран і абмежаваныя 50-працэнтнай нацэнкай. Зараз працуем з пастаўшчыкамі, просім знізіць цану на мяса, крупы і іншыя прадукты — гэта дапаможа прадаваць стравы па яшчэ больш нізкім кошце. Але галоўнае, што мы на 85 працэнтаў выкарыстоўваем прадукты беларускіх вытворцаў. З імпарту закупляем толькі тое, што не вырабляюць у нас, напрыклад чай, каву. Мне вось нядаўна адна расійская кампанія прапаноўвала ў іх браць ваду, але я адмовіўся, у нас дастаткова мясцовых пастаўшчыкоў. Напрыклад, муку прывозяць з Барысава, цукар — са Слуцка, мяса — з Дзяржынска ці Мінска. Прадукцыя дзяржаўных прадпрыемстваў больш якасная.



Людміла Высоцкая, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі, падагульніла:

— Усе студэнцкія сталовыя ў краіне будуць працаваць з 2 верасня, а некаторыя адкрыюцца нават раней. Камбінаты і цэнтры харчавання цалкам гатовыя да новага сезона: заключылі дамовы з пастаўшчыкамі, зрабілі неабходны рамонт, абнавілі абсталяванне. Што датычыцца меню, асаблівых нормаў па наяўнасці вітамінаў і калорый няма, хоць многія сталовыя і прытрымліваюцца здаровага харчавання. Усё ж такі студэнты — гэта дарослыя людзі і могуць самі выбіраць, што ім есці. Дарэчы, адзначу, што падрыхтоўка школьных сталовых таксама завершана — у гэтым годзе шмат з абсталявання, якое закупілі да II Еўрапейскіх гульняў, перадалі ў школы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter