Сталасць — у радасць!

Радыёстанцыя “Беларусь” адзначае свой 45-гадовы юбілей Пазыўныя радыё “Савецкая Беларусь” (тады яна мела такую назву) упершыню прагучалі ў міжнародным эфіры на кароткіх хвалях 11 мая 1962 года. У той час вяшчанне вялося толькі па-беларуску. Сёння радыёстанцыя “Беларусь” расказвае ўсяму свету пра нашу сінявокую краіну ўжо на пяці мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і польскай.

У апошнія некалькі гадоў радыёстанцыя “Беларусь” зрабіла значны рывок наперад у сваім развіцці. З пачатку гэтага года павялічыўся аб’ём вяшчання. Калі раней ён складаў чатыры гадзіны на чатырох мовах, то сёння 19 гадзін, сярод якіх 10 вядзецца на англійскай мове. Як адзначыў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч, значных поспехаў удалося дасягнуць дзякуючы інтэр-актыўнай сувязі са слухачамі. “Сёння мы маем партрэт нашага слухача і ведаем, што іх цікавіць, — адзначыў ён. — Таму рэйтынг нашых перадач расце. Па выніках V Беларускага конкурсу інтэрнет-рэсурсаў “Інтэрнет-прэмія”, што праходзіў у рамках форума “ТИБО-2007”, сайт нашай радыёстанцыі заняў другое месца ў намінацыі “Іншамоўны рэсурс аб Беларусі”. Перш за ўсё мы стараемся расказваць пра ўсе аспекты жыцця Беларусі. Галоўны прынцып нашай сеткі вяшчання — гэта тое, што ўсе праграмы ідуць у пэўна вызначаны час”.
Свой плён мае таксама і супрацоўніцтва з адной з мацнейшых радыёкампаній у свеце “Голас Расіі”, якая працуе на 32 мовах. Тры разы на тыдзень слухачы гэтай радыёстанцыі знаёмяцца з інфармацыяй, падрыхтаванай журналістамі “Беларусі”.
Нядаўна ў рэдакцыю радыёстанцыі “Беларусь” прыйшоў ліст з пасольства Рэспублікі Беларусь у ЗША, у якім пішацца, што пасольства падтрымлівае сяброўскія кантакты са славянскім цэнтрам дапамогі ў горадзе Сакрамента (штат Каліфорнія), у якім жывуць не толькі выхадцы з Беларусі, але і рускія, украінцы. Прапанову аб трансляцыі перадач аб гісторыі, культуры, а таксама аб жыцці сучаснай Беларусі ўдалося ажыццявіць 8 мая, калі адбыўся першы эфір з Сакрамента. А 26 мая паміж Беларуссю і ЗША будзе арганізаваны радыёмост, прысвечаны 45-годдзю радыёстанцыі “Беларусь”.
— Калі мы прыехалі ў Беларусь, то ўбачылі, што паміж Швецыяй і сінявокай краінай шмат агульнага, — гаворыць пастаянны слухач радыёстанцыі “Беларусь” Дэнт Эрыксан. — Ваша прырода вельмі падобна на прыроду паўднёвай часткі Швецыі. Мінск — вялікі і прыгожы горад, з шырокімі вуліцамі і свежым паветрам. На Дзень Перамогі былі прыемна ўражаны шэсцем ветэранаў і шчаслівымі ўсмешкамі ўсіх людзей, што выйшлі на вуліцы.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter