Больш не сакрэт: дзе і калі адключаць ваду, цяпло ці электрэнергію, даведаюцца ўсе

Спытайся ў партала

Дзе, калі і на які час адключаць ваду, цяпло ці электраэнергію ў шматкватэрных дамах, хутка перастане быць сакрэтам. Прычым даведвацца жыльцы будуць не толькі аб планаваных адключэннях, але і аб масавых, якія ўзнікаюць па непрадбачаных абставінах. Гэтую аператыўную інфармацыю мінчане будуць атрымліваць з бягучага радка, якi з'явіцца на партале 115.бел.


Пра навінку расказаў дырэктар КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама» Алег Сядзельнік. Ён адзначыў, што на партале таксама будзе размяшчацца актуальная інфармацыя па сістэме ЖКГ і дадатковы канал сувязі праз сацыяльныя сеткі. Акаўнт у Твітары ўжо запушчаны. Зараз яго актыўна развіваюць.

Сам партал «Мой Горад» 115.бел ужо паўтара года прымае скаргі на аказанне жыллёва-камунальных паслуг і гарадскую гаспадарку. На партале зарэгістравана 36,6 тысячы карыстальнікаў. Спецыялісты падлічылі, што асноўныя з іх — ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў. Прычым удвая вырасла колькасць заяўніц-жанчын. У кастрычніку 2016 года іх было каля 20%, у сакавіку 2017-га — 52%.

З пачатку працы партала на яго паступіла каля 62,8 тысячы запытаў. Больш за 70% з іх выконваліся і выконваюцца на працягу 7,45 каляндарнага дня. Больш часу патрабуецца на латанне праезнай часткі, ліквідацыю кінутых у дварах аўтамабіляў, рамонт пакрыцця пешаходных дарожак і парковак. Але і іх вырашэнне кантралююць спецыялісты.

Алена КАБАНАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter