Передовой опыт Витебщины по реабилитации и подготовке к самостоятельной жизни инвалидов с психическими проблемами

Спрабуйце, вам гэта па сiлах!

Шызафрэнія, аўтызм, разумовая адсталасць, эпілепсія... Інваліднасць па псіханеўралагічным профілі, калі ёсць праблемы з інтэлектам, многімі ўспрымаецца як прысуд. Асабліва калі ў такога чалавека няма сваякоў, гатовых узяць на сябе апеку. Як правіла, выйсце з сітуацыі — пажыццёвая прапіска ў спецыялізаваным доме-інтэрнаце, дзе забяспечаць кругласутачнае назіранне і догляд. Са змяненнем стаўлення да праблемы інваліднасці ў краіне з’яўляюцца шырэйшыя магчымасці жыццеўладкавання людзей з ментальнымі парушэннямі. Гэтым летам крута змяніўся лёс 23-гадовага былога пастаяльца Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця Вячаслава Вагайцава. У ліпені яго афіцыйна прынялі на працу ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гарадоцкага раёна, а для самастойнага пражывання далі аднапакаёвую добраўпарадкаваную кватэру. Карэспандэнты «Р» даведаліся падрабязнасці.

Прадстаўнікоў сацыяльнай службы Вячаслаў называе сваімі бацькамі.

Ёсць куды імкнуцца

  Вячаслаў Вагайцаў застаўся сіратой у раннім дзяцінстве. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў з-за п’янства. Праўда, праз час жанчына выправілася і аднавіла свае мацярынскія правы. Аднак толькі ў дачыненні да двух іншых дзяцей. Славу з-за яго інваліднасці забраць не захацела. Спачатку хлоп-чык выхоўваўся ў доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пасля дасягнення паўналецця МРЭК прызнала яго недзеяздольным, устанавіла II групу інваліднасці. Паўстала пытанне пераводу хлопца ў «дарослы» дом-інтэрнат. I тут высветлілася, што, па даных псіхалагічнага тэсціравання, у яго станоўчая дынаміка, і ёсць шанц аднавіць дзеяздольнасць і навучыць яго абыходзіцца без чужой дапамогі.

 У Славы разгледзелі патэнцыял не толькі таму, што яго дыягназ не самы цяжкі. Такіх, як ён, псіхолагі называюць матываванымі: энергічны, актыўны, камунікабельны, з задавальненнем займаўся ў рабочых майстэрнях і імкнуўся дапамагаць іншым. Таму калі раён стаў пляцоўкай для рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Стварэнне адукацыйнай прасторы ў перыяд дэінстытуалізацыі людзей з інтэлектуальнымі хваробамі», які прадугледжвае дапамогу людзям з лёгкай і сярэдняй разумовай адсталасцю, Вагайцава адабралі для ўдзелу першым.

Ключы ад свайго жылля атрымаў!

— Чалавечы мозг валодае нейрапластычнасцю — здольны змяняцца, перанастройвацца пад уздзеяннем вопыту і новых ведаў. А значыць, памяць, мысленне і ўвагу можна паляпшаць, развіваць працоўныя і сацыяльныя навыкі, — каменціруе медыцынскі псіхолаг Гарадоцкай ЦРБ Людміла Судакова. Прынамсі, лёгкая разумовая адсталасць паддаецца карэкцыі, бо гэты дыягназ часцяком з’яўляецца вынікам банальнай педагагічнай i сацыяльнай занядбанасці. У рамках праекта мы праводзілі са Славам індывідуальнае навучанне па інтэлектуальным развіцці і сацыяльнай інтэграцыі, трэнінгі і псіхатэрапію, духоўныя практыкі з мясцовым святаром і пастаянную дыягностыку змен пры дапамозе тэстаў па распрацаванай мной аўтарскай праграме, узгодненай з кафедрай медыцынскай псіхалогіі Віцебскага дзяржуніверсітэта.

Магчымасць быць адказным

Людзей з ментальнымі парушэннямі часта называюць вялікімі дзецьмі. Гаворка бязладная, эмоцыі скачуць, давесці пачатае да канца ім складана, бо хутка знясільваюцца, а ў правіннасцях не прызнаюцца. Перш чым даверыць ім абавязкі, ставіцца задача навучыць іх рэгуляваць свой эмацыянальны стан і дзеянні, сфармiраваць пачуццё адказнасці. У эмацыянальна-валявой сферы Вячаслаў Вагайцаў дасягнуў поспеху. Размаўляючы з ім, старонняму чалавеку складана вызначыць, што з ім нешта не так. У маі прадстаўнікі сацыяльнай службы вырашылі падаць дакументы на аднаўленне дзеяздольнасці. І пасля дбайнага тэсціравання і абследаванняў дзеяздольнасць хлопцу вярнулі.

Абавязкі — суправаджаць наведвальнікаў дзённага аддзялення інвалідаў.

З нагоды новага этапу жыцця і прыезду журналістаў хлопец апрануўся ў дзелавы касцюм з гальштукам і жартаўліва пракаменціраваў гэта:

 — Колер настрою — сіні!

 Праўда, у адказ на прапанову сфатаграфавацца новы сацыяльны работнік нечакана эмацыянальна запратэставаў і адвярнуўся. Тыповая рэакцыя чалавека з ментальнымі парушэннямі на неспадзяваную сітуацыю — замкнёнасць, сыход у сябе, адмова ад зносін і дзейнасці. Па гэтай прычыне многія інваліды, якія праходзяць працоўную рэабілітацыю, абмяжоўваюцца, як правіла, працай, якая прадугледжвае аднастайныя дзеянні, адпрацаваныя да аўтаматызму. Тым не менш Вагайцаў — асаблівы выпадак: у яго патэнцыял развіцця і, самае галоўнае, — ёсць суправаджэнне: ва ўсіх няштатных сітуацыях вопытны спецыяліст будзе з ім побач.

— Вячаслаў, ты можаш, ты гатовы! — падбадзёрыла яго псіхолаг Анастасія Алалыкіна. І нядаўняя катэгарычнасць хлопца змянілася згодай.


Роўны навучае роўных

  — Мы адкрылі для Вагайцава рабочае месца па адаптацыі інваліда на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, — распавядае дырэктар Гарадокскага ТЦСАН Святлана Ардзяка.  Сюды штодня прывозяць людзей з цяжкімі шматлікімі фізічнымі і псіхафізічнымі парушэннямі, каб яны на працягу дня займаліся ў гуртках і рабочых майстэрнях. Гэта значыць Вячаслаў працуе з сабе падобнымі, што памяншае у яго ўзровень стрэсу. Абавязкі — сустрэць, дапамагчы распрануцца, спраўляцца з заданнямі на працягу дня, а таксама мець зносіны з бацькамі і апекунамі, пры неабходнасці — суправаджаць у іншыя ўстановы горада.

Сацыяльны работнік будзе дапамагаць такім, як сам, — людзям з інваліднасцю.

Першы год новы сацработнік будзе працаваць пад пільным наглядам калег. Працягне стасункі з ім і псіхолаг цэнтра.

 Рабочы дзень у Вячаслава поўны, аднак скарочаны на гадзіну з-за інваліднасці. Зарплата нічым не адрозніваецца ад зарплат іншых сацработнікаў і складае каля 370 рублёў. Разам з пенсіяй па інваліднасці Вячаслаў будзе мець месячны даход каля 600 рублёў. Сума для раёна прыстойная, асабліва для пачаткоўца. Для параўнання: у сістэме мясцовага сацыяльнага абслугоўвання сярэдні заробак складае 608 рублёў.

Новаму работніку — жыллё

  — А цяпер — сюрпрыз! — дырэктар цэнтра Святлана Ардзяка паказвае новаму сацработніку Вагайцаву дакумент: Гарадоцкі райвыканкам прыняў рашэнне аб прадастаўленні яму жылога памяшкання камерцыйнага скарыстання. Аднапакаёвая кватэра з бытавымі выгодамі знаходзіцца, дарэчы, на трэцім паверсе таго ж дома, дзе размясцілася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Каб патрапіць на сваё рабочае месца, Вячаславу спатрэбіцца ўсяго пару хвілін. Арэндная плата — каля 9 рублёў у месяц.



Атрымаўшы ключы, Вячаслаў запрашае агледзець сваю першую ў жыцці ўласную кватэру. Там, праўда, пакуль толькі голыя сцены. Але пытанне ўладкавання — набыцця мэблі, посуду і бытавой тэхнікі — дапамогуць вырашыць грамадой: ужо гатовы дапамагчы не толькі сацыяльныя службы раёна і вобласці, але і грамадскія арганізацыі, неабыякавыя гараджане.

— Фіранкі ўжо ёсць — іх падарыла раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, — каменціруе дырэктар. — А на набыццё тавараў першачарговай неабходнасці дадуць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.

— На пральную машыну я павінен зарабіць сам! — дзелавіта разважае Вячаслаў. — Бо я ж павінен разлічваць перш за ўсё на самога сябе.


Па твары новага сацработніка відаць, што ён вельмі задаволены.

— Сацыяльная служба — гэта мая сапраўдная сям’я, — прызнаецца Вячаслаў і дадае: — І я зраблю ўсе, каб быць ёй карысным.

Яго куратары адкрылі журналістам невялікі сакрэт: употай хлопец спадзяецца, што калі ён цвёрда стане на ногі, біялагічная маці даведаецца пра гэта і пашкадуе пра тое, што не забрала яго з дома-інтэрната маленькім.

ЛІЧБА

За апошнія шэсць гадоў 67 беларусам з псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў вярнулі дзеяздольнасць і падрыхтавалі да самастойнага жыцця

КАМПЕТЭНТНА

Вера АСТАПЕНКА, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама:


– Вячаслаў Вагайцаў – першы з былых пастаяльцаў псіханеўралагічнага інтэрната Віцебшчыны, які атрымаў пуцёўку ў самастойнае жыццё. Цяпер яшчэ чатырох чалавек рыхтуем да працэдуры аднаўлення працаздольнасці, падшукваем ім працу і жыллё. Падрыхтоўку да незалежнага жыцця яны праходзяць у вёсцы Бычыха Гарадоцкага раёна, дзе створана аддзяленне суправаджальнага пражывання. Пад наглядам спецыялістаў інваліды з псіхафізіялагічнымі парушэннямі вучацца жыць без старонняй дапамогі. Значную частку праграмы рэабілітацыі займае лячэбна-працоўная тэрапія. Падапечныя шчыруюць у цяпліцах, майстэрнях, займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі на працягу трох га-дзін, затым прадугледжаны абед і яшчэ гадзіна працы. Астатняя частка дня адведзена на заняткі па замацаванні навыкаў самаабслугоўвання, уборкі, гатавання ежы і г. д. Інвалідаў вучаць, як распараджацца грашыма, рабіць пакупкі, правільна выбіраць прадукты — усяму, што спатрэбіцца ў побыце. Пры працаўладкаванні ім абавязкова забяспечаць суправаджэнне.


Вікторыя ГРАЧЫХА, начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

– Радыкальна становішча інвалідаў мяняецца пры дзвюх умовах.  Першая – калі навакольныя ставяцца да іх як да роўных.  Другая – калі сам чалавек з інваліднасцю хоча дзейнічаць і рухацца наперад.

Удасканальванне нашага заканадаўства будзе спрыяць істотнаму паляпшэнню жыцця людзей з інваліднасцю. Праект Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі»,

ухвалены Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні, прадугледжвае пашырэнне пытанняў сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў.  Асноўны акцэнт зроблены на сацыяльную інтэграцыю, накіраваную на дасягненне асабістай незалежнасці і самастойнасці інвалідаў.

Закон таксама замацуе такое новаўвядзенне, як прадастаўленне паслугі персанальнага асістэнта інваліда.  Яна будзе ажыццяўляцца арганізацыямі, якія займаюцца сацыяльнай рэабілітацыяй інвалідаў. Паслуга накіравана на аказанне дапамогі ў арганізацыі і ажыццяўленні самастойнага і незалежнага жыцця. Яна ўключае садзейнічанне ў авалоданні навыкамі самаабслугоўвання, дапамогу ў планаванні і арганізацыі паўсядзённага жыцця, прыняцці рашэння ў розных жыццёвых абставінах, наладжванне стасункаў з іншымі людзьмі, падтрымку з працаўладкаваннем.  Паслугу будуць падаваць у адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі (абілітацыі) інваліда з улікам яго персанальных патрэб.

kozlovskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Антон СТЕПАНИЩЕВ