Путешествия с Владимиром Субботом. Столинская деревня Стахово известна своим гидроузлом, знаменитыми земляками и храмом Покрова Пресвятой Богородицы

Стахава: сталіца заліўных лугоў, белых цеплаходаў і буслоў

Палескае Стахава вокнамі дамоў глядзіцца на шырокую пойму Прыпяці, што пачынаецца за штучным насыпам. Балоты з усіх бакоў акружалі паселішча і надзейна ахоўвалі палешукоў ад іншаземных захопнікаў.

У летапісных крыніцах Стахава вядома з 1503 года як уласнасць шляхецкага роду Вярэнічаў-Стахаўскіх. Заснавалі яго пінскія баяры Дзмітрый і Сямён Вярэнічы. На працягу вякоў род меў свой герб Агеньчык. На падставе прывілея князёў з роду Алелькавічаў шляхецкі род валодаў землямі ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 



Пасля II падзелу Рэчы Паспалітай засценак Стахава адышоў да Пінска-Зарэчнага, а пазней Запінскага павета Расійскай імперыі. Аддаленую палескую вёску ўпрыгожыла драўляная царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якая і сёння дзейнічае. 

Прадстаўнікі роду Вярэнічаў-Стахаўскіх, спасылаючыся на архіўныя літоўскія метрыкі, імкнуліся зацвердзіцца ў расійскім дваранстве. Справа пра іх шляхецтва разглядалася шмат разоў мінскім і жытомірскім дваранскімі дэпутацкімі сходамі. У 1866 годзе сенат Расійскай імперыі адмовіў палескім шляхціцам аб правах расійскага дваранства.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам, з 1921 года вёска ў складзе буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР Стахава да 1954 года — цэнтр сельсавета Столінскага раёна Пінскай вобласці. 

Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі тутэйшыя папоўнілі атрады народных мсціўцаў. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

 

Калектывізацыя ў палескую глыбінку прыйшла ў першыя пасляваенныя гады. Гаспадарка далучана да суседняга ДП «Прыпяць-2009». Побач са Стахавам пабудавана першая на Прыпяці гідраэлектрастанцыя з дзвюма турбінамі. 

Вёска Стахава — радзіма акадэміка, заслужанага дзеяча навукі БССР, доктара ветэрынарных навук, прафесара Харытона Сцяпанавіча Гарагляда. Дзейнасць навукоўца адзначана залатым медалём імя М. І. Вавілава.

Летнія вандроўкі зачароўваюць непаўторнымі па прыгажосці беларускімі краявідамі, якія не ўступаюць самым дзівосным куточкам свету. У розныя часы давялося бачыць гістарычныя заходнееўрапейскія помнікі архітэктуры, наведваць амерыканскія фермерскія сады, цешыць вока пальмавымі гаямі сярод бязмежных пустынь Блізкага Усходу, слухаць гукі афрыканскага вадаспада Вікторыя, назіраць райскія аўстралійскія пейзажы. Але больш за ўсё кранаюць душу родныя краявіды, асабліва на пачатку лета. 


З суседняга Лунінца прыехалі парыбачыць на гідравузел «Стахава» Дар’я КУЛАКЕВІЧ і Дзмітрый ГРЫЦКЕВІЧ

На легкавіку, якім спраўна кіраваў малады вадзіцель Сяргей Іваноў, імчалі па вузкай асфальтаванай дарозе з Пінска ў вандроўку па палескай вёсцы Стахава. Паабапал дарогі чаргаваліся раскошныя лугі з красуючымі хлебнымі нівамі. Праз раку Піну, што амывае старажытны Пінск, пераехалі па развадной пераправе. Побач з раза-браным бетонным спецыяльная машына забівала сваі новага моста. З ажыўленай аўтадарогі, што вядзе ў Столін, павярнулі на асфальтаваную трасу, якая пралягае праз пінскія вёскі Лемяшэвічы, Местнавічы, Біжарэвічы, Вуйвічы, Тырвовічы. За ракою Стыр, якая поўніць Прыпяць, прыехалі ў столінскую вёсачку Сіціцк, забрукаваную каменнем. Дахі некаторых драўляных хат і хлявоў вяршаць буслянкі. Патрыярхальна глядзяцца старыя будынкі з чаротавымі дахамі.

Гравійка праз малады лясок прывяла да былога мястэчка Плотніца — цэнтральнай сядзібы дзяржпрадпрыемства «Прыпяць-2009». Галоўны бухгалтар Валянціна Вабішчэвіч узначальвала бухгалтарскую службу суседняй гаспадаркі, якую шэсць гадоў таму далучылі да дзяржпрадпрыемства. Муж яе Сцяпан Андрэевіч працаваў экскаватаршчыкам у калгасе, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета. Сёння аб’яднаная гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, зерня, цукровых буракоў і насення рапсу, перажывае перыяд санацыі. Фінансавую дзейнасць каардынуе антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Лахадынаў, а вытворчую — Анатоль Бокша.

Рабочы РУЭБП «Днепра-Бугскі водны шлях» Леанід ВЯРЭНІЧ

За мінулы год ад кожнай каровы надоена амаль па 5000 кілаграмаў малака. Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Столінскага райвыканкама Ірына Абразоўская заклапочана падборам інвестараў для далейшага развіцця сельгаспрадпрыемства. Дзве сотні вяскоўцаў працуе ў калектыве. Тутэйшыя заняты не толькі ў сельгасвытворчасці, працуюць на чыгуначнай станцыі і гідравузле. У больш падобнай на курорт вёсцы Кораб’е, што на самым беразе Прыпяці, дзейнічаюць дзве аграсядзібы. Рыхтуецца да адкрыцця і трэцяя. Гасцявыя домікі стаяць пад шатамі векавых дубоў.

З Кораб’я праз чыгунку гравійка вядзе да патанаючай у садах вёскі Стахава. Раней тут налічвалася больш за паўтысячы падворкаў. Засталося крыху больш за трыста сядзіб. Над гаспадарчымі пабудовамі ўзвышаюцца крыжы праваслаўнага храма. Побач з ім Дом культуры, магазін. Мне даводзілася тут бываць, калі гаспадаркай кіраваў Іван Лаўрэнцьевіч Яснюк. Калгас слыў высокімі надоямі малака і шчодрымі ўраджаямі. Штогод сельгасугоддзі прырасталі адваяванымі ў векавой багны гектарамі. Меліяратары падымалі палескую цаліну. Для стрымання разліву Прыпяці ўзвялі дамбу, якая і зараз ахоўвае вёску ад паводак.

Шэсцьдзясят пяць гадоў разам Хвядося Сямёнаўна і Уладзімір Кузьміч ВЯРЭНІЧЫ
 Андрэй Вярэніч, з якім сустрэліся ў цэнтры Стахава, памятае, як дабіраўся на лодцы на чыгуначную станцыю, дзе ён працаваў дзяжурным. Узгадаў немаладых гадоў паляшук, як чэрвеньскімі днямі касцы выязджалі на прыпяцкую пойму. Будавалі там станы, начавалі ў іх, каб з першым святлом па расе ісці ў пакос. Ад вільгаці каса лёгка ходзіць па траве. Вечарамі на вогнішчы варылі кулеш, пад зорным небам гучалі розныя байкі. Калі пасля дажджоў рака выходзіла з берагоў, на лодках вывозілі сена. Так было, пакуль не насыпалі дамбу. І сёлета пасля дажджоў пойма заліта вадою. Раздолле буслам, чаплям, іншым птушкам.

Многія ў Стахаве трымаюць на падворках качак, гусей. Пярнатым раздолле на заліўных лугах. Цесна ад жыўнасці было на падворку Хвядосі і Уладзіміра Вярэнічаў, да якіх я не мог не завітаць. З іх сынам — намеснікам дырэктара кобрынскай гаспадаркі «Гарадзец» Мікалаем Уладзіміравічам — нядаўна сустракаліся. Ад яго пачуў, што амаль усе Вярэнічы — выхадцы з яго роднага Стахава.

Вадзіцель ДП «Прыпяць-2009» Васіль ВЯРЭНІЧ.
 
У бездакорна прыбранай хаце яго бацькоў сцены завешаны партрэтамі, фотаздымкамі, па-майстэрску выкананымі вышыўкамі. Гаспадыня, перахапіўшы мой погляд на ўпрыгожаннях, сціпла прызналася, што змоладу рукадзельнічае. Шчодра дарыла вышыўкі сябрам, родным. Тры сыны нарадзіла Хвядося Сямёнаўна. Кожнаму на шчаслівае жыццё ручнікі вышыла. Вось толькі доля не ўсім выпала шчаслівая. Маладым пакінуў гэты свет Васіль. Сынок яго Віталік пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў у раённай службе МНС і часта адведваў дзядулю і бабулю. Цяпер ён жыве ў Брэсце. Сыны Мікалай і Уладзімір з сем’ямі атабарыліся ў Кобрынскім раёне. Не мінаюць бацькоўскі парог, дапамагаюць упраўляцца з агародам. 

Праз прасторную кухню з чыста пабеленай печчу ў кутку выйшлі на ганак. Па мурожным двары пракладзены сцежкі да студні, хлявоў і ў агарод, дзе ў радках дружна цвіце бульба. Гаспадары наперабой расказвалі, што сын Уладзімір спецыяльна прыязджаў палоць яе. З дзяцінства выхоўвалі сыноў працай. Яны дапамагалі маці на калгаснай ферме даіць кароў, часта падмянялі бацьку на трактары.

Пакупніка абслугоўвае прадавец Жанна ВЯРЭНІЧ.

Амаль сорак гадоў адпрацаваў Уладзімір Кузьміч у калгасе механізатарам. Пачынаў на гусенічным трактары. Распрацоўваў палескую цаліну. Паспяваў і нарыхтоўваў сена для сваіх дзвюх кароў, некалькіх цялят, каня. Узгадваючы гэта, Хвядося Сямёнаўна ўсміхнулася і прызналася, што разам з мужам касіла травы. Многія стахаўскія гаспадыні не лічылі касавіцу чыста мужчынскай справай. Як і кіраваць лодкай на рацэ. 

Было што ўзгадаць маім суразмоўцам. На падворак зайшла суседка Ева Гарагляд, дальняя сваячка слыннага беларускага вучонага Харытона Сцяпанавіча Гарагляда. Не парываў ён сувязей з землякамі. Пражыў доўгі век. Уладзімір Кузьміч Вярэніч таксама ў ліку паважаных доўгажыхароў Стахава. Сёння яму споўнілася 90 гадоў. Збярэцца радня, каб павіншаваць юбіляра.

Нарміроўшчык ДП «Прыпяць-2009» Ірына БУЛЫГА.

«Многае лета» праспяваюць Уладзіміру Кузьмічу на нядзельным богаслужэнні ў царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы, куды ён пастаянна наведваецца. Паўтара стагоддзі дзейнічае храм. Званаром у ім саракагадовы Леанід Вярэніч. З ім сустрэліся на гідравузле. Тут ён працуе. Многія аднакласнікі пасля заканчэння сярэдняй школы пакінулі Стахава. Леанід адслужыў у арміі і вярнуўся дамоў. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Вольгай Вярэніч. Ёй не трэба было мяняць прозвішча. Застаўся ў роднай вёсцы і яго брат Васіль. Працуе шафёрам на школьным аўтобусе, а жонка — прадаўцом у магазіне. У іх пяцёра дзяцей. 

Стахаўскі гідравузел — унікальнае збудаванне на Прыпяці. Дабіраліся да яго па высокай грэблі, што пракладзена ад вёскі. Па металічнай плаціне перайшлі на востраў, створаны раздвоеным рэчышчам. Са старшым змены судапрапускнікоў Аляксандрам Вярэнічам прайшлі да шлюзаў, праз якія прапускаюцца грузавыя і пасажырскія судны. Перад намі прайшоў кацер з баржай, гружонай шчэбнем. 

Кожны аўторак вечарам сюды прыбывае з Брэста прагулачны цеплаход «Белая Русь» з турыстамі. Папулярны гэты маршрут у расійскіх грамадзян. На ноч госці спыняюцца на стахаўскім востраве, абсталяваным прыстасаваннямі для прыгатавання паходнай вячэры. Начуюць вандроўнікі ў каютах. На досвітку цеплаход адпраўляецца далей у кірунку Мазыра.
Чыгуначнік Андрэй ВЯРЭНІЧ з Дружком.

Працуе на гідравузле і міні-гідраэлектрастанцыя. На ёй усталяваны дзве турбіны. Атрыманая электраэнергія поўніць раённую электрасетку. ГЭС поўнасцю аўтаматызавана. Камп’ютар задае параметры турбіны. 

Надвячоркам вярталіся з гідравузла ў Стахава. Па вясковай вуліцы з пашы крочыў статак сытых кароў. Суправаджаў іх на матацыкле шафёр гаспадаркі Васіль Вярэніч. Жонка яго Ірына Мікалаеўна — палявод у брыгадзе. Трымаюць сваю карову, і гаспадар адбываў радоўку. У статку больш за тры дзясяткі галоў. Такая колькасць і ў гурце на другім канцы вёскі. Лішкі малака здаюць і атрымліваюць дапаўненне да сямейнага бюджэту. 

Цёплы летні вечар апускаўся на вялікую палескую вёску. У садах, прыдарожных хмызах заліваліся салаўі. Над дахамі дамоў ціха вярталіся з-за прыпяцкай поймы буслы. Спрадвеку іх тут безліч. Два дзесяцігоддзі таму гэты ўнікальны куток Палесся аб’яўлены Рэспубліканскім ландшафтным запаведнікам «Сярэдняя Прыпяць». Сапраўднай сталіцай яго стала старажытная вёска Стахава. 

Столінскі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter