Как мы вместе с сотрудниками ОСВОДа спасали купальщиков на Цнянском водохранилище

Сталiца пусцiлася ў пляж

Жыццё на Зямлі зарадзілася менавіта ў вадзе — добра гэта разумееш, калі пачынаецца летняя гарачыня. Усе імкнуцца да любых вадаёмаў, а на гарадскіх добраўпарадкаваных пляжах бывае няма дзе яблыку ўпасці. Між тым, акрамя прыемнай прахалоды, вада нясе і небяспеку — асабліва калі грэбаваць правіламі паводзін. На жаль, інстынкт самазахавання ў нейкі час перастает дзейнічаць з-за ўжывання спіртных напояў, бравады, няправільнай ацэнкі ўласных магчымасцей. Насуперак вядомаму сцвярджэнню, што выратаванне тапельцаў з’яўляецца справай рук тапельцаў, у асабліва папулярных месцах адпачынку гэту функцыю ўзялі на сябе супрацоўнікі Асвода. Карэспандэнт «Р» мела магчымасць назіраць за імі ў дзеянні.

Тры пляжы добра відаць з выратавальнай станцыі, асабліва ў бінокль

Рабочы дзень, але адпачывальнікаў шмат на ўсіх пяці пляжах Цнянскага вадасховішча. Хапае і дзяцей, за якімі, як вядома, неабходны пастаянны пільны нагляд. Адно малое ўзбіраецца на надзіманы матрас і кіруецца проста ў «адкрытае мора», другое спрабуе дабрацца да буя… На пляжы нельга піць спіртное, за парадкам тут сочаць супрацоўнікі міліцыі, тым не менш зрэдку да вады дабіраюцца таварышы ў нецвярозым стане. У дадатак на вадасховішчы ёсць месцы, дзе купанне забаронена: там адсутнічаюць добраўпарадкаваныя пляжы, а балоцістыя берагі зараслі чаротам. Але знаходзяцца жадаючыя акунуцца і там. Так што працы выратавальнікам хапае.

— Падчас сезона, з мая па кастрычнік, у адну змену на выратавальнай станцыі працуюць старшы матарыст, матарыст, тры вадалазы, медработнік і 5—6 матросаў-выратавальнікаў, — падлічвае Георгій Жэброўскі, начальнік станцыі «Цнянская». — Тры пляжы нам добра відаць адсюль, адзін з работнікаў пастаянна аглядае берагі ў бінокль. Паміж трэцім і чацвёртым пляжамі знаходзіцца выратавальны пост. Там ёсць дзве лодкі, якія могуць прыйсці на дапамогу. Калі сітуацыя крытычная, паступае паведамленне на станцыю, туды імгненна адправіцца яшчэ і катар з выратавальнікамі. Па выхадных, калі назіраецца найбольшая колькасць адпачывальнікаў, абавязкова выводзім лодку, з якой назіраем і за трыма бачнымі пляжамі. Ведаеце, калі ў вадзе мітусіцца шмат народу, нялёгка заўважыць таго, каму сапраўды патрэбна дапамога. Тут ужо часта спрацоўвае інтуіцыя.

У спёку гараджане кіруюцца да вады.

Найбольш распаўсюджаная сітуацыя, калі неабходна ўмяшанне прафесіяналаў, — спроба пераплыць вадасховішча. Супрацьлеглы бераг здаецца блізкім, а прадэманстраваць якасці плыўца так хочацца, асабліва хлопцам перад дзяўчатамі. Але гэта вельмі небяспечна, адлегласць тут немалая, а глыбіня вадасховішча дастаткова сур’ёзная. 

— Просім людзей, якія хочуць праплыць вялікую дыстанцыю, пераадольваць яе ўздоўж берага, не заплываючы за буйкі, — працягвае Георгій Авеніравіч. — Слухаюцца, канешне, не ўсе…

Як толькі выратавальнікі заўважаюць чалавека за буйком, да яго адразу ж накіроўваецца катар. Далей матросы дзейнічаюць у залежнасці ад сітуацыі. Калі адпачывальнік згаджаецца павярнуць назад, яго суправаджаюць да бяспечнага месца. Знясіленага ўзнімаюць на борт. Да таго, хто спрабуе спрачацца і адстойваць сваё права на выбар паміж смерцю і жыццём, выклікаюць міліцыю. Выратавальнікі кажуць, кожная гібель чалавека на вадасховішчы для іх вялікая страта і стрэс.

Катар імгненна дамчыць выратавальнікаў да месца, дзе патрэбна дапамога.

Працуе станцыя кругласутачна, хоць ноччу, у цемры, дзейнічаць значна цяжэй. Па сутнасці, на катарах, не аснашчаных фарамі, выходзіць на ваду нельга. Але хіба ж можна застацца ўбаку, калі недзе чалавек кліча на дапамогу? Плывуць асцярожна, асвятляючы шлях ліхтарамі…

У чарговы абход пляжаў адпраўляемся разам. Матарыст вядзе катар недалёка ад буйкоў, матрос уважліва аглядае берагі праз бінокль. Здаецца, усё спакойна. Толькі ў адным месцы адпачывае, учапіўшыся за буй, малады чалавек. 

— Гэта не забаронена, — каментуе матарыст Валерый. — Значна горш, калі нецвярозыя адпачывальнікі спрабуюць выцягнуць буй на бераг. Але ў апошні час такіх выпадкаў не было — на пляжах працуе міліцыя.

Водныя забавы бываюць досыць экстрэмальнымі

Між тым надзвычайная сітуацыя разгортваецца непадалёк ад выратавальнай станцыі. Двое мужчын на катамаране здолелі пранесці «кантрабанду» — бутэльку піва. Спачатку яны не то жартам, не то ўсур’ёз тузаюцца проста на сваім судне. Вельмі лагічна сутычка заканчваецца тым, што абодва апынуліся ў вадзе. Адзін трымаецца на плаву, другі бездапаможна б’е рукамі па вадзе. Тут жа, равучы маторам, да іх падлятае катар выратавальнікаў. Першаму кідаюць круг, а вось другога небараку даводзіцца пад рукі ўсцягваць на борт. 

На прычале выратаваных ужо чакае медработнік Ірына. У імгненне вока дзяўчына раскрывае свой чамаданчык. Пацярпелага кладуць на дошкі, пад патыліцу падсоўваюць камізэльку і пачынаюць выконваць штучнае дыханне. Гэта павінна дапамагчы чалавеку пратрымацца да прыезду «хуткай». На шчасце, у гэтым выпадку ўмяшанне рэаніматараў не спатрэбілася.

— Будзем на выхадныя выводзіць на працу яшчэ аднаго вадалаза, — гледзячы на людныя пляжы, плануе Георгій Жэброўскі. — Летам усе мараць аб спякоце, а мы — аб дажджы…

За дзецьмі на вадзе трэба сачыць вельмі пільна.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter