Ансамбль «Стаўбунскія вячоркі» Ветковского района 38 лет возрождает аутентичное народное творчество

Спяваюць так, што гай шуміць!

Некалькі дзесяцігоддзяў таму ў модзе былі масавыя рэчы, ніхто не бянтэжыўся з той нагоды, што яны як пад капірку. Зараз жа ў топе ўсё арыгінальнае і сваё, у дачыненні да культуры правільней сказаць — аўтэнтычнае. Фальклорны этнаграфічны калектыў «Стаўбунскія вячоркі» Стаўбунскага СДК, а таксама яго кіраўніка Святлану Парашчанку, якая 38 гадоў ім руліць, ведаюць ва ўсім Веткаўскім раёне. Ініцыятыўная, руплівая завадатарка — калі коратка, то менавіта так пра Святлану Іванаўну адзываюцца каляжанкі. «Стаўбунскія вячоркі» адраджаюць мясцовыя абрады, танцы і песні, і толькі характэрныя для сваёй вёскі. Нядаўна ў госці да жанчын наведалася перадача «Наперад у мінулае», у якой старажытныя песні апрацоўваюцца на сучасны лад. Спявачка Анжаліка Пушнова з тэлевізійнай творчай камандай ператварыла ў хіт стаўбунскія жніўныя напевы.


– НАШЫ завядзёнкі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Галоўны мясцовы абрад — «Пахаванне стралы», у суседняй вёсцы Казацкія Балсуны ён нават унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Праходзіць на саракавы дзень пасля Вялікадня — на Ушэсце, калі «пайшоў Гасподзь на нябёсы і пацягнуў жыта за калоссе». Менавіта з гэтага часу, паводле народных уяўленняў, яно пачынае радзіць, а ўсе традыцыі задуманы, каб расло без перашкод, — тлумачыць сэнс «Пахавання стралы» Святлана Парашчанка.

Напачатку людзі збіраюцца на ўскрайках вёскі і вулачках, карагодзяць, спяваюць і разам рушаць у цэнтр сяла, потым у жытнёвае поле. Там таксама заводзяць песні, а яшчэ закапваюць розныя рэчы — шпількі, гузікі, капейкі са словамі: «Даём зямлі ў дар грошы, каб спаслала нам ураджай харошы». Загадваюць жаданні, звязаныя з уласным дабрабытам, — і яны абавязкова збываюцца, калі шчыра верыць.

На гэты і іншыя абрады колісь выходзілі тысячы людзей. Зараз народу стала менш, але не памяншаецца значэнне свята. У аграгарадку каля тысячы жыхароў, знаходзіцца ён на мяжы з Расіяй, адлегласць літаральна 10 кіламетраў. Тут школа, дзіцячы садок, сельгаспрадпрыемства. Святлана Парашчанка, цяперашняя загадчыца клуба, сюды прыехала па размеркаванні ў 1975-м пасля вучылішча, родам з-пад Гомеля, у Стаўбунах трывала атабарылася і сталела як спецыяліст. Восем гадоў на заслужаным адпачынку, але мяняць любімы творчы занятак на хатнія клопаты не спяшаецца. У Доме культуры, ды і ў «Стаўбунскіх вячорках», Святлана Іванаўна заўзяты запявала ў прамым і пераносным сэнсе. Арганізуе рэпетыцыі, дамаўляецца аб гастролях або проста збірае каляжанак надзённыя культсправы абмеркаваць. Гукаюць вясну на Дабравешчанне, спраўляюць «Зажынкі» і «Дажынкі», аднаўляюць вясельныя абрады з выкупам маладухі, падушкамі, куфрам. Ладзяць стаўбунскія танцы — «Нарэчаньку», «Кракавяк», «Карманчыкі», «Польку», «Падыспань», «Страдания», менавіта яны былі галоўнымі на колішніх вяселлях. І ў кожным адрознае калена, уласцівае толькі для Стаўбуна.

— Дзвюм нашым удзельніцам за 80 гадоў. Гэта Ганна Ільінічна Чуяшова, працавала касірам у клубе, і Ульяна Іванаўна Аніськова — у дзіцячым садку. У складзе многа настаўнікаў з мясцовай школы, і чым іх больш, тым зручней перадаваць стаўбунскія завядзёнкі дзецям. Праўда, некаторыя з іх у пагоні за эстрадай і сучаснымі навінкамі лічаць, што аўтэнтычныя традыцыі нямодныя, але мы прывучаем, каб шанавалі і цанілі спадчыну, вывучалі яе і паказвалі на сцэне. Сёлета нават некаторыя дарослыя, пабаяўшыся каронавіруса, не захацелі ўдзельнічаць у «Пахаванні стралы», а дзеці ахвотна пагадзіліся. Меры бяспекі мы арганізавалі, — хваліць юнае пакаленне Святлана Парашчанка.

Гурт з багатай творчай біяграфіяй. Як толькі сфарміраваўся першы склад, у Ленінградзе, у Пушкінскім Доме, запісвалі свой рэпертуар на пласцінку. Спявалі і спяваюць так, што вёска грыміць! Звычайна ў адзін голас, але моцна і шчыра. Менавіта таму «Стаўбунскія вячоркі» — частыя госці на розных фестывалях, бывалі ў Маскве, Волагдзе, Вільнюсе, Мінску. Пра іх нават выпушчана кніга «Цень стралы». Філіял Веткаўскага музея ў Гомелі таксама зацікавіўся іх спадчынай, па некалькі разоў на год запрашае на народныя святы. У Стаўбун наведваюцца навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

БАДАЙ, самая актыўная сяброўка калектыву Валянціна Марцян, хоць жыве ў Гомелі, але ахвотна бярэ ўдзел ва ўсіх выступленнях. Рэпетыцыі? Не праблема, калі што — да спеўнага сугучча далучаецца па тэлефоне, рэпертуар ведае на памяць. Ларыса Сарварава восем гадоў назад у Стаўбун прыехала з Казані, настаўнічае ў тутэйшай школе, адным цэлым стала з «Вячоркамі». Сярод заўзятых сябровак — настаўніцы Надзея Масла, Святлана Драмязава, культработнік Ніна Гарэленка.

— Наша вёска заснавана ў 1700-х гадах, адтуль і традыцыі. Колькі сябе помню — столькі яны ў нас жывуць. Хоць абрады ў розных мясцовасцях і паўтараюцца, але ў кожным адмысловая разынка, і кожную з іх варта вылучаць, паказваць і перадаваць. Не сказаць, што сучаснае пакаленне менш дбае пра спадчыну, але яно стала больш стрыманым, закрытым ад знешняга свету. Прыгадваю сваю маладосць: клубаў не было, ра­зам з аднавяскоўцамі за пачастункі арэндавалі «хватэру», ладзілі там вечарыны, уволю танчылі. Вялікдзень спраўлялі ўсім сялом, выносілі на вуліцу стол, у каго хлеб, у каго пірагі — з радасцю дзяліліся. Успамінаю гэта з трымценнем у сэрцы, так робім і са сваім гуртом, — усміхаецца Святлана Парашчанка.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter