Нашу страну на детском "Евровидении-2016" представит Саша Миёнок

Спявай, пакуль малады

Саша Мінёнак адправіцца на дзіцячае «Еўрабачанне-2016» прадстаўляць  Беларусь. У ноч на 27 жніўня юны выканаўца стаў пераможцам фіналу нацыянальнага адбору на папулярны міжнародны песенны конкурс. Лідар вакальнага спаборніцтва вызначыўся шляхам адначасовага галасавання гледачоў і прафесійнага журы.


За права выйсці на сцэну дзіцячага «Еўрабачання-2016» ад нашай краіны змагаліся восем сольных выканаўцаў і дзве групы. У фінальным гала-канцэрце Саша Мінёнак выступаў пад нумарам 10. Дапамагаў юнаму артысту на сцэне шоу-балет «Сенсацыя» з яго роднага горада Віцебска. А прывяла да першага месца і пакарыла сэрцы слухачоў выкананая ім песня «Музыка маіх перамог», якую спецыяльна для Сашы напісаў малады беларускі кампазітар Кірыл Ермакоў. Яна — пра імкненне знайсці сябе ў музыцы, жаданне прысвяціць сваё жыццё сцэне і пакінуць яркі след у творчасці.

Сашу Мінёнку 13 гадоў, і ён ужо мае вялікі сцэнічны вопыт, уласны рэпертуар і значныя прафесійныя дасягненні. Саша — лаўрэат шматлікіх творчых конкурсаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы. Толькі за апошні час юны артыст стаў пераможцам глядацкага галасавання на Міжнародным інтэрнэт-конкурсе песні Your Voice 2016, уладальнікам Гран-пры конкурсу «Новае пакаленне», лаўрэатам ІІ прэміі Рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі-2015», фіналістам Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Дзіцячая Новая Хваля-2015» у Артэку.

Свае першыя крокі на сцэне Саша рабіў у Віцебску ў заслужаным аматарскім калектыве «Зорька» і шоу-групе «Какао». Сольна пачаў спяваць з васьмі гадоў. Ён наогул спявае заўсёды і ўсюды, танцуе хіп-хоп і брэйк-данс, чытае рэп і асвойвае тэхнікі бітбоксу, здымаецца ў рэкламе, вядзе канцэрты і тэлеперадачы на расійскім тэлеканале «Карусель». Разам з тым Саша — студэнт Акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога ў Маскве і ўдзельнік шматлікіх тэлевізійных канцэртаў у яе складзе і сольна.

У Мінску вакалам юны артыст займаецца ў тэатры эстраднай песні «Хвілінка» Палаца культуры МАЗ пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Трухан. Ён — адзін з вядучых артыстаў гэтага вядомага калектыву. Акрамя заняткаў музыкай, спевамі і танцамі Саша захоплена гуляе ў футбол, любіць катацца на скейтбордзе, веласіпедзе, роліках і каньках. Яго любімыя школьныя прадметы — праца і фізкультура.

На сцэну дзіцячага «Еўрабачання-2016», якое 20 лістапада адбудзецца ў горадзе Валета (Мальта), Саша выйдзе са сваім дэвізам «Ніколі не здавацца, ісці наперад да пастаўленай мэты, верыць у сябе!».

— Я хаця Рак па гараскопе, але не адыходжу назад, наадварот, чапляюся ўсімі клюшнямі і змагаюся да перамогі, — з усмешкай кажа юны артыст.

Галоўная ж яго перамога, лічыць Саша, яшчэ наперадзе, і прызнаецца, што самы шчаслівы дзень у яго жыцці той, калі ён упершыню ўзяў у рукі мікрафон.

У тэму


У Міжнародным дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне» нашы прадстаўнікі ўдзельнічаюць з моманту яго заснавання — з 2003 года. Першай беларускай канкурсанткай была Вольга Сацюк. 

На рахунку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй «Мы разам», у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй «З сябрамі». Руслан Асланаў з песняй «Чараўніцтва» заняў летась чацвёртае месца.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter