Напярэдадні Дня ведаў карэспандэнты “СГ” пабывалі ў мясцінах, дзе вучыўся Якуб Колас, і высветлілі, што рыхтуюць дзеці да 135-х угодак у гонар вядомага земляка

Спеюць "Маладыя каласкі" на Мікалаеўшчыне

Заўтра на святочнай лінейцы новы вучэбны год пачнецца ў Мікалаеўшчынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячым садку — сярэдняй школе імя Якуба Коласа Стаўбцоўскага раёна. 1 верасня званок прагучыць для яе 60 вучняў, а таксама для 12 выхаванцаў дашкольнага ўзросту.

Настаўніца Ніна ЗАГАРЭЎСКАЯ з вучнямі 6-га класа.

Школу ў Мікалаеўшчыне не зблытаеш ні з чым. Архітэктура прыкметная: выцягнуты будынак на два ўваходы стаіць высока і выглядае велічна. Гэта не зусім тыя сцены, у якіх вучыўся Якуб Колас, папярэджвае нас настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Загарэўская. Школа ў вёсцы адкрыта ў 1866 годзе, тады налічвалася каля 100 драўляных хат. Некалькімі гадамі пазней яна перайшла ў другі будынак — новую сялянскую хату. У 1892 годзе ў Мікалаеўшчынскую пачатковую школу паступіў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас). Пра той час будучы беларускі Пясняр напісаў: “Мікалаеўшчына. У нашай вёсцы 190 хат, і жыве тутака 1300 чалавек… У школе тутэйшай вучыцца 167 дзяцей”.

— Тое, што ў нашай вёсцы ёсць школа, мікалаўцы (менавіта так называюць сябе жыхары) абавязаны славутаму земляку, — удакладняе Ніна Альбертаўна. — Вялікую ўвагу будаўніцтву надаў менавіта Якуб Колас. У лісце свайму сябру, першаму дырэктару сярэдняй школы Ігнацію Міцкевічу ён пісаў: ”Як толькі прыеду на Беларусь, займуся мікалаеўшчынскімі справамі. Школу трэба паставіць, зрабіць яе на зайздрасць людзям”. Намаганні паэта, які хадайнічаў, каб, напрыклад, выдзелілі для будаўніцтва лес, апраўдаліся. 1 кастрычніка 1948 года Мікалаеўшчынская сярэдняя школа адкрыла дзверы.

Успаміны класіка сёння беражліва захоўваюць настаўнікі і навучэнцы, якія, дарэчы, літаральна з першага класа пачынаюць вывучаць коласаўскія творы. Ёсць магчымасць і творча развівацца: у школе працуе літаратурна-творчы гурток “Маладыя каласкі”. Ён вядзе сваю гісторыю з 1964 года.


МЫ прысутнічаем на адным з заняткаў “Маладых каласкоў”. Ён праходзіць у класе беларускай мовы і літаратуры. Тут усё настройвае да творчай работы: на сценах партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў, асобна выдзелена месца для зборнікаў твораў Якуба Коласа.

Шасцікласніца Кацярыня Сабалеўская дзеліцца са мной творчымі планамі на год: дзяўчынка скіравалася прасачыць лёсы і малавядомых выпускнікоў “Маладых каласкоў”:

— У гэтым годзе разам з Нінай Альбертаўнай мы робім даследчую працу па вывучэнні жыцця розных іншых пачынаючых паэтаў, якія вучыліся ў нашай школе. Яшчэ ў мінулым навучальным годзе ў школе распачалі праект па земляках, якія навучаліся ў школе Якуба Коласа. Справа ў тым, што пра лёс класіка сказана вельмі многа і дасканала, таму “ўзяцца” вырашана было за іншых выпускнікоў. А ў іх ліку ёсць вядомыя навукоўцы і творчыя дзеячы.

Таксама нарадзілася тут ідэя пазнавальнай вандроўкі па маршруце Мікалаеўшчына — урочышча Чартавіцы — Ласток — Сверынава — Мікалаеўшчына. Экскурсія адбылася. Падчас яе дзеці наведалі Чортаў камень, з якім звязана шмат легендаў, ён упамінаецца ў творах Якуба Коласа. Вучні Зінаіда Лосік, Хрысціна Ермаковіч і Артур Байкоў распрацавалі нават экскурсійна-турыстычны маршрут “Коласаўскі край”. Ён пракладзены па маляўнічых мясцінах, дзе і цяпер жыве шмат легендаў, звязаных з тапонімамі ваколіц вёскі Мікалаеўшчыны.

Аднак асабліва рыхтуюцца вучні школы да лістападаўскага юбілею класіка. Праект “Якуб Колас — наш зямляк” уключае ў сябе шэраг конкурсаў і акцый. Цэнтрам прыцягнення ў гэты час становіцца этнаграфічна-літаратурны музей “Спадчынны куток”. У 2006 годзе яго адкрываў сын пісьменніка Міхась Міцкевіч, успамінае загадчыца музея Ірына Паплаўская. Чалавек просты, заўсёды адгукаўся на запрашэнні школы прыехаць на памятныя імпрэзы. Як і знакамітыя пісьменнікі, якія наведваліся ў гэтыя сцены ў свой час. Пра гэта нагадваюць унікальныя экспанаты маленькага сельскага музея: кнігі з аўтографамі Янкі Маўра, Івана Шамякіна і іншых літаратараў.

Загадчыца этнаграфічна-літаратурнага музея школы “Спадчынны куток” Ірына ПАПЛАЎСКАЯ расказвае пра ўнікальныя экспанаты.

ГАРТАЕМ і мы тыя друкаваныя асобнікі. Ірына Станіславаўна кажа, што даставаць з-пад шкляной вітрыны некаторыя з кніг не пажадана: вельмі старыя. Але для нас загадчыца музея робіць выключэнне. У кожнага томіка з дароўным надпісам свая маленькая гісторыя, якая звязвае таго ці іншага пісьменніка з Якубам Коласам. Бяром збор твораў таго ж Янкі Маўра. Аўтар падпісвае кнігу Мікалаеўшчынскай школе, таму што менавіта тут у 1906 годзе праходзіў нелегальны педагагічны з’езд. У ім жа прыняў удзел і Якуб Колас. 

Унутры музея ўтульна. У цэнтры памяшкання вісіць драўляная дзіцячая калыска. Старажылы перадалі яе ў экспазіцыю, маўляў, менавіта ў такой гадаваліся калісьці Коласавы землякі. Адзін з цікавых экспанатаў музея — партрэт Песняра 1963 года мастака Уладзіміра Стальмашонка, які таксама перадаў у родную школу Якуба Коласа прадмет выяўленчага мастацтва. Самы цікавы экспанат — тоўсты альбом з вёскі Пінкавічы Пінскага раёна, дзе выкладаў у свой час пісьменнік. Тут ёсць успаміны тагачасных вучняў Якуба Коласа — сельскіх дзяцей. Пінкавіцкі альбом перадалі мясцовыя жыхары, якія запісалі словы пра славутага настаўніка.

Такое стаўленне да альбома менавіта мне зразумела: па ўспамінах простых вяскоўцаў можна было б прадставіць, якім чалавекам быў Якуб Колас. Да прыкладу, Ананій Курыль з вёскі Вішавічы вучыўся ў Пінкавічах у Канстанціна Міцкевіча дзве зімы. У школе вучыліся пісаць, лічыць. А Колас любіў народныя беларускія, рускія і ўкраінскія песні. Аднойчы прыходзіць настаўнік у клас і кажа:

— Цяпер будзем спяваць.

У адзін голас пагадзіліся з педагогам дзеці. І пачалі:

— Чаму ж мне не пець,
чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатаньцы
парадак ідзець.

uskova@sb.by

Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter