Спі спакойна

Думаю, што кожны законапаслухмяны грамадзянін — праз своечасовую выплату падаткаў — ведае сёння аб адказнасці за ўстойлівую працу сацыяльна-палітычных інстытутаў і асноўных сфер жыццядзейнасці нашай краіны. Нам хочацца, каб як гадзіннік працавалі пенсійная сістэма, органы ўлады і бяспекі, абарончы комплекс і праваахоўныя структуры, каб стала развівалася эканоміка, а разам з ёй ахова здароўя, адукацыя і культура, многія іншыя найважнейшыя сектары.    

Не пазней за 1 сакавіка беларусы павінны былі персанальна  паведаміць у падатковыя інспекцыі па месцы жыхарства аб атрыманых летась уласных заробках: калі мелі даходы з дзвюх або больш крыніц, а таксама тыя грамадзяне, якія працавалі за мяжой, прадалі нерухомасць ці некалькі аўтамабіляў, атрымалі спадчыну, буйныя падарункі, даход ад азартных гульняў, зарабілі ў мінулым годзе, здаючы ў арэнду жыллё,  каля пяці тысяч рублёў. Ва ўсіх гэтых “падатковых” катэгорыях існуюць свае правілы і выключэнні. Аднак падаткі плаціць трэба.  

Далей усё зразумела і празрыста. Тых, хто гэтую простую рэч не зрабіў (падаць дэкларацыю), чакае штраф 49 рублёў. За кожны наступны месяц затрымкі падобнай выплаты парушальнікам дадаткова налічаць 0,5 базавай велічыні (цяпер яна складае 24,5 рубля). Аднак агульная сума штрафу не павінна перавышаць 245 рублёў (дзесяць базавых).

З улікам сказанага, падаткавікі да 1 мая павінны разлічыць вам памер падаходнага падатку, які трэба аплаціць не пазней за 15 мая (стандартны падаходны з фізічных асоб складае 13 працэнтаў). Калі ж адпаведныя дзеянні з вашага боку не будуць зроблены, — чакайце новых грашовых выдаткаў. Не абмінуць увагай і грамадзян, якія жывуць не па сродках, пазбягаючы падаткаабкладання: неўзабаве можа ўзнікнуць і крымінальны пераслед. 

Шчыра кажучы, чысло ўхіленняў па нявыплаце падаткаў не зашкальвае: штогод у нашай краіне ў агульнай колькасці злачынстваў — гэта меней, чым паўпрацэнта. Але страты ўсяго па адной “падатковай” крымінальнай справе могуць каштаваць дзяржбюджэту мільёны долараў.

Напачатку 2017-га дэкларацыі падрыхтавалі 24 200 фізічных асоб,   налічана 40,9 мільёна рублёў. Ёсць у Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) свае рэкардсмены. Скажам, вядомы

 ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня — адзін з аўтараў Дэкрэта № 8 — задэклараваў за 2016 год асабісты даход, падаткі з якога склалі 14,4 мільёна долараў. І гэта не адзіны выпадак.

Такім чынам, ключавая частка даходаў беларускага бюджэту-2016 — каля 95 працэнтаў — гэта плацяжы арганізацый. Больш за палову падаткаў даў недзяржаўны сектар, каля трох працэнтаў адлічылі індывідуальныя прадпрымальнікі, больш за тры працэнты збораў забяспечылі фізічныя асобы. 

У свеце сітуацыя з выплатай падаткаў падобная: большасць людзей стабільна плаціць, меншасць шукае “вузкія месцы” і абмінае закон (утойванне даходаў за мяжой лічыцца вельмі сур’ёзным  злачынствам). 

Наогул, гадавыя падаткі амерыканца вагаюцца ў межах ад 33 да 55 працэнтаў агульнага даходу: пры заробку 70 тысяч долараў давядзецца заплаціць дзяржаве падаткі прыкладна на 20 тысяч долараў. У Злучаных Штатах існуе тры групы падобных адлічэнняў — федэральныя, падаткі штатаў і муніцыпальных адзінак. Найперш, гэта адчуваюць на сваім кашальку багатыя і знакамітыя грамадзяне, якіх значныя грашовыя зборы, часам, прымушаюць мяняць грамадзянства. Прагрэсіўная падатковая шкала дзейнічае і ў Еўрасаюзе. Анекдатычная гісторыя са зменай грамадзянства і месца жыхарства адбылася з французскім акцёрам Жэрарам Дэпардзье. З-за нежадання несці падатковыя выдаткі на радзіме, ён стаў грамадзянінам Расіі, цяпер вось збіраецца ў Алжыр.  

Звышпільная ўвага інспектараў да парушальнікаў падатковага  заканадаўства, можа, не адразу, але дае плён: ад іх не збяжыш нават на Паўночны полюс. А тых, хто не памятае формулу — заплаці падаткі і спі спакойна, — чакаюць нялёгкія выпрабаванні.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter