Стаўка на рапс і малако

СЕЛЬГАСВЫТВОРЧАМУ філіялу ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» «За Радзіму» крыху больш за год. Столькі ж на пасадзе дырэктара і Тадэвуш ЗЯНОВІЧ — асоба ў раёне даволі вядомая, асабліва сярод аграрыяў: быў галоўным заатэхнікам у племсаўгасе «Азярцы», намеснікам і начальнікам упраўлення райсельгасхарча Глыбоцкага райвыканкама. Гаспадарка яму дасталася вялікая, у якой аб’яднаны два калгасы і адзін саўгас. Адлегласць ад адной мяжы да другой дасягае 40 кіламетраў. Землі ляжаць па адзін і другі бок горада, што стварае дадатковыя цяжкасці пры манеўры тэхнікай. Аднак праблему тут з гэтага не робяць і дабіваюцца нядрэнных вынікаў. Летась сабрана 6400 тон зерня пры ўраджайнасці звыш 30 цэнтнераў, што дало магчымасць поўнасцю забяспечыць камбікормам пяцітысячны жывёлагадоўчы статак і надаіць 4480 кілаграмаў малака ад каровы.

зроблена ў філіяле ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» «За Радзіму»

СЕЛЬГАСВЫТВОРЧАМУ філіялу ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» «За Радзіму» крыху больш за год. Столькі ж на пасадзе дырэктара і Тадэвуш ЗЯНОВІЧ — асоба ў раёне даволі вядомая, асабліва сярод аграрыяў: быў галоўным заатэхнікам у племсаўгасе «Азярцы», намеснікам і начальнікам упраўлення райсельгасхарча Глыбоцкага райвыканкама. Гаспадарка яму дасталася вялікая, у якой аб’яднаны два калгасы і адзін саўгас. Адлегласць ад адной мяжы да другой дасягае 40 кіламетраў. Землі ляжаць па адзін і другі бок горада, што стварае дадатковыя цяжкасці пры манеўры тэхнікай. Аднак праблему тут з гэтага не робяць і дабіваюцца нядрэнных вынікаў. Летась сабрана 6400 тон зерня пры ўраджайнасці звыш 30 цэнтнераў, што дало магчымасць поўнасцю забяспечыць камбікормам пяцітысячны жывёлагадоўчы статак і надаіць 4480 кілаграмаў малака ад каровы.

  — Праўда, — лічыць Тадэвуш Зяновіч, — ужо ў бліжэйшай будучыні ўраджай зерневых разлічваем узяць 40 цэнтнераў з гектара, а надоі падняць да шасці тысяч кілаграмаў малака. Для гэтага ёсць усё: культура земляробства,  высокапрадукцыйная жывёла і, галоўнае, моцны працалюбівы калектыў з вопытным кадравым саставам спецыялістаў.

 Ён называе галоўнага заатэхніка Жану Шымко, галоўнага агранома Уладзіміра Пачкоўскага, начальніка аддзела кадраў Святлану Раманчук, якія даўно і плённа працуюць у гаспадарцы.

Перамогі атрыманы ўжо і сёлета: жывёлаводы новай малочна-таварнай фермы «Мосар» у сакавіку занялі першае месца ў раённым спаборніцтве па надоях малака, і земляробы сабралі самы высокі ў раёне ўраджай рапсу — звыш 22 цэнтнераў.

— Рапс, — працягвае гаворку Тадэвуш Зяновіч, — самая высокарэнтабельная культура. Азімага ў нас было пасеяна 310 гектараў. Атрымалі 700 тон насення. А гэта звыш двух мільярдаў рублёў выручкі. Рапсам павінны займацца яшчэ і таму, што мы — філіял камбікормавага завода, на якім з гэтага самага насення рапсу робяць раслінны алей. Хаця, шчыра кажучы, культура надта капрызная, ад надвор’я шмат залежыць. Былі пасевы на пачатку лета прыгожыя, густыя — суцэльны дыван. Але настала пякельная гарачыня — і на пагорках расліны «падг арэлі».

«Глядзелі, як за малым дзіцём» 

У той жа дзень, а было гэта якраз у дваццатых чыслах ліпеня, мы пабывалі на полі каля вёскі Бацілоўшчыны, дзе вялася ўборка рапсу. Тут жа была і Іна Губская, начальнік вытворчага ўчастка «Шуневічы».

— Увесь азімы рапс гаспадаркі быў пасеяны на маім участку, — паведаміла яна. — Гэта таму, што тут вырошчвалі зялёны гарошак — лепшы папярэднік рапсу. Праўда, на ўвесь палетак не хапіла. Частку давялося сеяць там, дзе была пшаніца. Скажу шчыра, што глядзелі за гэтым рапсам, як за малым дзіцём. І гербіцыды супраць пустазелля ўнеслі, і падкармілі двойчы вясной.

Першы раз, адразу як снег сышоў, з выкарыстаннем агрэгата «Раса» вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі, а другі раз пазней — цвёрдымі. Нічога нельга ўпусціць. Шмат у гэтай расліны ворагаў. І самая страшная — кветкаед. Уявіце сабе, што яшчэ вечарам пасевы нармальныя, а назаўтра пад абед — ужо спустошаныя. Мошка выядае самы цэнтр кветкі — і ўраджай гіне. Нашы спецыялісты сочаць, каб не «прамаргаць» гэтую мошку, ды і механізатары таксама зорка стаяць на варце. Сёлета Станіслаў Вітко і Валянцін Касцюкевіч самі падказалі, калі пара брацца за хімабарону раслін.

Яшчэ адзін важны момант — рапс паспявае неаднародна, як бы ярусамі: зверху стручкі спелыя, а знізу яшчэ зялёныя. Пакуль будзеш чакаць паспявання апошніх, верхнія раскрыюцца, і насенне высыплецца на зямлю ці то ад ветру, ці то пры ўборцы. У гаспадарцы знайшлі метад, каб пазбегнуць страт: прымянілі спецыяльны сродак для склейвання стручкоў.

Шмат значыць для ўраджайнасці і своечасовая ўборка рапсу. У філіяле «За Радзіму» якраз справіліся да зацяжных дажджоў, спарадкавалі каштоўную культуру ўсяго за чатыры дні.

Намалот у камбайнераў Валянціна Гуменніка, Сяргея Сямашкі, Валянціна Касцюкевіча, Эдуарда Пятрагі, Міхаіла Кушнярэвіча асобнымі днямі даходзіў да паўсотні тон на камбайн.

Перавозку насення на трактары МТЗ-3022 з сямнаццацітонным прычэпам забяспечыў Віктар Дзямідка, пераможца раённага спаборніцтва на вясенняй пасяўной зерневых. У гэтыя дні ён сее азімы рапс для новага ўраджаю!

Рэкорды на новай ферме

Разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Жаннай Шымко едзем на новую МТФ «Мосар». У гэтых месцах яшчэ зусім нядаўна вёў культурна-асветніцкую дзейнасць вядомы ўсёй краіне і за яе межамі Ёзас Булька. Па-ранейшаму на пляцоўцы насупраць царквы Святой Ганны стаяць экскурсійныя аўтобусы, легкавушкі, хоць чалавека самога, што тварыў тут прыгажосць як у наваколлі, так і ў душах лю- дзей, ужо няма. Аднак жыве яго добрая справа.

Цікавая біяграфія і ў Жанны. Прыехала яна яшчэ ў маладосці з Украіны ў Беларусь вучыцца, ды і засталася тут. Тры дзясяткі год у тутэйшай гаспадарцы. Палову з іх — галоўным заатэхнікам. Дабіваецца фенаменальных вынікаў. Ледзь не ўсё малако, да 90 працэнтаў, са звычайных фермаў у папярэднія гады здавала сортам «экстра». У дойным статку гаспадаркі 1154 каровы. Разбіты ён на 6 гуртоў. І ля кожнага Жанна пабывае хаця б раз у дзень. Летам яна часцей за ўсё карыстаецца для гэтага скутарам.

— І не горача, як у машыне, ды і гаручага бярэ зусім нічога, — тлумачыць яна.

Па дарозе Жанна расказвае, што пасля далучэння гаспадаркі да ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» пад непасрэдным кіраўніцтвам дырэктара Валянціна Шчарбакова распачаты карэнная рэканструкцыя фермаў і стварэнне самых спрыяльных умоў для работы жывёлаводаў. Яна пералічвае аб’екты: Удзела, Пустакі, Папшычы, Міхальцы, Падгаі ну і, вядома, Мосар — пункт нашага падарожжа.

Ферма размясцілася адразу за вёскай. Выглядае як абсалютна новы аб’ект. Гэта пацвярджае і галоўны прараб будоўлі Васіль Шарабайка:

— Можа, частка сцен старых засталася — і ўсё. Тут і цэхі на 400 кароў зроблены, і даільная зала, і бытавыя пакоі для жывёлаводаў. Усяго аб’ект цягнуў на 39 мільярдаў рублёў, а мы ўклаліся ў дзесяць — усё рабілі гаспадарчым спосабам. У асобныя дні з камбікормавага завода прыязджала на будоўлю да паўсотні чалавек. Пачалі летась у маі, а ўжо ў снежні паставілі жывёлу.

Самую высокую ацэнку новабудоўлі дае аператар машыннага даення Анжаліка Ткачонак:

— Усе ўмовы для працы: і раздзявалкі ёсць, і душавыя, і пакой для адпачынку, і нават пральная машына. А паглядзіце, колькі кветак навокал! Гэта мы з Ірынай Загарынавай, Наталляй Лаўрыновіч, Галінай Дулінец і нашай загадчыцай фермы Наталляй Лапуновай саджалі.

Малады калектыў новай фермы ў сакавіку заняў першае месца ў раённым спаборніцтве.

Калі вярталіся назад, на палях ішла поўным ходам уборка зерневых. Прэсы за камбайнамі скручвалі салому ў рулоны.

Уладзімір САУЛІЧ, “БН”

Фота аўтара

 

 

 

 

 

 


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter