Будаўнічыя кампаніі Беларусі пашыраюць геаграфію экспарту паслуг у Расіі ды Казахстане

Стаўка на ідэю

Будаўнічыя кампаніі Беларусі пашыраюць геаграфію экспарту паслуг у Расіі ды Казахстане


Беларускаму бізнесу сёння столькі ж, колькі і незалежнай Беларусі. Па сутнасці, хутка 25-годдзе. Бо менавіта на заранку 90-х пракладвалі дарогу першыя ініцыятывы. З часам тыя, хто зрабіў стаўку на ідэі і тэхналогіі, ператварыліся ў буйныя бізнес-кампаніі з дастойнай рэпутацыяй, даказаўшы сабе і іншым: на радзіме сваім розумам і сваімі рукамі можна дасягнуць усяго.


Дамовіцца аб сустрэчы з Мікалаем Чарнашэем, дырэктарам буравой кампаніі “Дэльта”, яшчэ тая задачка на хуткасць, час, адлегласць. Бізнесмен з 25-гадовым стажам увесь час у дарозе. Нарэшце, перасякаемся па тэлефоне ў... Маскоўскім метро:

— Падпісалі кантракт, у панядзелак — на месцы. Гатовы сустракацца.

— Вы ж базіруецеся ў Рэчыцкім раёне?

— Так, у вёсцы Баршчоўка.

Баршчоўка? Гэтая вёска мне, аказваецца, добра вядомая. На мяжы Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў. Але неяк не стыкуецца: буравая кампанія “Дэльта”, прадпрыемства-лідар у сваім сегменце рынку, і малюсенькая Баршчоўка. Быць можа, малая радзіма, якой кіраўнік абавязаны? Або дзяржаўныя прэферэнцыі апошніх гадоў паклікалі яго ў глыбінку? Мікалай Васільевіч, сіваваты чалавек моцнай энергіі, пры сустрэчы акуратна карэктуе мае здагадкі:

— Вось і ў расійскім “Газпраме” не адразу паверылі. Вырашылі прыехаць і праверыць, што ёсць такая буравая кампанія ў вёсцы Баршчоўка. Пера­каналіся. Супрацоўнічаем. Малая радзіма? Можна сказаць і так. Бо тут я працую ўжо каля 30 гадоў. Прыйшоў у вёску яшчэ да асаблівых прэферэнцый, якія цяпер даступныя пачынаю­чым прадпрымальнікам. Ім можна па-добраму пазайздросціць. Таму цяпер у нашай акрузе ўсё больш малых фірмаў. А спачатку толькі “Дэльта” была. Тым больш дзіўна часам чуць, што ў Беларусі цяжка працаваць.

Расказвае, пачыналі з водазаборных калонак на прыватных падворках. Калі ў 90-х усё пайшло пад адхон, а геалагічныя партыі, адну з якіх узначальваў інжынер-геолаг Чарнашэй, аказаліся непатрэбнымі, давялося зірнуць на жыццё па-новаму:

— Вырашылі стварыць сваю фірму па свідраванні калонак. “Дэльта” тады — шэсць чалавек і бэушнае абсталяванне. Людзей захапіў абяцаннем: як толькі заробім першыя грошы, адразу ж купім кватэры. Праз два гады так і атрымалася. Пяць кватэр купілі ў Рэчыцы. З тых часоў ведаю дакладна: трэба трымаць слова, калі хочаш атрымаць аддачу.

У розныя часы камерцыя паварочвалася па-рознаму. Але ў ключавых момантах, гаворыць, дзяржава заўсёды стварала патрэбныя пункты апоры, якія дазвалялі ісці далей і нарошчваць мускулы. Успамінае, выдаўся цяжкі год. І тут службы занятасці сталі выдаваць беспрацэнтныя субсідыі пад новыя рабочыя месцы. “Дэльта” заявіла праект на 21 месца, а стварыла 60:

— Тады гэтыя грошы дазволілі нам набыць тэхніку, а гэта былі ў асноўным канверсійныя ЗіЛ-131. Прама скажам, дапамаглі здабыць сілу. А гісторыя з першай рэкламай? Напэўна, інтуіцыя спрацавала. За апошнія грошы зрабілі шыкоўны ролік. Але запусціць на тэ­лебачанні — нятаннае задавальненне. І тут раптам прымаецца рашэнне: беларускія прадпрыемствы рэкламуюць на ТБ бясплатна. Нас два месяцы круцілі, заказы пайшлі... Цяпер, скажу я вам, у Беларусі для вядзення бізнесу створаны цяплічныя ўмовы. Мне ёсць з чым параўноўваць. Проста, пачынаючы сваю справу, трэба настройвацца на доўгі шлях, а не так, што тры гады папрацаваў, зняў вяршкі, ліквідаваўся. Ідэя павінна быць, перспектыва, цікавасць, развіццё. Купі-прадай — гэта шлях у нікуды. Да прыкладу, калі стала відавочна, што са свідраваннем калонак мы топчамся на месцы, пайшлі далей — асвойваць прамысловае водапаніжэнне і палевае фундаментабудаванне. Вучыліся ў іншых. Падключылі да гэтай тэмы навуку, аснасціліся сучасным абсталяваннем. Заўсёды па максімуме ўкладваліся ў развіццё. Таму цяпер наша кампанія здольная рабіць усё тое, што робяць лідары гэтага рынку. А часам і больш дзякуючы ўласным арыгінальным распрацоўкам. Вось вам гісторыя ў Туркменістане. Беларускі праект — будаўніцтва калійнага камбіната. Трэба прабурыць свідравіны для замарожвання грунтоў. Замежнай фірме гэта не ўдалося. У выніку самалёт “Руслан” адправілі па нас. Прыляцелі, прабурылі. Гэта я не дзеля рэкламы, а каб вы зразумелі: любая справа — пастаянны пошук новага і рух наперад.


Мікалай Чарнашэй, дырэктар буравой кампаніі “Дэльта”

Падтрымліваць няспешную гутарку з бізнесменам Чарнашэем даволі няпроста. Мабільнік раз-пораз абрывае на паўслове. Званок з Бельгіі наконт тэхнікі. Следам “узнікае” Астана — там цяпер першыя аб’екты. Шэпча мне, прыкрываючы трубку рукой:

— Мы год падступаліся да Казахстана, ва ўсіх выставах удзельнічалі. Стварылі філіял, атрымалі ліцэнзію, працуем. Першыя, дарэчы, з беларускіх кампаній. Вельмі дапамог наш пасол у Казахстане Анатоль Іванавіч Нічкасаў, з якім распрацавалі праграму ўваходжання нашых будпрадпрыемстваў на гэты рынак. І гэта, заўважу, толькі пачатак.

Параўняўшыся з паказальнікам на Баршчоўку, рухаемся вясковай вуліцай да ўскраіны. “Дэльта” цяпер у будаўнічай мітусні. Узводзяць адміністрацыйны будынак і сталовую. На тэрыторыі рады тэхнікі, абсталявання. Але апошнія навінкі (за два гады абнавіліся на 300 мільярдаў рублёў) — на аб’ектах. Частка, напрыклад, у Якуцку, дзе фірма заканчвае аб’екты на ГРЭС-2. Усё, што адбываецца на будпляцоўцы, у анлайн-рэжыме транслюецца на экране ў дырэктарскім кабінеце. Трэба ж — па той бок віднеецца беларускі сцяг. Чарнашэй удакладняе:

— Мы толькі так прыходзім на замежныя аб’екты. З беларускім сцягам. Таму што прыйшла не прыватная фірма, не “Дэльта” — беларусы прыйшлі. Значыць, работу зробяць сумленна, якасна. Вось да чаго гэта абавязвае. Узаемны імідж і ўзаемная адказнасць. Краіна за нас. Мы — за краіну.

Спраў і сапраўды шмат. Ключавыя: мост цераз Сож, штаб-кватэра НАК у Мінску, Мазырскі НПЗ, мінская МКАД-2, а па-за Беларуссю — выставачны цэнтр “Экспафорум” у Санкт-Пецярбурзе, рэканструкцыя ЦЭЦ-12 і ЦЭЦ-16 у Маскве, Ніжнетурынскай ГРЭС на Сярэднім Урале, будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане, рэканструкцыя Анціпінскага нафтаперапрацоўчага завода ў Цюмені, ААТ “ТулачарметСталь”... Якуцк завяршаюць, Сахалін асвойваюць. Экспарт кампаніі летась перавысіў 33 мільёны долараў, за што яна была ўзнагароджана як лепшы экспарцёр краіны. Сёння прыцэл на 50 мільёнаў. Ледзь загаворваем пра замежныя работы, Мікалай Васільевіч загараецца:

— Добра, што тэма экспарту будаўнічых паслуг выйшла на ўзровень Прэзідэнта. Калі нашы прадпрыемствы сур’ёзна гэтым зоймуцца, то менш будзе праблем у тых, хто ўжо працуе на экспарт. Сёння ёсць яшчэ пытанні, якія патрабуюць шліфоўкі: і па схеме абавязковага продажу валюты, і па плацяжах за няўвезены тавар. Для прыкладу, каб там купіць за грошы заказчыка бетон, трэба як мінімум два тыдні хадзіць па нашых інстанцыях... Але як толькі масава прадпрыемствы пойдуць за межы Беларусі, адразу ўзнікне неабходнасць уносіць змены ў дзейныя правілы. Цяпер няма сумненняў, што хутка так і будзе.

Практычна развітваемся. Але тут камерсант дае ход назад. Вёску не паказаў! Вось храм, які адбудавалі і падтрымліваюць. Вось сельскія школа і сад, якім дапамагаюць. Нядаўна аплацілі ўстаноўку пластыкавых вокнаў перад навучальным годам. А ў Гомелі яшчэ ёсць дзіцячая хакейная каманда ДЮСШАР №5, якую фінансуюць восем гадоў... Прашу спыніць ля дарожнага аншлага “Дэльта”. Насустрач спяшаюцца, па ўсім відаць, дзве мясцовыя жыхаркі. Умешваюся ў ход іх руху:

— І як вам жыццё па суседстве з “Дэльтай”?

— Дык мы самі з “Дэльты”!

Мікалай Чарнашэй, з’яўляючыся з машыны, уносіць поўную яснасць:

— Ды ў нас у кампаніі цяпер больш за 650 чалавек! Працуюць людзі з Баршчоўкі, Рэчыцы, Гомеля. Так што ўсе мясцовыя, усе свае.

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter