Зима близко: в Минске начали работать первые мобильные катки

Сталі на першы лёд

Анамальна цёплая восень сёлета зусім не спрыяе ранняй заліўцы лёду, але сезон усё-такі адкрыты. Кампрэсары на поўную магутнасць уключылі на пляцоўцы каля мінскага Палаца спорту. Мабільны каток запрацаваў зусім нядаўна, але ўжо збірае аншлагі. Плануецца, што ў гэтым сезоне там пабываюць каля 60—70 тысяч чалавек.

Мабільны каток пачаў працаваць зусім нядаўна, але ўжо збірае аншлагі.

Мабільнаму катку на Нямізе ў гэтым годзе 10 гадоў. Хоць раз там пабывалі, напэўна, усе жыхары Мінска. Аднак лядовая пляцоўка вельмі папулярная і ў гасцей горада. Работнікі катка прызнаюцца: сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі — мама, тата, дзеці. У дзень, калі туды завітала «Р», на каньках па мабільным катку рассякалі дзясяткі школьнікаў.

— Дзеці самі папрасілі прывезці іх сюды, — кажа Наталля Мечыславаўна, класны кіраўнік са сталічнай школы № 185. — Тут і хлапчукі, і дзяўчынкі. Усім вельмі падабаецца. А мы рады, што яны актыўна праводзяць вольны час.

Канькі напракат можна ўзяць за 3 рублі — у пункце пракату даступныя 700 пар адмысловага абутку з лязом.

І сапраўды, цяперашніх падлеткаў ад камп’ютара адцягнуць складана, таму бацькі і настаўнікі гатовыя ўхапіцца за любую магчымасць, каб выправадзіць дзяцей на свежае паветра. Каток пачынае працаваць у 11.00, і нават у гэты час народу на лёдзе процьма!

На вуліцы плюсавая тэмпература, але каля лёду халаднавата. Пераступаю з нагі на нагу і назіраю за іншымі: людзі на каньках разагрэліся, на шчоках — румянец. Ратуюся гарачай кавай і знаёмлюся з мамай, якая назірае за сынам.

На каток прыязджаюць цэлымі сем’ямі — мамы, таты, дзеці.

— Антону амаль 8 гадоў, і ён цвёрда вырашыў, што хоча стаць хакеістам, — дзеліцца марамі сына маладая мама Крысціна. — Сын катаецца на лёдзе ўжо тры гады, добра ў яго атрымліваецца. Як толькі адкрыўся сезонны каток, мы адразу паехалі сюды. Канькі ў нас свае, але і арэнда экіпіроўкі каштуе нядорага — кажуць, цэны засталіся на ўзроўні мінулага года.

Азіраюся: ля касы сабралася чарга, але людзям доўга чакаць не даводзіцца — бяруць білет не марудзячы, цана ўсіх задавальняе. Дарэчы, канькі напракат можна ўзяць за 3 рублі — даступныя 700 пар. За гадзіну катання ў будныя дні трэба заплаціць 4 рублі дарослым, 2 рублі — дзецям. Па выхадных білет на каток для дарослых каштуе 5 рублёў, для дзяцей — 3 рублі. Пляцоўка працуе да ночы — закрываецца ў 23.00. На працягу дня для наведвальнікаў арганізавана 12 сеансаў.

На лёдзе нехалодна. Калі наразаеш кругі, саграешся ўмомант.

З кожнай хвілінай мне ўсё халадней, а людзей, якія хочуць актыўна правесці час, — усё больш. Прычым катаецца не толькі моладзь, ёсць і больш сталыя прыхільнікі актыўнага адпачынку. На хвіліну адцягваю ўвагу Мікіты Славаміравіча, яму 70 гадоў:

— На лёдзе нехалодна. Калі наразаю кругі, саграюся ўмомант. На мабільныя каткі прыходжу кожны сезон. Гэта лепш, чым на канапе ляжаць.

На працягу дня для наведвальнікаў арганізавана 12 сеансаў.

Пенсіянер бярэ перапынак: «зараджаецца» бутэрбродамі і гарачай гарбатай. Дарэчы, для наведвальнікаў побач з катком працуе фургончык з хуткім харчаваннем.

Мабільны каток на Нямізе — першы пункт з лёдам, які адкрыўся ў гэтым сезоне. Гараджане чакаюць снегу і марозу, каб прыехаць у мікрараён Чыжоўка. На скрыжаванні вуліц Галадзеда і Ташкенцкай кожную зіму працуе самы вялікі ў краіне адкрыты каток, яго пляцоўка — 50 на 80 метраў.

Каток пачынае працаваць у 11.00, і нават у гэты час народу на лёдзе процьма!

ДАРЭЧЫ

Яшчэ пачатак лістапада, але ў паветры ўжо лунае перадкалядны настрой. Так, ужо ўпрыгожваюць вітрыны кафэ і рэстаранаў, адкрываюцца навагоднія кірмашы, праводзяць майстар-класы па вырабе калядных вянкоў, а фатографы заклікаюць на тэматычныя фотасесіі. Словам, зіма блізка!


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter