Справа №... 85.

У Нацыянальным архіве Беларусі можна знайсці пацверджанне вашага працоўнага стажу, пачытаць пісьмы франтавікоў, даведацца пра лёс тых ці іншых асоб.

У Нацыянальным архіве Беларусі можна знайсці пацверджанне вашага працоўнага стажу, пачытаць пісьмы франтавікоў, даведацца пра лёс тых ці іншых асоб.

Не многія з наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі ведаюць, што ў адным з крылаў “алмаза ведаў” размяшчаецца галоўны архіў Беларусі. І яшчэ менш здагадваюцца, што прыйшлося яму перанесці, каб захаваць больш за мільён каштоўных дакументаў. Сёння НАРБ з’яўляецца буйнейшым архівам сучаснай палітычнай гісторыі не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Карэспандэнт “НГ” завітала ў архіў напярэдадні яго 85-годдзя, на свае вочы ўбачыла, як захоўваюцца гістарычныя дакументы і патрымала ў руках унікальныя партызанскія выданні і калгасныя вопісы.

Пад сакрэтам

Гледзячы на сучасны, добра абсталяваны будынак, у якім зараз знаходзіцца Нацыянальны архіў, нават цяжка ўявіць, што за сваю шматгадовую гісторыю яму прыйшлося размяшчацца і ў царкве Святога Духа ў Мінску, і ў Станіслаўскім касцёле і Брацкай царкве ў Магілёве, і нават у Рызе, куды частку дакументаў вывезлі падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты. Тады, дарэчы, архіў страціў каля паловы сваіх фондаў — каштоўныя дакументы спальваліся, бы нікому не патрэбная макулатура. Аднак з часамі архіў не толькі аднавіўся, ён вырас больш чым у сем разоў.

Трапіць у будынак не так проста. На ўваходзе — ахова. Каб атрымаць дазвол на працу ў архіве, патрэбна спецыяльная заява і фотакартка 3х4. А там — калі ласка.

— Вось чытальная зала, — праводзіць па архіве кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі. — Штогод тут працуюць каля 3000 даследчыкаў. Не толькі беларусы, але немцы, палякі, аўстрыйцы, ізраільцяне, літоўцы і многія іншыя. Аднак уявіце сабе, што да 40-х гадоў у архіве працавала не больш за 30 чалавек.

Дзіўна, тут жа захоўвалася дастаткова шмат цікавых дакументаў. Няўжо ні ў кога не было патрэбы іх вывучаць?

— Справа ў тым, што доўгі час архіў існаваў пад патранатам НКУС. Старонніх сюды проста не пускалі, — тлумачыць Анатоль Фёдаравіч. — Некаторыя дакументы і сёння з’яўляюцца сакрэтнымі — гэта асабістыя справы, біяграфіі людзей, а таксама дакументы, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Але да большай часткі фонду маюць доступ усе жадаючыя.

Пяць паверхаў дакументаў

У фондах архіва знаходзяцца дакументы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнай улады і кіравання, партый, разнастайных арганізацый і прадпрыемстваў, у тым ліку калгасаў, школ, шпіталяў, рэдакцый, пачынаючы з 1917 года. Асаблівую цікавасць уяўляюць дакументы ваенных часоў. Да прыкладу, у архіве захоўваюцца спісы і падарожныя лісты асоб, адпраўленых на працу ў Германію, калекцыі пісем франтавікоў, лістовак, газет і плакатаў падпольных арганізацый і партызанскіх атрадаў.

— Даследчыкі вызначаюцца з перыядам, тэмай ці пытаннем, якія іх цікавяць, і звяртаюцца ў чытальную залу, — працягвае знаёміць з працай архіва Анатоль Вялікі. — Супрацоўнікі архіва праглядаюць вопісы і падказваюць, у якіх менавіта дакументах варта шукаць інфармацыю.

— А пасля? — цікаўлюся.

— Пасля адпраўляюцца ў сховішчы, каб гэтыя дакументы адшукаць і прадаставіць даследчыку. Для іх адведзены 17—21-ы паверхі. Жадаеце зазірнуць?

А як жа! Заўсёды марыла ўбачыць гэтыя вялізныя пакоі з доўгім шэрагам стэлажоў. Праўда, стосаў папер на паліцах, як я сабе ўяўляла, не ўбачыла. Усе архіўныя дакументы захоўваюцца ў спецыяльных боксах з нумарамі — каб прасцей было весці пошук. Адкрываем адзін наўгад.

— Вось, да прыкладу, “Сводки о выполнении плана лесозаготовки и лесовывозки по Наркому БССР” 1941 года, — Анатоль Фёдаравіч працягвае пажоўклую паперу з надрукаванымі на пішучай машынцы літарамі. Нязвыкла — для чалавека з ХХІ стагоддзя. — Самі бачыце, якая далікатная папера. Нездарма дакументы захоўваюцца ў боксах, а ў памяшканнях няма акон.

Газеты на дысках

— Ёсць у архіве і асабліва каштоўныя дакументы, якія не выдаюцца ў чытальную залу, — расказвае Анатоль Вялікі. — Аднак мы іх алічбоўваем. Таму даследчыкі маюць магчымасць пазнаёміцца з імі праз камп’ютары, якімі абсталявана зала. Апошнім часам НАРБ пачаў практываць электронныя выданні дакументаў. Так, па матэрыялах газетнага фонду архіва перыяду Вялікай Айчыннай вайны сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі былі выдадзены два cd-дыскі “Падпольны і партызанскі друк Беларусі”. У выніку было адсканавана больш за 170 арыгінальных газет. Тут і карыкатуры на Гітлера, і выступленні Сталіна, і патрыятычныя артыкулы беларускіх пісьменнікаў.

Такім чынам, сёння НАРБ не проста архіў, а сапраўдны навукова-даследчы цэнтр.

— Супрацоўнікі архіва інтэсіўна працуюць над выданнямі зборнікаў дакументаў. За апошнія тры гады выдадзена больш за 20 зборнікаў дакументаў розных перыядаў. Можаце самі ўбачыць, — Анатоль Фёдаравіч праводзіць у бібліятэку архіва. — Вось цікавы двухтомнік “Белорусы в советском тылу” ці “Трагедия белорусских деревень 1941—1944”. Выданне ўнікальнае — уключае поўны збор вёсак, якія былі спалены на тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, супрацоўнікі Нацыянальнага архіва ўдзельнічаюць у розных канферэнцыях, круглых сталах, міжнародных праектах. Архіў не нейкая статычная ўстанова, як можа каму падацца. Паверце, у НАРБ жыццё бурліць і праз 85 гадоў!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter