Крах праекта «Паўднёвы паток»

Спяць патокі сціхлыя

У снежні мінулага года замежныя кампаніі, якія ўдзельнічалі ў праекце «Паўднёвы паток», абвясцілі аб сваім выхадзе з яго
У снежні мінулага года замежныя кампаніі, якія ўдзельнічалі ў праекце «Паўднёвы паток», абвясцілі аб сваім выхадзе з яго, тым самым яны пацвердзілі заканчэнне гэтай эпапеі. Крах праекта ўдарыў па ўсіх яго ўдзельніках, хоць яшчэ ў пачатку года здавалася, што ўсе ўзніклыя вакол яго цяжкасці цалкам пераадольныя. Зрэшты, гэта не першы і, мабыць, не апошні выпадак, калі буйны трубаправодны праект альбо зрываецца, альбо аказваецца ў цэнтры чарады скандалаў. Нагадаем пра некаторыя з іх.



Nabucco


Гэты праект некалькі гадоў таму лічыўся сур`ёзным канкурэнтам «Паўднёвага патоку» і ў пэўным сэнсе быў яшчэ перспектыўным. Хоць бы таму, што яму аказвалі падтрымку: палітычную — ЕС і маральную — ЗША. У кансорцыум уваходзілі найбуйнейшыя еўрапейскія кампаніі, некаторыя з іх пасля далучыліся да «патоку». Планавалася, што газаправод бу­дзе пастаўляць каля 30 мільярдаў кубаметраў газу ў год з радовішчаў Закаўказзя і Сярэдняй Азіі.

Шматбаковае пагадненне аб будаўніцтве трубаправода было падпісана ў 2009 годзе Турцыяй, Аўстрыяй, Балгарыяй, Румыніяй і Венгрыяй пры ўдзеле старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу. А праз год Бухарэст і Будапешт нават пачалі будаваць свой участак газаправода, што абышлося ім у некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра.

Тым не менш не было вырашана ключавое пытанне: адкуль, уласна, браць газ? Усе разумелі, што рэсурсаў азербайджанскага радовішча Шах-Дэніз, хутчэй за ўсё, не хопіць для запаўнення трубы пад завязку. Разлічвалі на туркменскі газ, але Ашхабад заключыў выгадную здзелку з Кітаем і перанакіраваў свае газавыя патокі на ўсход. Што тычыцца варыянта з Іранам, то там меліся дзве праблемы: незразумела, якое менавіта радовішча можна ў тэорыі задзейнічаць, а таксама рэжым антыіранскіх санкцый, які ў 2012 годзе толькі ўзмацніўся.

Да ўсяго вышэйсказанага дадаўся і канфлікт Турцыі з Арменіяй, з-за якога аказалася немагчыма працягнуць нітку газаправода па тэрыторыі закаўказскай краіны. У выніку да 2011 года праект, у якім справы пайшлі, затрашчаў па швах. Краіны і кампаніі, што іх прадстаўлялі, выходзілі з кансорцыума адна за другой. У 2012-м стала ясна: праект у яго цяперашнім выглядзе мае нулявыя перспектывы. У ЕС, прааналізаваўшы сітуацыю, якая склалася, вырашылі абмежавацца менш амбіцыйным Трансадрыятычным газаправодам, а таксама прывесці «Паўднёвы паток» у адпаведнасць са сваім заканадаўствам.

Іран — Ірак — Сірыя


Яшчэ адзін грандыёзны праект, у які ўмяшалася палітыка. Пасля прыходу да ўлады ў Іраку кантраляванага шыітамі ўрада на Бліжнім Усходзе ўтварылася вось дружалюбных рэжымаў, якія вырашылі атрымаць з гэтага максімальную эканамічную выгаду. Еўропа мае патрэбу ў газе, а ў Іраку і асабліва ў Іране яго хапіла б на ўвесь кантынент. Сірыя павінна была стаць ключавым перавалачным пунктам.

Прапускная здольнасць газаправода ацэньвалася ў 40 мільярдаў кубаметраў у год. Гэта істотна больш як «Паўднёвага патоку», так і Nabucco. Меркавалася, што газ будуць браць з радовішча Паўднёвы Парс, распрацаванага Тэгеранам у Персідскім заліве. Прычым першапачатковы кошт праекта быў адносна невялікі — не больш за 6 мільярдаў долараў. Пазней сума павялічылася да 10 мільярдаў, але і гэта куды менш, чым у Nabucco (мінімум 18 мільярдаў долараў) і «Паўднёвага патоку» (звыш 20 мільярдаў).



Аднак у 2011 годзе ў Сірыі разгарэлася грамадзянская вайна, якая перакінулася затым і на Ірак. Акрамя таго, еўрапейскія інвестары ў праекце з 2010 года не ўдзельнічалі, а ва ўмовах жорсткіх фінансавых санкцый супраць Дамаска і Тэгерана знайсці ўнутраныя сродкі на рэалізацыю такога маштабнага праекта было немагчыма. У выніку ён замарожаны, і калі да яго вернуцца, сказаць цяжка. Для гэтага трэба збег мноства акалічнасцей: ад завяршэння вайны на Бліжнім Усходзе (чаго пакуль ніяк не прадбачыцца) да зняцця ці хаця б паслаблення санкцый супраць Ірана (пасля зрухаў у пачатку 2014 года працэс затармазіўся).

Катар — Турцыя


Гэты газаправод — прамы канкурэнт папярэдняга. Павінен быў дастаўляць газ у Еўропу з таго ж самага радовішча Паўднёвы Парс, толькі з яго катарскай часткі. Па адной з версій, грамадзянская вайна ў Сірыі здарылася не без удзе­лу зацікаўленых асоб з Катара, якiя разлiчвалi на прывядзенне ў краіне да ўлады больш лаяльнага ўрада якраз дзеля рэалізацыі свайго газавага праекта.

Запасы газу ў малюсенькім бліж­не­ўсходнім эміраце выключна вялікія, але зараз катарцам пры­ходзіцца яго звадкоўваць і экспартаваць з дапамогай танкераў — у асноўным, на Далёкі Усход. Гэта хоць і выгадна, але дорага. Еўропа ж прывыкла да трубаправоднай сістэмы, хоць магутнасці для перапрацоўкі звадкаванага газу будуюцца.

Так ці інакш, але хуткага перавароту ў Сірыі не выйшла, і вайна перайшла ў зацяжную фазу. Прыклад Лівіі паказвае, што гэта не заўсёды перашкаджае экспарту вуглевадародаў, але тут, пэўна, не той выпадак. Увогуле, перспектывы праекта больш чым туманныя.

Амерыканскія трубаправоды


Разнастайныя праекты будаў­ніцтва нафта- і газаправодаў у Паўночнай Амерыцы адмяняюцца рэгулярна. Але па прычынах у асноўным дзелавога характару. Так, напрыклад, здарылася з нафтаправодам ад сланцавага радовішча Бако (Паўночная Дакота) ў Аклахому. Проста не знайшлося дастатковай колькасці пастаўшчыкоў. Гэта шмат у чым тлумачыцца біз­нэс-мадэллю, якая «качуе» на сланцавых радовішчах, дзе тая ці іншая кампанія пастаянна павінна бурыць новыя свідравіны. Прычым часта ў дзясятках кіламетраў ад месцаў, дзе здабыча вялася раней.



Куды больш буйны праект з няясным лёсам — нафтаправод Keystone з Канады ў ЗША. Часткова ён рэалізаваны, і труба штодня прапускае праз сябе каля 600 тысяч барэляў нафты. Аднак ёсць сур`ёзныя пытанні ў сувязі з планам яе пашырэння ў два разы (праект Keystone XL). Ініцыятыва сустрэла бурнае супраціўленне экалагічных арганізацый, якія лічаць, што нафтаправод пагражае навакольнаму асяроддзю заходніх штатаў ЗША, у першую чаргу Небрасцы. Падключыліся і шматлікія змагары са змяненнем клімату. Іх аргументы: сыравіна для нафтаправода вырабляецца з канадскіх бітумных пяскоў, у працэсе чаго вылучаецца асабліва шмат вуглякіслага газу.

Работы па праекце прыпынены яшчэ ў 2010 годзе, калі пытанне дайшло да кангрэса і прэзідэнта ЗША. З тых часоў амерыканская дзяржава не можа сказаць наконт трубаправода ні «так», ні «не». Што цікава, апытанні паказваюць агульныя станоўчыя адносіны амерыканцаў да праекта. Каля двух трацім рэспандэнтаў гатовыя падтрымаць будаўніцтва. Аднак экалагічная апазіцыя дзейнічае надзвычай актыўна і агрэсіўна, рэгулярна праводзячы акцыі пратэсту як у Вашынгтоне, так і ў студэнцкіх кампусах. У выніку ціску лабісцкіх груп рашэнне па праекце ў Белым доме да гэтага часу так і не прынята.

Дзмітрый МІГУНОЎ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter