Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На песеннай Вушаччыне адсвяткаваў 30-я ўгодкі народны фальклорны гурт “Матырынская спадчына”

Спяваюць не вусны — душа

На Вушаччыне жывуць таленавітыя спявачкі гурта “Матырынская спадчына”

Повязь з роднымі мясцінамі — гэта для беларусаў святая справа. Вось і наш зямляк з Санкт-Пецярбурга, ураджэнец вёскі Матырына з Вушаччыны, палкоўнік запасу Васіль Шалак бывае на Бацькаўшчыне ўлетку — штогод. Бо моцныя карані там мае, і таленавітую ды гаспадарлівую сястрыцу-спявачку Аляксандру Іванаўну Рудзёнак. Гэта яна, дарэчы, неяк паказвала ды расказавала разам з Васілём, як гатаваць знакамітыя клёцкі. (У клёцках вушацкіх — душа: Нататкі пра тое, як вясковыя гаспадыні на Вушаччыне ўмеюць рабіць свята ў хаце сваімі рукамі. — ГР, № 6, 9.02.2017). І за навінамі з роднай старонкі Васіль Іванавіч сочыць, нас пра іх інфармуе. Нядаўна даслаў спасылку на тэкст з ушацкай райгазеты “Патрыёт” — як напрыканцы мая ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адзначаўся юбілей гурта “Матырынская спадчына”. Калі адхінулася заслона, то гледачы нібыта трапілі на вясковыя вячоркі. Сцэна была стылізавана пад хату: вышываныя ручнікі на сценах, печ, доўгія лавы... Самадзейныя артысты з задавальненнем спявалі — і для сябе, і для тых, каму падабаецца іх творчасць.

Далей аўтар, Кацярына Кавалеўская, расказвае гісторыю стварэння гурта, пра яго ўдзельніц, знакавыя выступленні. Зрэшты, пра тое нам пісаў і Васіль Шалак (“Матырынская спадчына” з Вушаччыны” — ГР, 26.08.2015). За 30 гадоў змянілася шмат артыстак, сярод старэйшых цяпер — чатыры па прозвішчы Рудзёнак (Наталля Андрэеўна, Аляксандра Іванаўна, Галіна Сяргееўна і Надзея Ануфрыеўна), а яшчэ Марыя Андрэеўна Пракаповіч, Соф’я Мікалаеўна Собаль, Валянціна Канстанцінаўна Шнітко, Аліна Сяргееўна Федуковіч, Мая Дарафееўна Чобат. “І хоць не ведалі многія нотнай граматы, але ад душы, па крупінках збіралі песенную і музычную спадчыну краю, неслі ў народ найвялікшую каштоўнасць: тое, што было створана продкамі, чым багата матырынская зямля, — піша журналістка раёнкі. — Цяпер у рэпертуары — больш за 80 каляндарных і сямейна-побытавых абрадавых песень, больш 20 мясцовых побытавых танцаў”.

На Вушаччыне ўжо не ўяўляюць раённых Зажынак без песень “Матырынскай спадчыны”, а Галіны Сяргееўны Рудзёнак — з сімвалічным першым снапом”.

Стваральніца гурта Галіна Рудзёнак.
Як ушаноўвалі ва Ушачах юбіляраў? Сабраліся мастацкія калектывы раёна. Віншавальныя нумары падрыхтавалі хор народнага клуба “Ветэран”, вакальны гурт “Дубравушка”. Спявачак віталі старшыня райсавета дэпутатаў Вольга Захарэнка і начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Азевіч. Казалі: “Матырынская спадчына” мае і багатую гісторыю, і яркія імёны, і запамінальныя выступленні. А песня, музыка народная сталі для самадзейных артыстак важнаю часткай паўсядзённасці. Іх віншавалі й госці з абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці. Кранальна выступіла паэтэса Тамара Барадзёнак. Сама — родам з Матырына, і гурт ствараўся, творча развіваецца на яе вачах. Тамара й сама не раз удзельнічала з ім у розных абрадах. І да стварэння зборніка “Спадчына”, асобных раздзелаў іншых яе кніг, паэтка прызналася, падштурхоўвала яе творчасць аднавясковак, мясцовы фальклор. А яшчэ “ад пачатку гурта і да апошніх дзён сваіх” спявала ў “Матырынскай спадчыне” мама паэтэсы. Пэўна, таму й атрымаўся верш, які Тамара Барадзёнак прысвяціла юбілею гурта, такім прачулым.

Ну вялікую ж справу робяць гэтыя таленавітыя працаўніцы, падтрымліваючы жывы агонь народных традыцый у роднай вёсцы! Прычым карысць маюць — і для сябе, сваіх родных-блізкіх, і для Матырына, і для раёна — увогуле для Бацькаўшчыны! Як на добры толк, то ў кожнай вёсцы беларускай, а тым больш аграгарадку варта б стварыць спеўныя гурткі, музычныя, рамесныя, асабліва — пры школах. Бо талентаў — тысячы, і песень у народзе шмат. А без жывога выканання ім, як кажуць, няма жыцця. Рассыплюцца, нібы ўвесну мінулагодняе лісце, растворацца ў паўсядзённасці вясковай. Між тым без песень ва ўсе часы беларусам — ніяк: і сэрца суцешыць, калі болем поўніцца, і розум прасвятліць, і людзям радасць падарыць... Да таго ж кожнаму хочацца, каб — нешта засталося пасля нас. Хай сабе й песня! “Ганаровыя званні дыпламантаў і лаўрэатаў, шквал апладысментаў, шматлікія прыхільнікі — усё гэта неад’емная частка творчага жыцця артыстаў, якія карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў мясцовых гледачоў, але й на абласных, рэспубліканскіх узроўнях, — чытаем у раёнцы. — Па фальклорных знаходках “Матырынскай спадчыны” зняты відэафільмы “Першы дзень у маладой”, “Дарога да вянца”, “Абрадавая ежа. Клёцкі з душамі”. Зроблены відэазапіс 19 танцаў, якія бытавалі на Вушаччыне. Удзельнічаў гурт і ў здымках тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”. Што казаць: багатая ў “Спадчыны” спадчына!”

У народзе так павялося, што кожны выяўляецца, душу раскрывае па-свойму. Але чым ні займайся — трэба ўкласці й працы нямала, і духоўнай сваёй сілы. Проста так не даецца ні слава, ні пашана, ні дабрабыт. Ведаючы гэтую мудрасць народную, не стамляюцца аддавацца працы — у тым ліку і песеннай, культурніцкай — вясковыя энтузіясткі. Таму й цікавыя іх выступленні, а некаму з маладзейшых мастацтва іх народнае хочацца пераймаць, прадаўжаць. Пэўна, дзякуючы такой зацікаўленасці гледачоў, слухачоў, спецыялістаў-фалькларыстаў і не стамляецца “Матырынская спадчына”: бо з песняй, прызнаюцца жанчыны, і старасць іх не бярэ.

Добры знак і тое, што цікавасць да народнай творчасці выяўляе мясцовая матырынская моладзь. Яшчэ ў 1995-м пры гурце створаны гурток-спадарожнік “Спадчына”. З якім разам, дарэчы, гурт-юбіляр і паказаў гледачам фальклорнае свята “Беларускі каляндар у гліняным гаршчочку”. Песні, танцы, абрадавыя дзеі — усё там гарманічна спалучаецца, адно ў другое перацякае — душу чуйную радуе. А ў раёнцы на заканчэнне чытаем: “Напрыканцы свята расчуленыя ад віншаванняў, падарункаў і ўзнагарод удзельніцы “Матырынскай спадчыны” не хавалі слёз. Шчаслівых слёз шчаслівых людзей. Пэўна ж радаваліся, што ёсць каму пераймаць спадчыну, а значыць — будзе жыць народная песня, і не знямее душа народная”.

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter