Спевы перад Калядамі

Заслужаны артыст Расіі Раман Муравіцкі вывучыў беларускую мову, каб выканаць партыю ў нацыянальнай оперы “Сівая легенда”

Заслужаны артыст Расіі Раман Муравіцкі вывучыў беларускую мову, каб выканаць партыю ў нацыянальнай оперы “Сівая легенда”

Пачуць вядомага саліста Вялікага тэатра Расіі можна будзе падчас ІІІ Каляднага опернага форума, які пройдзе з 16 па 23 снежня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

У гэтыя дні парадуе сваім выступленнем не толькі Муравіцкі. Па традыцыі Калядны форум збярэ зорак сусветнай опернай сцэны з Аўстрыі, Балгарыі, Італіі, Чэхіі, Эстоніі, Расіі, Украіны і іншых краін, якія прадставяць беларускаму гледачу лепшыя оперныя спектаклі. Сёлета калядная оперная праграма будзе складацца з “Сівой легенды” Дзмітрыя Смольскага, “Зігфрыда” Рыхарда Вагнера, “Яўгена Анегіна” Пятра Чайкоўскага і “Князя Ігара” Аляксандра Барадзіна.

Навінкай ІІІ Каляднага опернага форума стане Міжнародны конкурс спевакоў — выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell’Opera, які пройдзе ў рамках форума. Competizione dell’Opera, які ўзнік 16 гадоў таму, з’яўляецца сёння адным з найбуйнейшых вакальных конкурсаў у свеце. Папярэднія адборы вакалістаў-канкурсантаў праводзяцца па ўсім свеце — у краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі. З 2001 года конкурс праходзіў у Дрэздэне, а ў 2011-м упершыню выйшаў за межы Германіі — паўфіналы і фінал адбыліся ў Маскве на сцэне Вялікага тэатра Расіі. І вось у 2012-м канкурсанты Competizione dell’Opera — больш за 80 чалавек — выйдуць на сцэну Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.  “Гэта вельмі прэстыжна для нашага тэатра”, — лічыць генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка. Вядома, фінал конкурсу пройдзе 22 снежня на галоўнай сцэне тэатра, а лепшыя дванаццаць салістаў-пераможцаў выступяць у заключным гала-канцэрце форума разам з зоркамі сусветнай оперы.

Ацаніць маладых вакалістаў і атрымаць асалоду ад гучання оперы з вуснаў найлепшых на сцэне галоўнага тэатра краіны можа кожны з вас. Білеты на спектаклі каляднай праграмы каштуюць у сярэднім 250 тысяч беларускіх рублёў, на гала-канцэрт зорак  сусветнай оперы — 375 тысяч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter