Спявай, гітарная струна

У Гомелі пройдзе міжнародны фестываль «Рэнесанс гітары»

У Гомелі з удзелам больш як 60 музыкантаў пройдзе міжнародны фестываль.

Апошнія выхадныя красавіка падораць нямала прыемнага гомельскім аматарам музыкі. У гарадскім цэнтры культуры 25 красавіка ўрачыста пачнецца IX Міжнародны фестываль «Рэнесанс гітары». Уступам да традыцыйнага ўжо свята гітарных рытмаў стануць выступленні заслужанага артыста Украіны Віталя Макукіна и маскоўскага дуэта «Тарнада», які на мінулагоднім конкурсе стаў уладальнікам Гран-пры.

— Доўгае жыццё папулярнага сярод гомельскай публікі і музыкантаў з розных краін музычнага форуму працягваецца дзякуючы энтузіязму вядомага беларускага гітарыста Ігара Шошына і падтрымцы Міністэрства культуры, абласных і гарадскіх улад, а таксама калектыву Гомельскай абласной філармоніі, — зазначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. — Гісторыя фестывалю інструментальнай музыкі пачалася ў 2005 годзе, калі ў горадзе над Сожам упершыню адбыўся канцэрт электрычнай і класічнай гітары. За мінулыя гады на гомельскіх фестывальных пляцоўках выступалі гранды гітарнай музыкі з краін СНД, Перу, ЗША, Заходняй Еўропы, В’етнама і іншых краін.

Адкрыццём сёлетняга конкурсу стануць выступленні шатландскага музыканта Мэцью Макалістэра, які прадставіць слухачам праграму з дзвюх частак: «Кельцкая гітара» і «Гітарыст-кампазітар», канцэрт калектыву Варонежскага музычнага каледжа імя Растраповічаў. Апрача дэбютаў, на галоўнай пляцоўцы ўдзельнікі «пойдуць у народ». Так, вядомы ўкраінскі гітарны дуэт «Таіна» з Херсона мае намер прэзентаваць сваё мастацтва перад педагогамі і навучэнцамі гомельскай дзіцячай школы мастацтваў № 5. Грандыёзнай падзеяй свята стане масавае выкананне ўдзельнікамі «Рэнесансу гітары» легендарнай кампазіцыі «Yesterday» Пола Макартні і Джона Ленана. Дарэчы, у мінулым годзе быў пастаўлены своеасаблівы рэспубліканскі рэкорд: яе адначасова ігралі 78 гітарыстаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter