Творчы калектыў Агенцтва телевізійных навін атрымаў спеціяльную прэмію Прэзідэнта за стварэнне хранікальна-дакументальнага серыяла “Справа жыцця”

Справа зроблена

Людзі з аднаго боку, і людзі з іншага. А як пра навуку можна расказаць без асоб? Але проста зняць партрэты або замалёўкі — гэта зусім банальна. Да таго ж людзі, якія зрабілі адкрыцці, вартыя большага. Таму і вырашылі пайсці іншым шляхам. Расказвае Руслан Туркоў:

— Як звычайна працуюць у АТН? Аператыўна выехалі на месца, хутка знялі сюжэт і зараз жа выдалі яго ў эфір. А тут мы падышлі з іншага боку — падзялілі здымачны працэс на два этапы: спачатку бралі інтэрв’ю ў галоўных герояў, па матывах якога пісалі сцэнарый, да працы далучаўся рэжысёр, і толькі пасля паўторна ехалі на тыя ж кропкі і ўжо пастановачна здымалі. Такім чынам, у нас атрымаўся паўнавартасны дакументальны фільм. Усяго дванаццаць серый.

Над фільмам працавала вялікая творчая группа АТН
фота белта

У кожным фільме — новы герой, дакладней, новая навуковая распрацоўка, а таксама людзі, якія маюць да яе дачыненне. Усе яны розныя, але што іх аб’ядноўвае — апантанасць. Кожная гісторыя — гэта шлях да ажыццяўлення сваёй ідэі. Звычайна шлях шматгадовы. Героямі гэтых асоб можна называць не толькі за іх дасягненні, але і за тое, што яны дайшлі, не зламаліся, не спыніліся. І ў вынiку мы маем перадавыя тэхналогіі ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, медыцыне і г. д.

— Ведаеце, калі фільм ужо выйшаў на экраны, я зразумеў, што гэты праект мы рабілі не столькі для вучоных, колькі для тых, хто яшчэ носіць у сабе нейкія вынаходкі і не ведае, як іх увасобіць у жыццё, — працягвае Руслан. — А тут яны ўбачылі, што нехта калісьці быў на іх месцы і ўрэшце дабіўся сваёй мэты, і ў іх пачынаюць вырастаць крылы.

Гэта сёння, пасля заканчэння праекта і атрымання ўзнагароды, хочацца гаварыць толькі гучныя словы. Хаця справа ў журналістаў была  нялёгкая.  Навука  наогул тэма няпростая, таму  і расказаць пра яе даступна і зразумела не кожны зможа. Суразмоўнікі з гумарам расказваюць, як амаль кожны раз, выбіраючыся ў камандзіроўку, сумняваліся ў сваіх здольнасцях, але іх заўсёды сустракалі разумныя людзі, якія з захапленнем расказвалі пра справу свайго жыцця.

— Амаль усе нашы героі — гэта людзі з доктарскімі або кандыдацкімі званнямі. Разумныя асобы, з якімі цікава размаўляць. Але часам яны так захапляліся, што пачыналі ўжываць надта шмат тэрмінаў, настолькі паглыбляліся ў дэталі, што потым даводзілася «перакладаць» усё на зразумелую мову. У выніку мы разам проста расказвалі пра складаныя рэчы, — гаворыць Антаніна. І працягвае: — Не захапляцца гэтымі людзьмі немагчыма. Здавалася б, ну што такога ў трактары «Беларус», які ўжо дзесяцігоддзі робіць сваю справу? А калі мы даведаліся пра гісторыю яго стварэння, мадэрнізацыю і людзей, якія маюць дачыненне да гэтага, зусім па-іншаму пачалі адносіцца да сельскагаспадарчай тэхнікі. Або вырошчванне журавін і буякоў. Мне, дзяўчыне з Палесся, гэта наогул здавалася незразумелым: якая ж гэта навука, калі гэтыя ягады самі растуць на балоце? А потым сустрэлася з навукоўцамі і вытворцамі і зразумела, што гэтыя людзі робяць вельмі патрэбную справу. Ці ведалі вы, што падчас в’етнамскай вайны ў амерыканскіх узброеных сілах выкарыстоўвалі сушаныя журавіны ў сухім пайку дзеля забеспячэння вайскоўцаў глюкозай і іншымі каштоўнымі рэчывамі? Звычайныя разынкі ва ўмовах вільгаці псаваліся, а сушаныя журавіны — не. Але гэта былі не ягады з балота, а спецыяльна вырашчаныя. Што датычыцца вырошчвання журавін у Беларусі, то тут зрабілі адразу дзве важныя справы: яшчэ вярнулі ў сельгасабарот асушаныя землі.

Словам, журналісты АТН адшукалі шмат цікавых людзей і гісторый і спыняцца не збіраюцца. Яны ўжо зрабілі наступны цыкл «Справы жыцця» пра дзеячаў культуры, у планах — іншыя персоны. Наперадзе ў гэтай жа каманды і цікавы праект пра Белавежскую пушчу, дакладней, пра тую яе частку, куды пабочным асобам уваход забаронены. Туркоў з Атрашэўскім ужо знялі два сезоны: пра лес летам і вясной. Цяпер чакаюць снегу, каб паказаць зімовую пушчу. Потым яшчэ камандзіроўка вясной — і чарговы дакументальны фільм выйдзе на тэлеканале «Беларусь 1». 

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter