Справілі наваселле

Лоеўскі цэнтр соцабслугоўвання набыў уласныя «дах і сцены»

Лоеўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельшчыны набыў уласныя «дах і сцены»

Гэтага моманту амаль восем гадоў чакалі не толькі мясцовыя сацыяльныя работнікі, якія, не маючы будынка, туліліся аж у трох адасобленых памяшканнях.

Праўда, каб прывесці гістарычную пабудову — равесніцу Кастрычніцкай рэвалюцыі — у належны стан, спатрэбілася не толькі шмат намаганняў, але і каля двух мільярдаў рублёў. Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гомельскага аблвыканкама Пётр Савіцкі, які прымаў удзел ва ўрачыстым адкрыцці цэнтра, перакананы: укладзены сілы і сродкі не дарэмна.

— Размову зараз можна весці не толькі аб стварэнні камфортных умоў для наведвальнікаў і персаналу цэнтра, але і аб дадатковых магчымасцях для ўкаранення новых форм сацыяльнай работы, — зазначае кіраўнік камітэта.

Сёння ў цэнтры створана чатыры аддзяленні: першаснага прыёму, адаптацыі і рэабілітацыі, дзённага знаходжання інвалідаў, сацыяльнай дапамогі па месцы жыхарства. Улічваючы кантынгент наведвальнікаў, будынак аснасцілі пандусамі і іншымі неабходнымі ўмовамі безбар’ернага асяроддзя. Наведвальнікам з фізічнымі недахопамі тут будзе зручна.

— Напрыклад, сёння ў нас рэалізуецца праект працоўнай рэабілітацыі інвалідаў першай і другой груп, якія ніколі не працавалі, — тлумачыць спецыяліст Лоеўскага цэнтра Валянціна Анцыповіч. — Мы прывіваем ім не толькі элементы самаабслугоўвання, але і некаторыя працоўныя навыкі, уключаючы навучанне камп’ютарнай грамаце.

Сказаць, што падобныя ўстановы сёння вельмі запатрабаваныя, — не сказаць нічога. Як сведчыць статыстыка, у дзеючых 25 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання Гомельшчыны, а таксама Гомельскім гарадскім зараз знаходзіцца на ўліку болей як 220 тысяч грамадзян. Толькі за першае паўгоддзе 2013-га звярнулася сюды за падтрымкай каля 50 тысяч інвалідаў, састарэлых, адзінокіх грамадзян і членаў шматдзетных сем’яў. Таму абнаўленне і пашырэнне сеткі такіх устаноў, перакананы ў абласным камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, накірунак абгрунтаваны. Дарэчы, у верасні пасля завяршэння рэканструкцыі расчыніць дзверы абноўлены цэнтр Гомельскага раёна, а неўзабаве прыме першых наведвальнікаў і аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў у Петрыкаве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter