Справімся. Па 1000 гектараў у дзень...

ШАРКОЎШЧЫНСКІ раён — асаблівы ў вобласці і рэспубліцы па сваіх землях, і пасяўная праходзіць тут амаль заўсёды ў надта складаных умовах. Не выключэнне і сёлетняя. Гліністая пераўвільготненая глеба стрымлівала тэхніку. На днях давялося пабываць у ААТ «Шаркоўшчынскі агратэхсэрвіс», які далучыў да сябе тры былыя калгасы. На першым ўчастку сеялі пшаніцу механізатары Віктар ПЯТКЕВІЧ і Міхаіл ШУК. І вось тыповая дэталь: поле ўзарана не так даўно, уначы, а «грабяні» глебы к абеду пачалі камянець.

Каб завяршыць пасяўную ў адведзены час, тэхніка на палях ААТ «Шаркоўшчынскі агратэхсэрвіс» працуе кругласутачна

ШАРКОЎШЧЫНСКІ раён — асаблівы ў вобласці і рэспубліцы па сваіх землях, і пасяўная праходзіць тут амаль заўсёды ў надта складаных умовах. Не выключэнне і сёлетняя. Гліністая пераўвільготненая глеба стрымлівала тэхніку. На днях давялося пабываць у ААТ «Шаркоўшчынскі агратэхсэрвіс», які далучыў да сябе тры былыя калгасы. На першым ўчастку сеялі пшаніцу механізатары Віктар ПЯТКЕВІЧ і Міхаіл ШУК. І вось тыповая дэталь: поле ўзарана не так даўно, уначы, а «грабяні» глебы к абеду пачалі камянець.

— Нельга адставаць. Трэба рупіцца! — кідаюць скупыя словы механізатары. — Вы нас і засталі тут, ля дарогі, бо толькі што прывозілі абед. Кормяць добра. У начную даюць яшчэ пайку з сабой і дадаткова — 40 працэнтаў да заробку.

Тут жа, на полі, дзяжураць на загрузчыку зерня, абсталяваным на ГАЗ-53, вадзіцель Канстанцін Вязіцкі і рабочы Мікалай Цімафееў.

Падняўся настрой ва ўдзельнікаў пасяўной і з нагоды сустрэчы з карэспандэнтам «Белорусской нивы». Газету яны чытаюць, лічаць яе роднай, бо ніхто больш так усебакова і цікава не расказвае пра сельскае жыццё, людзей.

Яравы зерневы клін у агратэхсэрвісе павінен заняць 2400 гектараў. Да таго ж з восені з-за праліўных дажджоў засталося не паднятым 1000 гектараў зябліва. А тэрмінаў заканчэння сяўбы ніхто не адмяняў.

— Справімся, — запэўніў дырэктар арганізацыі Аляксандр Варона. — Для гэтага ёсць усё: тэхніка, гаручае, людзі. Работы арганізавалі кругласутачна. У тым ліку з сённяшняга дня — і пасяўных агрэгатаў. У начную пойдуць Мікалай Астроўскі, Сяргей Балай, Валерый Александровіч.

Ён называе механізатараў, якія вызначаюцца на ворыве глебы, яе падрыхтоўцы да сяўбы: Віктара Баранчукова, Дзмітрыя Лонскага, Сяргея Кабака, Вячаслава Катовіча, Аляксандра Малкава.

Нельга не адзначыць плённую работу і маладога, але мудрага, вопытнага начальніка ўчастка № 2, што ў Вялікім Сяле, Вячаслава Пярхальскага. Яго ўчастак першым усяго за 5 дзён падкарміў азімыя на паўтысячы гектарах, якія выйшлі з зімы ў добрым стане, а цяпер паспяхова вядзе сяўбу.

Тэхніка агратэхсэрвіса, каб не ганяць яе за дзясяткі кіламетраў да майстэрняў і назад, застаецца ў полі ўвесь час. Там яе і запраўляюць. Ноччу ёсць вартаўнік.

На 3 мая ў ААТ «Шаркоўшчынскі агратэхсэрвіс» пасеяна 650 гектараў зерневых. Апошнія суткі прыбаўка склала 220 гектараў. Разлік — выйсці на 300 гектараў.

Старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч, каменціруючы ў цэлым ход вясенне-палявых работ у раёне, адзначыў, што, нягледзячы на позні пачатак і складаныя ўмовы, хлебаробы імкнуцца завяршыць сяўбу ў тэрміны, устаноўленыя аблвыканкамам. Для гэтага трэба сеяць у суткі не менш 1000 гектараў. На гэты параметр якраз цяпер і выйшлі. А далей — будуць прыбаўляць. Усяго па раёне пад яравы клін ужо занята 3,5 тысячы гектараў, або 26 працэнтаў да плана.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter