Бальніцу выселяць з палаца Тызенгаўза ў Паставах - будзе адзін вялікі музей

Стаўка на Паставы

Штогод звыш 10 тысяч турыстаў наведваюць Пастаўскі раён. Акрамя ўнікальнай прыроды, госці атрымліваюць асалоду ад багатай архітэктурнай спадчыны. Галоўная славутасць — палац Тызенгаўза. Як зменіцца гэта культавае месца і пра іншыя планы расказаў Віктар Гутараў, старшыня Пастаўскага райвыканкама.


Паставы — адзiн з прыгажэйшых гарадоў краiны. Фота: bytransfer.by

— Віктар Сяргеевіч, у рэгіёне 115 найпрыгажэйшых азёр, 16 вадасховішчаў, амаль 90 рэк і рачулак. Прырода прывабная для турыстаў, паспяхова развіваецца аграэкатурызм. Архітэктура таксама папулярная ў гасцей?


— 33 помнікі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. І людзі прыязджаюць іх убачыць. Да прыкладу, Камайскі касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Гэта адзіны ў краіне храм, які ніколі не закрываўся, нягледзячы на яго значны ўзрост — больш за 400 гадоў. Ён, як і іншыя помнікі, з часам робіцца толькі прыгажэйшым.

— Якімі новымі экскурсійнымі маршрутамі рэгіён можа пахваліцца?

— У Паставах створана ўнікальная экспазіцыя аб Першай сусветнай вайне. Паводле ацэнак экспертаў, яна ўвайшла ў дзясятку лепшых па ўсёй краіне. Да таго ж адкрыліся дзевяць новых музейных залаў, дзе на 480 квадратных метрах адлюстравана дзейнасць вучонага-арнітолага, рэфарматара і мецэната XIX стагоддзя графа Канстанціна Тызенгаўза. Бальніцу, якая ўжо доўгі час размяшчаецца ў сценах былога палаца, перанясуць у новабудоўлю. У памяшканні, якое вызваліцца, з’явяцца новыя музейныя плошчы. А вакол будынка размесціцца найпрыгажэйшы парк.

— У модзе актыўны адпачынак. Што можа прапанаваць Пастаўшчына?

— З гэтым у нас усё ў парадку. Гарадскі стадыён, абноўлены ў ходзе рэканструкцыі, збірае тысячу балельшчыкаў футбола. Аматары лёгкай атлетыкі займаюцца на бегавой дарожцы з сучасным пакрыццём. Ёсць корт для гульні ў вялікі тэніс, басейн і многае іншае. Навінка — спартыўна-турыстычны комплекс «Азяркі» для экстрэмальнага адпачынку. Месца выбрана маляўнічае: возера і каля 40 гектараў лесу вакол. Пабудавалі скаладром, вяровачны гарадок, а над возерам нацягнулі спецыяльныя тросы, на якіх можна праляцець над вадой. Вядзём мантаж паласы перашкод. Летам будуць дзейнiчаць пляж, домікі для турыстаў, палатачны гарадок, а гасцей накормяць лепшыя повары Пастаўшчыны — адкрыецца самабытная карчма.

— І ўсё гэта толькі для экстрэмалаў?

— Не толькі, а для ўсіх, хто пажадае прыемна адпачыць. У «Азярках» ужо ўзведзена дабротная сцэна, абсталёўваецца  канцэртная пляцоўка. І нездарма: за мінулыя гады ў нас выступілі звыш 15 тысяч артыстаў, пабывалі госці з 25 краін свету. Большасць — на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Гэта візітоўка Пастаўшчыны, бо наш рэгіён — адзінае месца ў краіне, дзе захаваліся традыцыі ігры на дыятанічных цымбалах.

— Гуляць — гэта добра. Але ці iдзе спорна праца?

— Прадпрыемствы працуюць даволі паспяхова. Не баяцца навізны і эксперыментаў — асвойваюць новыя тэхналогіі, выдаюць якасную прадукцыю. Тавары экспартуюцца ў 26 краін свету. А вы, напрыклад, спрабавалі нашу малочку?

— Сыр. Незабыўны смак.

— Гэта праўда. На прадпрыемстве прайшла сур’ёзная мадэрнізацыя. Калі раней Пастаўскі малочны завод выпускаў 2 тоны сыру ў суткі, то сёння — 20 тон! Рост велізарны, і якасць ад гэтага абсалютна не пацярпела. Сыр ёсць ва ўсіх буйных гандлёвых сетках краіны. Да 80 працэнтаў адпраўляем на экспарт у Расію.

— Як далей будзе развівацца галіна?

— Трэба праводзіць мадэрнізацыю на фермах, якія пастаўляюць малако. ААТ «Хацілы-Агра» і ААТ «Навасёлкі-Лучай», дзе ўведзены ў дзеянне робатызаваныя фермы, — прыклад для пераймання. Надоі — каля 8 тысяч літраў у год! Таму ведаем, да чаго імкнуцца. Дарэчы, зараз вырашаецца пытанне будаў-ніцтва яшчэ адной робатызаванай фермы, дзе размесцяцца да 2 тысяч кароў.

— А прадпрымальнікам на Пастаў-шчыне ёсць дзе   разгарнуцца?

— У нас жывуць таленавітыя, працавітыя і амбіцыйныя ў добрым сэнсе гэтага слова людзі. У раёне працуюць больш за 600 індывідуальных прадпрымальнікаў. І, трэба прызнаць, многія дробныя фірмы хутка перарастаюць у сур’ёзны бізнес. Я гэта толькі заахвочваю.

— Прывядзіце прыклад.


— Маладыя і ініцыятыўныя ўзяліся за перапрацоўку мяса. У цэху прыватнага прадпрыемства «Фрэшфудпак» спачатку працавалі 10 чалавек. Цяпер — 60. Спрабавалі калі-небудзь каўбасу без мяса? Вось гэта дакладна не пра іх! Хлопцы зрабілі стаўку на натуральнасць: прадукцыя без усялякіх дабавак, кансервантаў. Чыстая на 100 працэнтаў. І тавар разыходзiцца з паліц.

— Пастаўшчына славіцца і дрэваапрацоўкай…

— Прыемна, што разам з двума буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі — «Паставымэбля» і «Варапаеўскі ДАК» — у нас актыўна развіваецца прыватны сектар. З кожным годам умацоўвае свае пазіцыі «Вытворча-мэблевы цэнтр», а тон у дрэваапрацоўцы задае Пастаўскі мэблевы цэнтр, вядомы ў краіне і за мяжой. У цэхах — сучаснае імпартнае абсталяванне. У суткі з масіву хвоі і каштоўных парод дрэў там вырабляюць адну тысячу дзвярэй, пялет — 100 тон. Аб’ёмы вялікія. А на днях адкрыецца новы цэх па вытворчасці паркетнай дошкі, а гэта каля 150 новых працоўных месцаў. У планах — выпуск аднаго мільёна квадратных метраў дошкі ў год. Нам не важна, хто бу-дзе займацца карыснай справай — дзяржаўныя прадпрыемствы ці прыватныя. Мы ствараем умовы для працы — карыстайцеся, калі ласка, і канкурыруйце паміж сабой.

ЛІЧБЫ

Паставы знаходзяцца на адлегласці 165 кіламетраў ад Мінска і 240 — ад Віцебска. Пло-шча Пастаўскага раёна — 2,2 тысячы квадратных метраў, насельніцтва — каля 36 тысяч чалавек. У горадзе  пражывае звыш 20 тысяч чалавек.

Фота: postavy.vitebsk-region.gov.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter