Пагаворым пра тое, што цэнім больш за ўсё

Спрадвечныя каштоўнасці

Пагаворым пра тое, што цэнім больш за ўсё. І адразу нехта скажа: што можа быць даражэйшае за чалавечае жыццё. Вядома, з гэтым не паспрачаешся. Тым больш, калі адчуваеш увесь жах ваеннага канфлікту не дзесьці вельмі далёка, а літаральна побач — у суседняй краіне. Такое, як гаворыцца, і ў страшным сне яшчэ нядаўна нельга было ўявіць. Але вось пранеслася побач: гінулі мірныя жыхары — дзеці, жанчыны, старыя. Лік ішоў на тысячы. І дай бог, каб ініцыятыва Мінска па мірным вырашэнні праблем на Украіне ўвянчалася поспехам. Бо жыццё — спрадвечная каштоўнасць на зямлі. 

Зрэшты, хвала і тым, хто рызыкуючы жыццём змагаецца супраць эпідэмій, хто хоча дапамагчы бедным і галодным, хто зноў жа шчыра жадае прадухіліць ваенныя канфлікты ў розных кутках планеты. Пакуль яшчэ не страціла аўтарытэт у такіх дзеяннях Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая сёлета адзначае 70-годдзе з дня заснавання. Сваю насычаную біяграфію мае і цеснае ўзаемадзеянне Беларусі з ААН. Пра гэта мы паспрабуем расказаць у цэлай серыі матэрыялаў, прапанаваўшы іх у бліжэйшых нумарах. У гэтым выпуску першая публікацыя пад назвай “Місія для развіцця”.

А хіба хлеб не найвышэйшая каштоўнасць? Гэта цяпер ён, магчыма, многімі ўспрымаецца як звычайны прадукт харчавання. Але мы ведаем сапраўдную цану хлебу: па фільмах пра блакадны Ленінград, па ўспамінах продкаў пра суровыя гады ваенных ліхалеццяў, калі хлеб быў на вагу золата. Гэта быў хлеб-выратавальнік! А потым для краіны ён станавіўся мерай дабрабыту, працоўных дасягненняў. Не дзіўна, што доўгі час у зводках пра ход сельскагаспадарчых работ прыводзілася, колькі хлеба сабрана на палях. 

Няпростая гэта справа — убіраць хлеб нават пры сучас-ных тэхналогіях. А мы ж памятаем, цаною якіх намаганняў гэта ўдавалася рабіць раней. Зразумела, чаму прафесія хлебароба так цэніцца сёння. Яна сімвалічная, як і сам хлеб. 

Нездарма ў народзе кажуць: “Хвала рукам, што пахнуць хлебам”. А яшчэ гавораць: “Будзе хлеб, будзе і песня!” Гэта сведчыць пра базіс, на якім трымаецца ўсё астатняе.

Чытайце ў нумары падборку матэрыялаў на гэтую тэму. Палічылі яе важнай і нестарэючай. Дарэчы, на беларускім Палессі, у вёсцы Моталь, стварылі Музей хлеба. Раім у ім пабываць, а заадно даведацца пра рэцэпты палескага хлебапячэння. І наогул у вёсцы Моталь да каравая адносіны асаблівыя. Невыпадкова ж абрад, які тут перадаецца з пакалення ў пакаленне, прэтэндуе на статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі і нават Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У гэтым выпуску часопіса нямала  і іншых публікацый, якія, на наш погляд, павінны выклікаць цікавасць у чытача. Напрыклад, матэрыял “Доктар Эсперанта”. 

Напамінам пра тое, што знакаміты стваральнік мовы эсперанта Людвік Заменгоф жыў у Гродне, доўгія гады служыла толькі мемарыяльная дошка на фасадзе старадаўняга будынка. Сам жа дом Доктара Эсперанта, якога так называюць ва ўсім свеце, ужо дзясятак гадоў стаяў закінутым. Спыніць разбурэнне гістарычнай каштоўнасці два гады назад вырашыў мясцовы прадпрымальнік Мікалай Шамін. Гро-дзенца зацікавіў лёс незвычайнага чалавека, які тут жыў. Пасля рэканструкцыі дома, максімальна захаваўшы яго аўтэнтычнасць, Мікалай мае намер адкрыць экспазіцыю, прысвечаную стваральніку і па гэты час жывой мовы. 

Край першароднай прыроды, магутнага прамысловага патэнцыялу і ўнікальных старадаўніх традыцый. Менавіта так можна прадставіць сёння паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі — Гомельскую вобласць. Чытайце публікацыю “Вясна тут ранняя...” і даведайцеся больш падрабязнасцяў пра гэты край.

 Дарэчы, сёння Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, які знаходзіцца менавіта ў Гомельскай вобласці, — адна з самых папулярных турыстычных славутасцяў Беларусі. На вялікіх плошчах “беларускай Амазоніі” ў першародным выглядзе захаваліся прыродныя сістэмы з багацейшым раслінным і жывёльным светам — вялікія балоты, шырокія поймы, дубровы, шырокаліставыя лясы. 
Цікавага і паказальнага ў краі шмат. Як шырокая і геаграфія нашых іншых публікацый.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter