Беседки, детские качели, лежаки: чем удивят отдыхающих этим летом минские пляжи

Сталіца пусціцца ў пляж

Ноччу слупок тэрмометра яшчэ апускаецца ніжэй за нуль, але днём усё цяплей прыгравае сонейка, напамінаючы аб спякоце, вадзе і пляжах. Для супрацоўнікаў УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка», якія клапоцяцца аб парадку і камфорце на 20 пляжах чатырох вада­сховішчаў, зараз самая гарачая пара — усе работы па добраўпарадкаванні неабходна завяршыць да 17 мая. Карэспандэнт «Р» даведалася, якія навінкі і прыемнасці чакаюць тых, хто выберацца адпачываць на вадаёмы. 

Мамы з немаўляткамі ў калясках дыхаюць свежым паветрам.

Памыляецца той, хто лічыць, што ў пачатку красавіка на пляжах гуляе толькі вецер. На самай справе жыццё тут літаральна кіпіць. Мамы з немаўляткамі ў калясках, закаханыя парачкі, пенсіянеры з палкамі для скандынаўскай хадзьбы — хто толькі не дыхае тут свежым паветрам. Ну і, зразумела, завіхаюцца рабочыя. 

— Наша арганізацыя абслу­гоўвае 20 пляжаў агульнай плошчай 93,6 гектара на чатырох вадасховішчах: Цнянскім, Заслаўскім, Крыніца і Дразды, — акрэслівае фронт работ Аляксандр Прамінскі, намеснік дырэктара УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка». — На іх ужо ўстаноўлена звыш 1700 малых архітэктурных форм. Гэта лаўкі, сметніцы, кабінкі для пераапранання, мангалы, альтанкі, дзіцячыя арэлі, лежакі — усё тое, што павінна зрабіць адпачынак зручным і камфортным. Перад пачаткам сезона заўсёды фарміруецца план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні зон адпачынку, дзе пералічаны работы і пляжнае абсталяванне, якое неабходна дакупіць. 

Сярод прадметаў, якія карыстаюцца вялікім попытам, — стацыянарныя, забетанаваныя лежакі. Іх пачалі ўсталёўваць яшчэ ў мінулым годзе і ўмацавалі каля 140 адзінак. Сёлета дабавяць яшчэ 70. 

З’явяцца ў зонах адпачынку металічныя альтанкі, трывалыя і танныя ў абслугоўванні. А вось на Цнянскім вадасховішчы «прыжыліся» драўляныя. Сёлета так званы «Шашлычны двор» — шэраг альтанак, якія бясплатна можна заняць для пікніка, — папоўніцца яшчэ дзвюма, створанымі ўласнымі сіламі работнікаў гаспадаркі. Над адной з іх якраз кіпіць праца. 

— Нашы альтанкі народ вельмі любіць! Тут і дзіцячыя дні нараджэння адзначаюць, і вяселлі гуляюць! — з гонарам сцвярджае Леанід Кандыдатаў, старшы майстар службы па ўтрыманні гарадскіх лясоў, пляжаў і МКАД. — Месцы ў іх з вечара папярэдняга дня займаюць! 

Недалёка вішчыць балгарка — гэта рабочыя заканчваюць пляцоўкі пад еўракантэйнеры для раздзельнага збору смецця. 

— Зробім ценявыя навесы, усталюем дадатковыя мангалы, — пералічвае Аляксандр Прамінскі. — На пляжы падвязём яшчэ 2400 кубоў пяску першага класа — гэта значыць, дробнага і мытага, чыстага. Так што пясчаныя зоны штогод пашыраюцца. 

Сярод прадметаў, якія карыстаюцца вялікім попытам, — стацыянарныя лежакі.

На радасць юным адпачы­вальнікам, працягнецца камплектацыя гульнявых комплексаў. Новымі элементамі дапоўняць дзевяць дзіцячых пляцовак. Малыя змогуць там і палазіць, і пагушкацца, і паскакаць.

З сярэдзіны мая да сярэдзіны верасня на пляжах будуць працаваць 59 біятуалетаў. А калі ўсталюецца надзвычай цёплае надвор’е, то іх прывязуць і да 1 мая. 

Пілотны праект, які апрабуюць сёлета, — усталяванне антывандальных тэнісных сталоў. Зараз яны якраз вырабляюцца, а тыдні праз тры з’явяцца на другім і чацвёртым пляжах Цнянкі. Чаму менавіта тут? Аляксандр Ігаравіч тлумачыць:

— Па-першае, для сталоў са сталёвымі сталешніцамі і сеткамі патрэбны дастаткова роўныя пляцоўкі. Па-другое, тут летам працуе пункт пракату спартыўнага інвентару. Абавяжам арандатараў увесці ў асартымент ракеткі, мячыкі.

Яшчэ адзін праект, над якім задумаліся ў Мінскай лесапаркавай гаспадарцы, — абсталяванне інклюзіўнага пляжа, дзе будзе зручна адпачываць людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Мабыць, яго рэалізуюць у наступным годзе, хоць некаторыя элементы, не выключана, з’явяцца і ў гэтым сезоне. 

— Трэба адаптаваць тэрыторыю, зрабіць спуск да вады, спецыяльную рамку, — услых разважае Аляксандр. — Неабходны прыстасаваныя біятуалеты. Насціл і рамка абавязкова павінны быць сертыфікаваны. Ды і нагляд за гэтым усім патрэбны…

Дарэчы, на вандалаў сёлета асабліва не скардзяцца. Зразумела, знаходзяцца дробныя паломкі, але глабальнай праблема не стала.

Наша знаходжанне на пляжы незаўважаным не застаецца: удакладніўшы, ці не добраўпарадкаванне мы абмяр­коўваем, пажылая жанчына пераходзіць да сутнасці — скардзіцца на вельмі гучны шум генератара, дзякуючы якому працуе электрычнае абсталяванне сезоннай гандлёвай палаткі. Маўляў, проста не могуць вушы людскія вытрымаць такую колькасць дэцыбелаў. Аляксандр Ігаравіч абяцае, што папросіць гандляроў аднесці генератар бліжэй да лесу. 

Рыбалка, пікнікі, прагулкі на свежым паветры — узбярэжжы гарадскіх вадаёмаў не пустуюць круглы год. Але ўжо хутка колькасць наведвальнікаў павялічыцца ў дзясят­кі разоў, і пляжы рыхтуюцца вытрымаць экзаменаванне летам з годнасцю. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter