Спёка і апёкі

За чатыры дні ў рэках і азёрах краіны патанула 12 чалавек

За чатыры спякотныя выхадныя дні ў рэках і азёрах краіны патанула 12 чалавек. Яшчэ 33, сярод якіх 18 дзяцей, выратавальнікі паспелі своечасова выцягнуць з вадаёмаў.

Алег Рубанік, начальнік выратавальнай станцыі на Міёрскім возеры Віцебскай вобласці, расказвае: «За тыдзень з вады мы дасталі чацвярых падлеткаў. Спачатку двое хлопцаў страцілі кантроль над кіраваннем катамарана. Якраз у гэты момант пачалася навальніца, і падлеткаў стала адносіць на сярэдзіну возера. Добра, выратавальнікі пачулі іх крыкі». Ужо праз некалькі дзён на гэтым жа вадаёме паніку паднялі дзяўчаты. Дабраліся на катамаране прыблізна да сярэдзіны вадаёма, спусціліся ў ваду, а самастойна вылезці з яе не здолелі.

Увогуле ж за гэтыя чатыры дні на Віцебшчыне выратавана шасцёра дзяцей.

У выхадныя ў Мінску быў зарэгістраваны толькі адзін выпадак цеплавога ўдару: мужчына з павышаным ціскам падышоў да брыгады «хуткай», дактары дапамаглі яму на месцы.

Не было зарэгістравана і лясных пажараў. У адной з самых спякотных абласцей — Брэсцкай — зафіксавана толькі шэсць узгаранняў травы.

Не абышлося без надзвычайных здарэнняў на Гомельшчыне. На Дняпры каля Жлобіна ў час купальскіх гулянняў нецвярозы мужчына вырашыў пераскочыць цераз вогнішча і зваліўся ў яго. Дзіўна, але святкаванне ён працягнуў і, толькі калі вярнуўся дадому, выклікаў «хуткую». Аказалася, што 30 працэнтаў цела ў апёках. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter