Спякотай перакрэсленыя спадзяванні

У ГЛЫБОЦКІМ раёне жніво зерневых фактычна завершана: засталося некалькі соцень гектараў, дзе збажына яшчэ зялёная, і ўчасткі з просам. Сёлетні каравай заважыў 58 тысяч тон. Замахваліся на большае, але спякотнае надвор’е, якое стаяла на працягу сарака дзён, калі не выпала ні кроплі дажджу, не дало наліцца як след коласу і перакрэсліла абгрунтаваныя спадзяванні.

У Глыбоцкім раёне амаль што ўбралі ўвесь вырашчаны хлеб

У ГЛЫБОЦКІМ раёне жніво зерневых фактычна завершана: засталося некалькі соцень гектараў, дзе збажына яшчэ зялёная, і ўчасткі з просам. Сёлетні каравай заважыў 58 тысяч тон. Замахваліся на большае, але спякотнае надвор’е, якое стаяла на працягу сарака дзён, калі не выпала ні кроплі дажджу, не дало наліцца як след коласу і перакрэсліла абгрунтаваныя спадзяванні.

Аўтару гэтых радкоў давялося быць на ўборцы азімага ячменю ў перадавой гаспадарцы раёна па вырошчванню зерневых — СВФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», дзе ў мінулым годзе было сабрана 43 цэнтнеры на круг. Дырэктар Яраслаў Сінкавец, хлебароб асаблівай закалкі, які ні на ёту не адступіў ад тэхналогіі, уволю даў ніве мінеральных і арганічных угнаенняў, пасыпаў тады на далонь маленькія шчуплыя зярняткі, цяжка ўздыхнуў:

— Вы бачылі калі-небудзь яшчэ такія?!.

У канчатковым выніку гаспадарка ўзяла 29 цэнтнераў з гектара. Больш толькі ў СВФ «За Радзіму» ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» — 30 цэнтнераў. Дарэчы, аб гэтых двух філіялах наша газета не так даўно расказвала ў спецвыпуску «Глыбоччына аграрная». Звыш 27 цэнтнераў на круг атрымалі ў філіялах «Ломашы-Агра» і «Стрынадкі», сельгаспрадпрыемстве «Азярцы».

У цэлым жа па раёне выйшла 24 цэнтнеры. Гэта — адзін з лепшых паказчыкаў у заходняй зоне рэгіёна.

— Недабор ураджаю мог быць куды больш значным, — дае каментарый начальнік райсельгасхарча Алег Скрабнеўскі, — калі б не правялі ў сціслыя тэрміны вясеннюю пасяўную і арганізавана ўбралі вырашчаны хлеб. У нас не было праблем з кадрамі механізатараў, палівам, тэхнікай. Раён выканаў дзяржзаказ па харчоваму зерню.

Сёлета на Глыбоччыне пяць камбайнераў-«тысячнікаў». Гэта Мікалай Гарадзёнак з філіяла «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат», Канстанцін Губскі і Віктар Жолуд з СВФ «За Радзіму» ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод», Антон Гаравец з філіяла «Ломашы-Агра» і Алег Шынкевіч з СВФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат».

Ушчыльную да гэтай «пяцёркі» наблізіліся  Віктар Гінько, Уладзімір Рудак і Аляксандр Арлоў з філіяла «Стрынадкі» ДП «Полацкі вінаробчы завод».

Якраз у гэтым філіяле ў мінулую нядзелю і справілі «Дажынкі». Адметна тое, што гаспадарка гэта была раней у адстаючых. За апошнія тры гады змянілася тут тры кіраўнікі. Апошні, Віктар Стэфановіч, і заявіў пра сябе: сабраў на круг 27,2 цэнтнера зерневых. Гэта — пятае месца ў раёне. Больш таго, ён адзіны прыплюсаваў тры цэнтнеры на гектар да мінулагодняга. Выручыла яравая пшаніца, асобныя ўчасткі якой давалі па 45 цэнтнераў.

Героям жніва, камбайнерам Віктару Гінько, Уладзіміру Рудаку, Аляксандру Арлову, Сяргею Шаўчонку, Віктару Бурэню, Віктару Дзядзько, вадзіцелям Сяргею Зайцу, Васілю Найневічу, Васілю Шаурка, Аляксандру Скрага былі ўручаны граматы, кветкі і грашовыя прэміі.

На пачэснае месца былі пастаўлены апошнія снапы жніва гэтага года.

Начальнік райсельгасхарча Віктар Скрабнеўскі зачытаў хлебаробам філіяла прывітальны адрас райвыканкама за подпісам яго старшыні Алега Морхата.

Артысты раённага аддзела культуры і народны тэатр «Цярэшка» падрыхтавалі для прысутных цудоўны канцэрт. Вось толькі паглядзець яго давялося не ўсім. Механізатары Аляксандр Наумёнак і Васіль Рудак у гэты дзень вялі сяўбу азімых, закладваючы ўраджай будучага года.

Да асенняй пасяўной дружна прыступілі ўсе гаспадаркі раёна. Азімы клін зерневых зойме амаль 14 тысяч гектараў.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter