СПЯВАЕМ РАЗАМ ГІМН СВАЁЙ КРАІНЫ!

Дарагія суайчыннікі! Сардэчна віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэтая гістарычная дата, азнаменаваная вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, атаясамліваецца з незалежнасцю нашай дзяржавы. Мы, удзячныя патомкі, схіляемся перад доблеснымі франтавікамі і працаўнікамі тылу, якія сваім бессмяротным подзвігам у гады Вялікай Айчыннай вайны падарылі нам магчымасць мірна жыць і працаваць на свабоднай зямлі. Цаною многіх жыццяў беларусы заваявалі права на самастойнасць.

Сёння наша рэспубліка дынамічна развіваецца, з’яўляецца дэмакратычнай, суверэннай дзяржавай.
Беларускі народ адзіны і згуртаваны. Гэта, несумненна, агульны поспех у будаўніцтве моцнай і квітнеючай Айчыны.
Разам мы зробім усё, каб незалежная Беларусь і ў далейшым была нашым дастойным і надзейным домам. Чалавек працы, яго інтарэсы і штодзённыя клопаты заўсёды будуць прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі. Гэтым моцная Беларусь, і з гэтага шляху нас не звярнуць. Мы адкрытыя свету і імкнёмся развіваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі.
Са святам вас, дарагія суграмадзяне! Добрага вам здароўя, аптымізму, дастатку, поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы.
З Днём Рэспублікі!
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

ДЗЯРЖАЎНЫ ГІМН
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 Словы М.Клімковіча, У.Карызны
          Музыка Н.Сакалоўскага

Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям`і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў — сіла народаў -
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны — радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь

У зеніце лета прыходзіць на Беларусь свята святаў — Дзень Незалежнасці. Дзень, калі кожны з нас міжволі задумваецца: а што ж такое мая краіна і хто я ў ёй, што думаюць пра нас у свеце і якой будзе наша будучыня?.. І думкі гэтыя сур’ёзныя ўдала ўпісваюцца ў шчырасць і яркасць святочных мерапрыемстваў. Бо іх самыя пачэсныя госці — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Тыя, хто вызваліў ад фашысцкай навалы Беларусь, хто зрабіў яе свабоднай і незалежнай. І хаця вайна працягвалася яшчэ амаль год, людзі ўжо адчувалі на вуснах смак Перамогі і Свабоды.
Так, наша незалежнасць — гэта ў першую чаргу магчымасць народа свабодна існаваць на сваёй зямлі без адчування другасортнасці. Гэта магчымасць горда заявіць, што мноства нацый і нацыянальнасцей — і ёсць беларускі народ. Гэта магчымасць працаваць з карысцю, любіць, гадаваць дзяцей — жыць!
Нехта скажа, што не так усё проста. Пра зарплаты, жыллё скажа, пра бяздушных чыноўнікаў... Усё так. Але ж наш суверэнітэт — падлетак, які толькі-толькі ўступае ў юнацкае жыццё. Мы не маем стагоддзяў вопыту дэмакратыі, як і не маем россыпу карысных выкапняў, уласных энерганосьбітаў... І ўсё ж намаганнямі кіраўніцтва краіны, кожнага з нас з вамі гэтыя акалічнасці не прывялі нашу дзяржаву да вялікай залежнасці ад іншых краін. Мы вучымся дастойна гаспадарыць і весці ўзаемавыгадны палітычны дыялог са светам.
Чым кожны з нас можа дапамагчы сваёй маладой незалежнай краіне стаць моцнай і паважанай светам? Вядома ж, сумленнай працай, інтэлектам, скажаце вы, тым, што народзіце і вырасціце новых грамадзян... І ўменнем ганарыцца сваёй Беларуссю, дададзім мы. Калега, які працаваў на Алімпіядзе ў Атланце, расказваў, што ўразілі яго не амерыканскія краявіды, багацце і г.д. Раніцай аднаго дня, гадзін у пяць, калі беларускую дэлегацыю везлі да месца спаборніцтваў, яны назіралі, як па пустой вуліцы ішоў афраамерыканец у шортах, махаў маленькім сцяжком сваёй краіны і спяваў гімн роднай дзяржавы. Гэта быў валанцёр, які бясплатна працаваў на сусветным спартыўным форуме.
Сапраўдны гонар адчувалі мы за сваю краіну, калі ў Афінах перамагла, стала алімпійскай чэмпіёнкай наша Юля Несцярэнка ці калі даведаліся, што ў далёкай Афрыцы, у ЮАР будуць адкрываць зборачную вытворчасць трактароў «Беларус», якія прыйшліся даспадобы мясцовым фермерам. Селядцы і цукеркі з Беларусі ядуць нават у Амерыцы — таксама падстава для гордасці. А нашы артысты, спевакі, нашы майстры народных промыслаў! Ведаеце, чаму некаторыя людзі адчуваюць настальгію па былым СССР? Яны смуткуюць па згубленай магчымасці ганарыцца моцнай, незалежнай краінай. Дык вось, незалежнасць у нашай маладой дзяржавы ўжо ёсць. Моцнай яе зробім мы з вамі. Калі не па аднаму, калі возьмемся за рукі...
Такая нагода будзе ў жыхароў краіны вечарам 3 ліпеня. Пасля гала-канцэрта «За незалежную Беларусь», перад святочным салютам, усе мы, узяўшыся за рукі, спяём гімн нашай краіны. Плячо ў плячо, дыханне ў дыханне. Разам. «Мы — беларусы...» І так будзем моцныя!


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter