Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Уражаннямі ад VII з’езда беларусаў свету дзяліліся яго ўдзельнікі

Справы, мары, спадзяванні

Шматлюдна было ў будынку Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау, калі там праходзіў VII з’езд беларусаў свету — пра тое мы пісалі ў мінулым нумары. На Бацькаўшчыну прыехала больш за 160 дэлегатаў з 22 краін, 145 удзельнікаў было з Беларусі. 

Мастак Вячаслаў Ігнаценка выбірае беларускія сувеніры
Фота Кацярыны Мядзведскай

У фае цэнтра — не проста рэгістрацыя: абдымкі, поціскі рук, усмешкі…Нібыта на сустрэчы былых аднакласнікоў гадоў гэтак праз ...цаць, толькі ў большым маштабе. Бо на з’езд сабраліся аднадумцы, паплечнікі, актыўныя ўдзельнікі беларускага руху. І я сярод гасцей шукала сяброў газеты, нашых пазаштатных аўтараў і тых, з кім раней страчалася па журналісцкіх справах. Прыемна было, калі дэлегаты, госці падыходзілі, дзяліліся ўражаннямі. Пабачыўшы бэйдж “Прэса. Голас Радзімы” звярнулася да мяне Людміла Курыловіч, намесніца старшыні Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Маскоўскай вобласці. Людміла на з’ездзе ўжо трэці раз, вельмі падабаецца ёй сёлетняя атмасфера — шчырая, цёплая, сяброўская. Узгадала, як у свой час яе маці, Ніна Маркаўна Захарэвіч з Пастаў Віцебскай вобласці, напісала верш “Голас Радзімы”. Ён друкаваўся ў газеце, пасля быў пакладзены на музыку: песня і сёння ў рэпертуары гурта беларускай суполкі ў Эстоніі “БЭЗ”. Сама ж Людміла Курыловіч, былы матэматык, займаецца жывапісам. Яе 43 карціны, створаныя па вобразах з вершаў матулі, дэманструюцца ў Пастаўскім доме рамёстваў. Адкрылася выстава ў час фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” і доўжыцца будзе да канца лета.

Пазнаёміліся мы і з Кацярынай Фарондай, кіраўніцай Беларуска-амерыканскай асацыяцыі. У ЗША яна жыве 14 год, мае свой бізнес, сям’ю, аднак і з Бацькаўшчынай сувязі падтрымлівае. Дзякуючы Кацярыне ў некаторых крамах Ню-Ёрка ёсць хлеб з Гродзенскага хлебакамбіната, а ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе адкрыліся магазіны беларускіх прадуктаў. Вельмі падабаецца зямлячцы атмасфера добразычлівасці і паразумення, што пануе на з’едзе. Гаворыць: зноў збіраецца ў Мінск у кастрычніку — з амерыканскімі інвестарамі будуць ладзіць канферэнцыю па прэзентацыі навейшых тэхналогій. Займаецца і дабрачыннасцю: часта з-за акіяна паступае гуманітарная дапамога для дзіцячых дамоў Беларусі.

Супляменніцы з Малдовы сустрэліся са старшынёй таварыства “Радзіма” Максімам Дубянком
Фота Кацярыны Мядзведскай

Слухаючы прамовы дэлегатаў, гледзячы ў іх натхнёныя вочы, я згадвала, як нядаўна Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прапанаваў усім беларусам паспрыяць адраджэнню малой радзімы: “Давайце хто колькі можа, хто як можа, зробім для нашай малой радзімы тое, што можа зрабіць кожны”. Між тым беларусы замежжа ў такіх высакародных справах ужо ўдзельнічаюць: пашыраюць веды пра сваю малую радзіму ў свеце. Мы пісалі, напрыклад, пра фотавыставу “Родныя сялібы” кіраўніцы Беларускага культурнага руху Малдовы Ганны Мазур (ГР., 28.07.2016). Выстава праходзіла ў Бюро міжэтнічных адносін Малдовы, і фотамастачка плануе прадставіць яе на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Кішынёве. Гэта 30 фотаработ з маляўнічымі краявідамі вёсак Беразоўка ды Варона Астравецкага раёна Гродзеншчыны: адтуль родам бацькі Ганны. На здымках бачны просты вясковы побыт, праца вяскоўцаў. Па прызнанні Ганны, выстава стваралася ў падарунак родным і ўсім цяперашнім і былым жыхарам тых мясцовасцяў.
Людміла Курыловіч прадстаўляе суполку Маскоўскай вобласці
Фота Кацярыны Мядзведскай

Пэўна, у кожнага дэлегата-беларуса замежжа ёсць свае праекты, скіраваныя на захаванне родных традыцый, культуры, памяці. Ганаровы консул Беларусі ў Казані, старшыня Беларускай грамады “Спадчына” Сяргей Марудэнка заклапочаны ўсталяваннем помніка Янку Купалу ў прыволжскім сяле Пячышчы. А Сяргей Сіроткін і Алесь Сапега з Швейцарыі дбаюць пра перазахаванне ў Беларусі праху княгіні-мецэнаткі Магдалены Радзівіл: на яе грошы, напрыклад, выдаваўся зборнік “Вянок” М. Багдановіча. Яшчэ адзін іх клопат — усталяванне помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. Пра паспяховы праект “Беларускія вёскі Расіі” расказвала намесніца старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” Тамара Яшына. Нядаўна, казала, выйшла брашура пра сяло Лабанаўка Усурыйскай гарадской акругі Прыморскага краю: заснаванае яно беларусамі 110 гадоў таму, аднак і сёння жывуць у ім беларускія традыцыі, словы. У брашуры ёсць і здымкі першых жыхароў-перасяленцаў, іх дзяцей, унукаў, праўнукаў. 

Старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова падарыла мне каляндарык, у якім пазначаны асноўныя мерапрыемствы суполкі. І бліжэйшае: Фестываль беларусаў свету на Байкале. Пра яго мы яшчэ напішам. Звярнула я ўвагу і на кашулю актывіста моладзевага гурта “Крывічы” Алега Рудакова. Самаробная! Ільняная, бялюткая, з чырвоным арнаментам — святочная. “Пашыла-вышыла яе кіраўніца гурта Воля Галанава, — пахваліўся Алег. — Дый сама яна ў вышыванай кашулі”. Суразмоўца прызнаецца: “Кожны З’езд беларусаў свету — святочная падзея. Гэта сустрэчы з сябрамі, новыя знаёмствы, і грунтоўная размова, а пасля — практычныя вынікі”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 28 (3532), чацвер, 27 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter