Споведзь пад соснамі

ЯК ВЯДОМА, кожнага трэцяга беларуса забрала ваеннае ліхалецце, а ў многіх раёнах Віцебшчыны амаль кожны другі жыхар загінуў. Так, у Расонскім, Лёзненскім ды іншых раёнах гэтага рэгіёна і дагэтуль не дасягнута даваенная колькасць насельніцтва. Ні адзін куток Беларусі так густа не ўсыпаны брацкімі магіламі ды помнікамі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, як гэты. Багата Віцебшчына і на музеі, дзе свята захоўваюць, берагуць для нашчадкаў памяць тых жудасных дзён.

Карэспандэнт «БН» прайшоўся па былых партызанскіх сцежках расонскага бору з Канстанцінам Палявечкам– байцом атрада Машэрава

ЯК ВЯДОМА, кожнага трэцяга беларуса забрала ваеннае ліхалецце, а ў многіх раёнах Віцебшчыны амаль кожны другі жыхар загінуў. Так, у Расонскім, Лёзненскім ды іншых раёнах гэтага рэгіёна і дагэтуль не дасягнута даваенная колькасць насельніцтва. Ні адзін куток Беларусі так густа не ўсыпаны брацкімі магіламі ды помнікамі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, як гэты. Багата Віцебшчына і на музеі, дзе свята захоўваюць, берагуць для нашчадкаў памяць тых жудасных дзён.

НАШЫ сучаснікі па кнігах вывучаюць гісторыю той страшэннай вайны. Увесь свет ведае класічныя творы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які нарадзіўся і вырас у маленькай ушацкай вёсцы Бычкі. Многае перажыў франтавік Быкаў, таму не выпадкова законы праўды і чалавечнасці  сталі галоўнымі законамі яго літаратурнай творчасці. Яны ўзнялі франтавога пісьменніка да сусветнага прызнання. Як некалі адзначаў сам Васіль Уладзіміравіч, у сваіх творах ён даследаваў вытокі масавага гераізму нашага народа пад час нямецка-фашысцкай акупацыі. Так, гераіня яго аповесці «Знак бяды» Сцепаніда загінула, але не згубіла чалавечую годнасць. Хочацца, каб і мы і нашы нашчадкі таксама заставаліся годнымі. Дзеля выхавання гэтага пачуцця, павагі да гісторыі роднага краю малады настаўнік Слабадской сярэдняй школы Лепельскага раёна Валерый Тухта разам са сваімі выхаванцамі стварыў маленькі музей пра вясковых змагароў з фашызмам. Школьнікі кожнае лета адпраўляюцца з Валерыем Уладзіміравічам у экспедыцыі па былых стаянках партызан у навакольных лясах, праводзяць раскопкі, па крупінках збіраюць матэрыялы для свайго музея. Не парушылі сваю традыцыю слабадскія школьнікі і сёлета. Напрыканцы чэрвеня яны разам з Валерыем Тухтам правялі трохдзённы паход па навакольных месцах дыслакацыі партызан у ваенныя гады, аглядалі былыя зямлянкі, акопы, якіх у лепельскіх лясах шмат, сустракаліся з жывымі сведкамі мінулай вайны, праводзілі пошук экспанатаў, каб абнавіць школьны музей.

Сярод экспанатаў гэтага музея — здымкі ваеннага часу, выявы землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх не вярнуліся з вайны. Уладзіміру Дзянісавічу Крыцкаму з маленькай лепельскай вёсачкі Гаразянкі пашчасціла прайсці праз усю вайну і застацца жывым. Яго баявыя заслугі ацэнены высокімі ўрадавымі ўзнагародамі — ордэнамі Славы і Чырвонай Зоркі. Зусім нядаўна яго не стала, але школьнікі паспелі запісаць цікавыя ўспаміны былога партызана і франтавіка, а таксама яго жонкі Зінаіды Паўлаўны, якой таксама ўжо няма. Гэта былі апошнія ўспаміны мясцовых жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны.

НА ВЯЛІКІ жаль, у нашых вёсках засталіся лічаныя сведкі таго ўсенароднага змагання з фашысцкімі акупантамі. Сярод іх Канстанцін Мікалаевіч Палявечка з Расон, якому лёс наканаваў партызаніць разам з легендарным Пятром Міронавічам Машэравым.

Высокі, статны, з не па ўзросту лёгкай паходкай Канстанцін Мікалаевіч дома ніколі не затрымліваецца. На веласіпедзе на агарод паімчыць, ці за прадуктамі ў магазін. Ніяк не скажаш, што ўвосень будзе адзначаць свае 87 гадоў. Асабліва напружаныя ў Канстанціна Мікалаевіча перадсвяточныя дні, калі ледзьве паспявае на сустрэчы, дзе расказвае пра ваеннае мінулае. І амаль кожны раз яго просяць узгадаць, як трапіў у партызанскі атрад Пятра Міронавіча Машэрава. І мне пашчасціла не толькі пачуць расповяд былога партызана з атрада імя Мікалая Шчорса, што дзейнічаў на тэрыторыі Віцебшчыны, але і прайсціся разам з ім па былых партызанскіх сцежках-дарожках у густым расонскім бару. Меднастволыя сосны ціха пагойдваліся ў вышыні, перапрэлая ігліца сцішала нашы крокі. Быццам слухалі пра мінулае стогадовыя дрэвы — сведкі таго мужнага партызанскага побыту ў гэтым аддаленым куточку.

— Вось у гэтай зямлянцы быў наш партызанскі штаб, — прыпыніўшыся каля невялічкага заземленага буданчыка, пачаў расповяд былы партызан. — А за ўзгоркам мы вязалі да жэрдак коней. Так званая стайня была пад адкрытым небам. А каля гэтых таўшчэзных сосен мы ўмываліся. У атрадзе сачылі за парадкам. Вось у той зямлянцы, што на краю ўзгорка, кватаравала Паліна Андрэеўна Машэрава. Яе ў атрадзе паважалі, многім яна дапамагала.

— А як вы трапілі ў партызанскі атрад? — пытаюся ў Канстанціна Мікалаевіча.

— Ішла вясна 1943 года. Фашысцкія акупанты звярэлі ў нашых мясцінах. За самую дробную непаслухмянасць люта каралі, знішчалі ўсё запар. Гарэлі навакольныя вёскі, гінулі мірныя жыхары. Мне ішоў сямнаццаты год, калі разам з яшчэ двума равеснікамі вырашылі ўпотайкі пайсці да вёскі Роўнае Поле, дзе, як нам паведамілі, базіраваліся партызаны. Там я спытаў мясцовых жыхароў, як патрапіць да Пятра Міронавіча Машэрава. А праз нейкі момант мы ўжо стаялі перад партызанскім камандзірам Машэравым. Пётр Міронавіч усміхнуўся, папляскаў нас па плячах і дадаў: «Малайцы! Нам такія байцы патрэбны». Потым спытаў у кожнага пра ўзрост, адкуль мы, дзе вучыліся. Я расказаў, што да вайны закончыў сямігодку.

– А Ў ЯКОЙ зямлянцы жыў Пётр Міронавіч?

— Ён жыў разам з іншымі партызанамі. Не цураўся простага ляснога побыту. З першага моманту я адчуў яго пунктуальнасць і дысцыпліну. Да ўсіх аднолькава прыветліва адносіўся. Высокі, малады, з ясным позіркам разумных вачэй. Ён ніколі не ставіў сябе вышэй за іншых. Яго паважалі. Быў ён вельмі простым, шчырым. Калі з кім раіўся аб нечым, то размаўляў на роўных.

— Колькі месцілася чалавек у зямлянцы?

— Бывала і да дваццаці пяці ўціскалася. Чым больш, тым цяплей. Частка байцоў жыла ў навакольных вёсках.

— У гэтых зямлянках і зімавалі? Як маразы перажывалі?

— А як жа, зімавалі. Накат зверху вялікі насыпалі, а ў зямлянцы ў два ярусы нары. Людзей многа, надыхаюць — і цёпла. А калі ноч заставала на выкананні заданняў, лапак хвойных натрошчым, пасцелем і дрэмлем.

— А ваша самае памятнае заданне?

— Пры любым заданні рызыкуеш жыццём. Асабліва, калі ідзеш падрываць чыгунку. Неаднойчы даводзілася натыкацца на нямецкую засаду. Мы пастаянна прымалі ўдзел у баявых аперацыях.

Летам 1943 года камандаванню нашага атрада паступіў загад змяніць дыслакацыю, таму што вораг ужо ведаў нашы каардынаты. За адну ноч мы прайшлі вялікую адлегласць у напрамку Заходняй Дзвіны паміж Бігосавам і Верхнедзвінскам. Прадстаяла перайсці чыгунку і пераправіцца на правы бераг. Фашысты ўзмацнілі кантроль над чыгункай. Уздоўж усяго палатна на 500 метраў усё навокал было расчышчана, і праз кожныя паўкіламетра стаялі бункеры з кулямётамі. Ад бункера да бункера па чыгунцы хадзіў патруль.

Калі наша разведка вызначыла найбольш спрыяльнае месца для пераходу, увечары мы рушылі праз чыгунку. І раптам два патрулі перад намі. Іх зрэзалі кулямётнымі чэргамі і рванулі ўперад. Хто як мог ляцеў праз чыгунку, а праз нейкі момант з бункераў пачалася страляніна. Пад кулямі прыціскаліся да зямлі і прабіраліся далей. Так уся наша брыгада імя Ракасоўскага, амаль чатырыста партызан, без страт выйшла з гэтай аперацыі.

А неўзабаве фашысты пусцілі бронецягнік з Бігосава і адтуль сталі страляць у наш бок. Але ўратавала ноч.

Дабраліся да берага Заходняй Дзвіны і сталі рыхтаваць плыты. Загадзя ў вызначанае месца дзве падводы даставілі дрот. У суседняй вёсачцы разабралі пабудовы, і з іх бярвенняў вязалі плыты. Рака шырокая, з хуткім цячэннем. Складана было ўсіх пераправіць. А тут яшчэ паліцаі высачылі нас і пачалі страляніну. Але нашы байцы накрылі іх некалькімі мінамі, і так усе мы пераправіліся на правы бераг і пайшлі ў бок Міёраў.

Праз нейкі час разведка паведаміла, што ў Міёрах невялікі гарнізон. Было вырашана знішчыць яго. Усё прайшло выдатна. Разграмілі паліцэйскую ўправу, пошту, частка фашыстаў схавалася ў касцёле. Наша камандаванне вырашыла касцёл не штурмаваць, бо маглі б быць вялікія страты нашых людзей. Вывелі ўсіх байцоў з Міёраў і пайшлі на новае месца дыслакацыі ў Варапаеўскую пушчу.

А ЯШЧЭ Канстанцін Мікалаевіч расказваў мне пад шэпт партызанскіх сясцёр-соснаў пра рэйкавую вайну на чыгунцы Маладзечна — Вільнюс.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія пачала вызваляць беларускія гарады і вёскі, малады партызан Канстанцін Палявечка стаў байцом дзеючай арміі. У баях за Кенігзберг быў паранены, падлячыўся і — зноў на фронт. Дайшоў да Берліна, але там — зноў раненне. Асколак снарада моцна пашкодзіў бядро. Так у шпіталі і сустрэў Перамогу. А пасля вайны ўсё жыццё працаваў на роднай Віцебшчыне. У прыгожым мястэчку Асвея сустрэў сваю нарачоную. Так і жывуць душа ў душу з Марыяй Елістратаўнай у ціхім гарадку Расоны. Сын і дачка раз’ехаліся, маюць свае сем’і. Калі-некалі ўнукі наведваюць іх, хаця маглі б і часцей бываць.Самі ўпраўляюцца з невялікім агародчыкам. А ў святы іх двухпакаёвая кватэрка на першым паверсе пяціпавярховага дома патынае ў кветках.

Раней на Расоншчыне збіраліся былыя партызаны-машэраўцы. Ускладалі вянкі сваім загінуўшым у вайну баявым сябрам каля абеліска за вёскай Роўнае Поле. Тут закладзена капсула з тэкстам: «Нашчадкам. Ускрыць дзевятага мая дзве тысячы сорак пятага года.» На адкрыцці помніка прысутнічаў і Пётр Міронавіч Машэраў. На тэксце звароту да нашчадкаў ёсць і подпіс Канстанціна Мікалаевіча Палявечкі, цяпер ужо адзінага байца партызанскага атрада імя Мікалая Шчорса, хто дажыў да сённяшняга светлага свята.

Няхай яго век будзе доўгім!

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Расонскі раён

НА ЗДЫМКУ: ветэран вайны і працы Канстанцін ПАЛЯВЕЧКА.

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter