Сертыфiкат № 1 аб прызнаннi Полацка культурнай сталiцай краiны 2010 года мiнiстр культуры Беларусi Павел Латушка ўручыў старшынi гарвыканкама Уладзiмiру Тачылу. Таксама быў падпiсаны план правядзення мерапрыемстваў па працягу гэтай рэспублiканскай акцыi.
Як падкрэслiў Павел Латушка, акцыя “Культурная сталiца года” праводзiцца ў краiне ўпершыню. Вобласцi прапанавалi мiнiстэрству свае кандыдатуры гарадоў i раёнаў для вызначэння першай культурнай сталiцы, з якiх i быў выбраны Полацк.
— Сiмвалiчна, што Полацк часта ў нашай гiсторыi быў першым, — адзначыў мiнiстр. – Можна сказаць, што ён з’яўляўся першай сталiцай беларускiх зямель. У горадзе пабудаваны Сафiйскi сабор. Тут жыла вялiкая асветнiца Еўфрасiння Полацкая, па просьбе якой быў выраблены знакамiты крыж – наша святыня. Полацкiя харугвы ўнеслi значны ўклад у перамогу ў бiтве пад Грунвальдам. На гэтай зямлi iшлi жорсткiя баi ў час вайны 1812 года i Вялiкай Айчыннай.
Кожны жыхар павiнен мець доступ да лепшых здабыткаў культуры. Акцыя “Культурная сталiца краiны” гэтаму спрыяе. Так, ужо ў першыя днi акцыi ў Полацку выступiў харэагра-фiчны ансамбль “Харошкi”, у канцэртным зале Сафiйскага сабора прайшоў канцэрт салiстаў ансамбля “Класiк-авангард”, адкрылася выстава лiтаграфiй “Напалеон Орда i наша мiнуўшчына”. У плане мерапрыемстваў пазначаны выступленнi Прэзiдэнцкага аркестра, Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга, салiстаў Нацыянальнага ака-дэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета. Таксама запланаваны шэраг выстаў, у тым лiку i земляка палачан Iвана Хруцкага, 200-годдзе з дня нараджэння якога хутка будзе адзначаць беларуская грамадскасць.
Несумненна, далёка за межы горада i Беларусi выйдзе святкаванне 100-годдзя перанясення ў Полацк мошчаў святой прападобнай Еўфрасiннi Полацкай.
Старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзiмiр Тачыла лiчыць, што горад па праву з’яўляецца культурным i духоўным цэнтрам. Тут шмат зроблена па аднаўленнi помнiкаў духоўнасцi i культуры. Так, хутка павiнен адкрыцца помнiк героям вайны 1812 года, якi быў адноўлены з дапамогай сродкаў Саюзнай дзяржавы. Адкрыецца i помнiк зодчаму Iаану.
Уладзiмiр Сцяпанавiч мяркуе, што падчас акцыi заявяць аб сабе i гарадскiя культурныя калектывы. Некаторыя мерапрыемствы, што праводзяцца ў Полацку, могуць набыць i рэспублiканскi статус. У прыватнасцi, лiтаратурны конкурс, якi сёлета прысвячаецца 65-годдзю перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне, творчы конкурс “Дзiцячы анёлак” i iншыя.
Напрыканцы года ў Мiнiстэрстве культуры прааналiзуюць вынiкi акцыi i распрацуюць больш дасканалае палажэнне аб культурнай сталiцы краiны. Мяркуецца, кожны год яна будзе мяняцца, кожны горад цi раён змогуць ёю стаць. Але да гэтага трэба iмкнуцца i даказаць свае права на высокi статус справамi.
Павел Латушка нагадаў, што ў Еўропе таксама вызначаецца культурная сталiца. “I чаму якi-небудзь беларускi горад праз некалькi год не зможа ёю стаць? – задаў пытанне мiнiстр. – Калi будзем iмкнуцца — зможам”. — “А чаму б i не стаць?” – адказалi ў зале.