Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прыгожа святкаваліся ў Маскве 20-я ўгодкі беларускага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Кірмаш”

“Спевы матулі” пачулі

Мастацкая кіраўніца гурта Ірына Капчынская даслала ў рэдакцыю фотаздымкі з вялікага юбілейнага канцэрта “Спевы матулі”, які прайшоў 27 красавіка на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу пры Пасольстве Беларусі ў Расіі. Прыклала і даведачныя, тэкставыя матэрыялы “на тэму юбілею”.

Шматлікія віншаванні прымае кіраўніца гурта-юбіляра Ірына Капчынская. Фото: Павел Гарэлаў


Перад канцэртам ладзілася этнавыстава. На ёй былі стэнды, прысвечаныя 20-м угодкам “Кірмаша”, і яшчэ беларускай выцінанцы ў Маскве, беларускім этнографам. Дарэчы, матэрыялы пра даследчыкаў беларускай культуры Ірына Германаўна збірае даўно, сістэматызуе, і ў яе “калекцыі” ўжо больш за 500 імён! Асаблівую ўвагу шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў свята прыцягваў стэнд “Ускользающая натура народной белорусской одежды”. На ім былі прадстаўлены так званыя рэплікі-рэканструкцыі народных касцюмаў, якія паводле экспанатаў з беларускіх музеяў зрабіла Ірына Капчынская. Дэманстраваліся на гэты раз Дзісенскі, Кобрынскі ды Неглюбскі строі — з розных рэгіёнаў Беларусі.

“У нашым святочным канцэрце паўдзельнічалі дзіцячыя творчыя калектывы, у рэпертуары якіх ёсць танцавальныя распрацоўкі паводле традыцыйных схем беларускіх этнографаў 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта быў падарунак не толькі ансамблю-юбіляру, але і ўсёй Беларусі: як знак любові, знак павагі да яе”, — чытаем у пісьме Ірыны Германаўны. Яшчэ выступалі сябры “Кірмаша”: заслужаныя нацыянальныя калектывы Масквы і заслужаныя артысты і работнікі культуры. Сярод іх знаходзім у праграме канцэрта хор “Атал” Таварыства чувашскай культуры, ансамбль рускай народнай песні “Беседушка”, фальклорны гурт “Хоровод”, ансамбль духоўнай музыкі “Медина” з Татарскага культурна-асветніцкага цэнтра Масквы, мужчынскі фальклорны гурт “Ломиси” з суполкі “Грузинское землячество”. Выступала і кіраўніца Таджыкскага культурнага цэнтра Хуршэда Хамракулава. Робім выснову, што беларусы ў Маскве — паважаныя і дружалюбныя, яны не замыкаюцца ў сваім вузкім коле, актыўна “ідуць у народ”, сябруюць з творчымі людзьмі розных нацыянальнасцяў.

У другой частцы канцэрта была прадстаўлена ўласная праграма гурта “Кірмаш” пад назвай “Спевы матулі”. Прысвячалася яна “беларускім этнографам і народнаму вясковаму фальклору Беларусі”. Як вядома, менавіта з народных крыніц праз пасрэдніцтва этнографаў “даплываюць” у рэпертуар гурта ўнікальныя песні, пасля беражліва, з любоўю адаптуюцца для сцэны. А на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу, акрамя самой Ірыны Капчынскай, выступалі яе сябры-“кірмашоўцы” Таццяна Елісеева, Ніна Селіверстава, Людміла Сапелкіна і дудар Антон Пішчулін. Паводле праграмы, гучала 10 песень з розных рэгіёнаў Беларусі, танцавальны найгрыш “Падушачка” і кампазіцыя на дудзе “Гучаць напевы тутэйшых”. І ўсё творы — унікальныя. Скажам, песню “Ды на гары мак, мак” запісаў яшчэ ў 30-я гады ХХ стагоддзя на Магілёўшчыне знакаміты кампазітар Мікалай Чуркін.

“Мы шчыра жадаем, каб ведалі ў Маскве, Расіі нас, беларусаў, як тых, што шануе свае традыцыі, свае вытокі, сваю мову і культуру, — напісала нам Ірына Германаўна. — Мы таксама й за яднанне, супрацу з творчымі людзьмі розных нацыянальнасцяў, якія падтрымліваюць разам з намі станоўчы вобраз беларусаў, ды і ўвогуле Беларусі ў Расіі. Аднак, на жаль, не ўсе тое разумеюць... А шкада! Бо мы разлічваем на падтрымку, хоць бы словам добрым, у нашай актыўнай культурна-асветніцкай дзейнасці. А юбілейны канцэрт засведчыў: наш “Кірмаш” усім прыносіць вялікую карысць. І радасць! Мы атрымалі шмат віншаванняў, падзякі ад Пасла Беларусі ў Расіі, Маскоўскага Дома нацыянальнасцяў, Федэрацыі міру і згоды, Міжнароднай асацыяцыі “Прырода і творчасць” пры ЮНЕСКА... І яшчэ ад суполак “Таджыкскае культурнае таварыства”, Таварыства чувашскай культура, “Грузінскае зямляцтва” Масквы, “Беларусы Падмаскоўя”, ФНКА “Беларусы Расіі” ды рускіх творчых цэнтраў Масквы. Кранальна павіншавалі нас і беларусы Далёкага Усходу, Растова, нават з Італіі ды іншых месцаў. Мы ўдзячныя за ўвагу ўсім нашым супляменнікам”.

Гурт “Кірмаш” — на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу пры Пасольстве Беларусі. Фото: Павел Гарэлаў

Што ж, як піша ў адным з тэкстаў Ірына Германаўна, ансамбль “Кірмаш” прыгожа ўплятае свой “беларускі васілёк” у вянок славянскіх нацыянальных культур. Ад часу стварэння гурт рухаецца ў плыні “адраджэння і рэканструкцыі песеннай спадчыны беларускага народа па этнаграфічных матэрыялах”. На рахунку самадзейных артыстаў — больш за 200 выступаў, а ў рэпертуары — каля 400 песень: гэта як расшыфраваныя этнаграфічныя запісы беларускіх песень, так і песні народаў былога Савецкага Саюза і краін Еўропы. Створана і 16 праграм “Беларускія каляндарныя святы” — дэманстраваліся на фальклорных святах у Маскве, Бранску, падмаскоўных гарадах, а таксама на фэстах у Беларусі, Польшчы, Італіі, Аўстрыі. Ансамбль мае больш за 100 дыпломаў і падзяк, а яго стваральніца Ірына Капчынская — нязменная мастацкая кіраўніца і, можна сказаць, прыгожая душа гурта — у 2015-м была ўшанавана медалём Францыска Скарыны.

Далучаемся да шматлікіх віншаванняў, паважаныя сябры-“кірмашоўцы”! Няхай хораша, песенна вам жывецца — і не томяцца вашыя душы, купаючыся ў плыні чароўных беларускіх мелодый, строяў, словаў.

Іван Іванаў





Ірына Капчынская, 
сябар Саюза журналістаў Расіі, сябар савета Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”
З усёй адказнасцю магу сказаць: “У нашага “Кірмаша” — Беларуская Душа”. Гурт ад часу стварэння актыўна далучае сотні людзей да нацыянальнай беларускай культуры. Нашая творчасць цікавая і спецыялістам, і аматарам. З народных глыбінь чэрпаем унікальныя матэрыялы, і праз нашыя песні, мелодыі, строі праяўляецца вялікая Беларуская Душа. Яна ж адкрываецца — не ўсім, а найперш тым, хто ўмее чуць, бачыць, адчуваць сэрцам сапраўдную Прыгажосць.

Гурт “Кірмаш” — рэдкая з’ява творчага фальклорна-этнаграфічнага даўгалецця ва ўмовах вялікага горада. А самае галоўнае — гэта адданае служэнне ідэалам нацыянальнай самасвядомасці. Мы прадаўжаем традыцыі многіх пакаленняў папярэднікаў і перадаем каштоўныя веды пра нацыянальную культуру беларусаў і сучаснікам, і наступнікам — моладзі. Тысячы людзей у Маскве, Расіі, Беларусі ды й далей па свеце дзякуючы “Кірмашу” бачаць беларускія нацыянальныя строі, чуюць спрадвечнае гучанне народнай беларускай песні. Сам жа гурт многім з энтузіястаў, далучаным да ягонай жыватворнай энергетыкі, падарыў радасць адкрыццяў, азарэнняў, сумеснай творчасці, радасць усведамлення сябе — часцінкаю-залацінкаю слаўнага і вельмі таленавітага Беларускага Народа. Гурт дапамагае нам адчуць дух і атмасферу жыцця продкаў, усвядоміць сваю прыналежнасць да гісторыі, да лёсу роднай Бацькаўшчыны.

“Кірмаш” — гэта не звычны многім калектыў самадзейнай творчасці на сцэне, які пераймае прыёмы прафесійных артыстаў. Мы падобныя да гурта вясковага, і нібыта спяваем на вячорках. З намі выступаюць, прычым бескарысліва, прафесійныя музыкі: піяністы, скрыпач, цымбалістка, дудар... Збліжае нас, пэўна, шчырае жаданне служыць Дабру, Прыгажосці, Любові, Згодзе паміж людзьмі ды іншым традыцыйным каштоўнасцям жыцця. “Кірмашоўцы” праводзяць серыю асветніцкіх сустрэч “Знаёмцеся: Беларусь!” — і на кожнай сустрэчы гучаць новыя песні. Гэта дзівосная, ні з чым іншым не параўнальная падзея ў творчым і культурным жыцці Масквы на працягу ўжо трох гадоў. 

“Кірмаш” — гэта не толькі песні ды строі. У нас ужо граюць музыкі на традыцыйных беларускіх інструментах. І моладзь прыходзіць, каб павучыцца ствараць сваімі рукамі народныя беларускія строі. У нас ёсць калекцыя выцінанак, можна павучыцца вырабу паясоў. І вядзецца курс “Народная беларускае мастацтва” ў ліцэі № 1571 Паўночна-Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Так што па формах дзейнасці наш гурт паступова пераўтварыўся ў Этнацэнтр “Кірмаш”. І, мяркую, вынікі нашай працы за мінулыя 20 гадоў — не марныя. А досведам сваім з добрымі людзьмі мы заўсёды гатовы падзяліцца.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter