Прэзідэнт прыняў удзел у рабоце 42-га з’езда грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Справа маладая

Прэзідэнт прыняў удзел у рабоце 42-га з’езда грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На форуме гаворка ішла аб маладзёжнай палітыцы, яе кадравым забеспячэнні і аб тым, ці лёгка сёння маладым людзям знайсці сваю дарогу ў жыцці. 


Зразумела, Прэзідэнт у сваім выступленні закрануў тэмы адукацыі: “Сённяшні тэхналагічны ўклад робіць свет даступным і ў нейкім сэнсе аднолькавым. Выраўноўваюцца магчымасці атрымання адукацыі і арганізацыі вытворчасці, укаранення найноўшых спосабаў лячэння і доступаў да інфармацыі, правядзення даследаванняў і арганізацыі гандлю. Таму, каб дабіцца камерцыйнага поспеху, навуковага прызнання, нарэшце, проста сямейнага дабрабыту, няма неабходнасці ехаць за акіян. Для гэтага не трэба нават пераязджаць з глыбінкі ў сталіцу. Усюды патрэбны максімальны ўклад уласнай працы і ўпартасць у дасягненні мэты. Важна, каб кожны з вас як мага раней зразумеў і прыняў гэтую простую ісціну”.

Прэзідэнт упэўнены: “Мы павінны прадаставіць і забяспечыць кожнаму маладому чалавеку якасную базавую адукацыю, а таксама выхаванне — тое, што стане падмуркам яго асобаснай сталасці. Далей — персанальны выбар і індывідуальны шлях развіцця, шлях да вашага дабрабыту і шчасця. Ужо сёння наймальнік глядзіць не толькі на дыплом, але і на дадатковыя веды і досвед, якія выпускнік назапасіў, працуючы над сабою: курсы, трэнінгі, школы, стажыроўка, навуковыя даследаванні, самастойная работа”. 

Падавалася б, да такой сістэмы адукацыі цяперашняе маладое пакаленне гатовае лепш, чым папярэдняе. У той жа час маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць трэцюю частку беспрацоўных, зарэгістраваных у органах службы занятасці, а гэта больш за 55 тысяч чалавек. “У чым прычына — у недахопе ведаў або ў завышаных патрабаваннях кіраўнікоў?” — задаўся пытаннем Кіраўнік дзяржавы. Ён лі­чыць, што ўся справа ў неапраўданых запытах суіскальнікаў. Работы ў краіне, увогуле, хапае, вось толькі “зялёныя” выпускнікі ВНУ хочуць усяго і адразу. Не хочуць працаваць на нізавых пасадах, лічачы, што яны павінны атрымліваць максімальна магчымую зарплату. Малады інжынер жадае адразу атрымліваць зарплату гендырэктара, але не задумваецца, колькі таму давялося пераадолець цяжкіх ступенек на шляху да кіраўніцтва прадпрыемствам. 
“Нішто нікому не даецца адразу, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Нельга выехаць на шырокую дарогу, не пераадолеўшы старту, не разагнаўшы аўтамабіль, дзесьці нават не забуксаваўшы. Скажу прама: адукацыя — гэта, калі хочаце, усяго толькі вадзіцельскае пасведчанне, а здольнасць стаць лепшым спецыялістам, ісці ўверх па кар’ернай лесвіцы, да матэрыяльнага дабрабыту — гэта прафесіяналізм вадзіцеля, які выпрацоўваецца гадамі”. 

Прэзідэнт гаварыў і аб кадравым забеспячэнні маладзёжнай дзяржпалітыкі. Ён лічыць, што яе нездавальняючы ўзровень з’яўляецца даволі сур’ёзнай праблемай. І адна з важных задач БРСМ — знаходзіць і выгадоўваць такіх лідараў, якія “змогуць павесці беларускую моладзь да важных для ўсяго грамадства і дзяржавы спраў”. Кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць і, галоўнае, сацыяльная адказнасць за будучыню краіны — менавіта гэтыя якасці трэба фарміраваць у маладых грамадзян. На думку Прэзідэнта, ключавое значэнне ў гэтым працэсе належыць настаўнікам, куратарскай дзейнасці, да якой павінны прыцягвацца лепшыя навукоўцы і практыкі. Аднак у краіне гэты інстытут органамі дзяржкіравання і арганізацыямі незаслужана забыты, хоць менавіта настаўніцтва з’яўляецца ўнікальным метадам аказання падтрымкі ў працэсе вучобы і службовага прасоўвання работніка. Яно ў большай ступені паскарае прафесійнае станаўленне маладых работнікаў, спрыяе іх прафесійнай адаптацыі, фарміруе згуртаваны калектыў. 

Аляксандр Іваноў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter