Спяваем усёй краінай

Сёння вялікім гала-канцэртам у сталіцы завершыцца рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Беларусь у маім сэрцы”

Сёння вялікім гала-канцэртам у сталіцы завершыцца рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Беларусь у маім сэрцы”.

Дзевяноста канцэртаў у абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны расквецілі культурнае жыццё беларусаў, падарылі шмат яркіх эмоцый і ўражанняў. Апошні прыпынак музычнага экспрэса беларускіх артыстаў, што пракаціўся па краіне — сталічны футбольны манеж, што на праспекце Пераможцаў, 20/2.

Грандыёзны гала-канцэрт з удзелам танцавальных, музычных калектываў, сольных выканаўцаў запомніцца надоўга, абяцаюць арганізатары. Як паведаміла прэс-сакратар тэлеканала АНТ Вольга Хіжынкова, футбольны манеж ператворыцца ў сапраўдны танцпол, які запоўняць пяць тысяч гледачоў. Гасцямі шоў стануць гурты “Праспект”, Sun Rood 21, Sonika, “Ямайка”, артысты Вікторыя Шайко, Юзары, Аляксей Хлястоў, Вікторыя Алешка, Дзядзя Ваня, Венера, Саша Нема, Аня Шаркунова і многія іншыя. Тэлеверсію канцэрта глядзіце на тэлеканале АНТ у суботу ў 21.05.

Напярэдадні канцэрта карэспандэнт “НГ” даведалася ў вядомых артыстаў, з якім куточкам Беларусі яны звязваюць свае самыя цёплыя пачуцці.

— Для мяне гэта мой родны Магілёў, дзе прайшло маё дзяцінства і юнацтва, а таксама вёска Лежнеўка, што знаходзіцца побач, — расказвае заслужаная артыстка Беларусі Алёна ЛАНСКАЯ. — Там наша дача. Кожнае лета ездзіла туды адпачываць. Там ёсць сад, агарод. З сяброўкамі ў клуб хадзілі, на поле па кукурузу бегалі. На Купалле збіралі кветкі і плялі вянкі, а потым пад песняроўскую песню “Летняя ночка купальская” пускалі іх на ваду. Успаміны дзяцінства і зараз жывуць у маім сэрцы.

— Люблю Беларусь, — прызнаецца заслужаная артыстка краіны Іна АФАНАСЬЕВА. — І кажу гэта не проста таму, што тут нарадзілася і вырасла, а таму, што аб’ектыўна наша краіна вельмі прыгожая: і лясы багатыя на ягады, грыбы, і рэк, азёр вельмі многа. Нядаўна давялося пабываць на азёрах ледніковага перыяду ў Лепельскім раёне. Настолькі была ўражана іх празрыстасцю, казачнай прыгажосцю мясцовых краявідаў, што падумала: навошта ехаць на адпачынак у Егіпет, Турцыю ці Балгарыю, калі ў нашай краіне так многа дзівосаў і экзотыкі? Уявіце сабе: вялікае возера з крыштальна чыстай вадой, а ў ім — астраўкі. Проста цуд!

— Магілёўшчына — мілы сэрцу куточак, — гаворыць заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева. — Люблю прыязджаць дадому пасля доўгіх гастроляў і адпачываць там душой. А калі выступаю на фестывалі “Александрыя збірае сяброў”, стараюся вылучыць пэўны час, каб завітаць дадому. Люблю Днепр. Гэтая рака ў любую пару года прыгожая. А гэтым летам адкрыла для сябе маляўнічасць прыроды, а таксама гасціннасць людзей на захадзе Беларусі. Асабліва ўразіла аграсядзіба “У Рыся”, што ў Ваўкавыскім раёне. У аформленых у этнастылі доміках можна пазнаёміцца з асаблівасцямі традыцыйнай культуры беларусаў.

— Кожнае лета езджу на Браслаўскія азёры, каб удосталь паплаваць і папаляваць на дзіка, казулю, — расказвае папулярны тэлевядучы і музыкант Іван ВАБІШЧЭВІЧ. — Там ёсць дача ў майго добрага сябра. Бывае, што нават сям’ю сваю бяру з сабой.

— За такую колькасць гастроляў паспеў зразумець, што ў кожным куточку нашай краіны ёсць на што падзівіцца, — гаворыць спявак Саша НЕМА. — Настальгаваць па дзяцінстве, юнацтве езджу на Гродзеншчыну, у свой родны Слонім. А вось для адпачынку часта ўсёй сям’ёй абіраем малую радзіму майго цесця. Там, у маленькай вёсачцы, што ў Мастоўскім раёне, такое свежае паветра! Вельмі любім збірацца вечарам ля вогнішча, спяваць песні пад гітару і глядзець на зорнае неба!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter