Спявае і паказвае Маладзечна

Маладзечна зноў становіцца цэнтрам беларускай песні і паэзіі

У чарговы раз у першыя тыдні лета Маладзечна становіцца цэнтрам беларускай песні і паэзіі. Сёлетняе чатырнаццатае музычнае свята пройдзе ў горадзе 13-га і 14 чэрвеня. Трапіць на яго змогуць і тэлегледачы разам з культуралагічным каналам «Беларусь 3», які правядзе запіс самых значных канцэртаў фестывалю.

15 чэрвеня ў 21.15 у эфіры — урачыстае адкрыццё свята і заключны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Канкурсанты будуць выступаць пад акампанемент славутага калектыву пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы прафесара Міхаіла Фінберга.

Дарэчы, сёлета конкурс стаў асноўнай падзеяй фэсту. Ён праходзіць у тры этапы. Першы адбыўся ў раённых і абласных цэнтрах нашай краіны, два апошнія адбудуцца непасрэдна на фестывалі — у Палацы культуры горада і на галоўнай пляцоўцы — у Амфітэатры. Якраз гэта фінальнае шоу, дзе вызначыцца пераможца, і ўбачаць тэлегледачы.

27 чэрвеня пакажуць заключны гала-канцэрт «Спадчына песняроў», прысвечаны 45-годдзю Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». На галоўнай пляцоўцы выступяць удзельнікі ансамбля, а таксама зоркі эстрады і лепшыя калектывы краіны, творчы лёс якіх звязаны з легендарным гуртам.

Таксама Белтэлерадыёкампанія за¬піша ў Маладзечне канцэрты «За нашу Перамогу» і «Песня мая», якія выйдуць у эфір «Беларусь 3» у ліпені.

Праграму «За нашу Перамогу», прымеркаваную да 70-годдзя вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў, падрыхтаваў Заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі.

Канцэрт «Песня мая» збярэ многіх папулярных выканаўцаў і кампазітараў. Гледачоў чакае сустрэча з Эдуардам Ханком і Эдуардам Зарыцкім, Алегам Елісеенкавым, Пятром Ялфімавым, Вікторыяй Алешка, Жанэт і іншымі вядомымі артыстамі. Тэлеверсія канцэрта будзе складацца з дзвюх частак, і ў адной з іх прагучаць песні з арыгінальнага праекта тэлеканала «Беларусь 3» «Наперад у мінулае».

Летапіс фестывалю «Маладзечна» пачаўся ў 1993 годзе. За гэты час форум набыў шмат сяброў, слава аб ім разышлася па ўсёй краіне. Сёння гэта маштабнае музычна-паэтычнае свята, на якім прадстаўлены нацыянальная паэзія, папулярныя аўтарскія і народныя песні. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter