Надзея Кучар, якая перамагла на міжнародным конкурсе оперных спевакоў Бі-бі-сі “Спявак свету”, узнялася на алімпійскі п’едэстал

Спевакі свету

Надзея Кучар, якая перамагла на міжнародным конкурсе оперных спевакоў Бі-бі-сі “Спявак свету”,  узнялася на алімпійскі п’едэстал. Нават, напэўна, больш: на Алімпіяду адпраўляецца цэлая зборная, а тут усе шанцы і спадзяванні звязаныя з адным чалавекам. Мы пагутарылі з Надзеяй у Мінску: пасля трыумфу спявачка прыехала дадому — адпачыць і сустрэцца з роднымі.


— Надзея, пагаворым пра вашу перамогу ў конкурсе “Спявак свету” — з першай спробы ўдалося ўзяць штурмам гэтую вяршыню?


— З другой. Да таго два гады назад я падавала заяўку, і мне ўдалося дайсці толькі да жывога праслухоўвання.

— Наколькі складана далася падрыхтоўка да конкурсу?


— Конкурс носіць статус найвышэйшага ў свеце, самага прэстыжнага, самага цяжкадасягальнага. Можна сказаць, што я да яго рыхтавалася з самага пачатку авалодання музычнай тэхнікай. Усё маё творчае жыццё да гэтага моманту было, як я цяпер разумею, падрыхтоўкай да конкурсу ў Кардыфе. Усё, чым я валодаю ў сваёй прафесіі, мне прыйшлося дэманстраваць там. Адсюль і пэўны выбар праграмы: у мяне была задача паказаць розныя стылі, мовы і ўвасабленні. І праграма павінна была рабіць пэўны эфект на публіку. Таму што гэта не проста вялікага значэння падзея для Англіі — гэта шоу на ўвесь свет. Ніколі раней не даводзілася спяваць так, каб вакол цябе скрозь і ўсюды былі камеры, хіба што ў атэлі цябе не здымаюць. Многім хлопцам і дзяўчатам было непрыемна. Не магу сказаць, што на мяне гэта зрабіла нейкае адмоўнае ўражанне, я проста абстрагавалася, імкнулася не заўважаць.

— Вы ж заканчвалі Мінскае музычнае вучылішча па спецыяльнасці “Музыказнаўства”. Як атрымалася, што пачалі спяваць?

— Нам на 4-м курсе даваўся факультатыў, можна было ўзяць які-небудзь інструмент, кампазіцыю, а я выбрала вакал. З факультатыва ўсё і пачалося.

— Адразу пайшлі пэўныя поспехі?


— Першая ўдача прыйшла, калі ў канцы 4-га курса здавала акадэмічны экзамен разам з вакалістамі, прадставіўшы маленькую праграму. На мяне тады, памятаю, звярнулі ўвагу. Скончыўшы вучылішча, пайшла працаваць у оперны тэатр, у хор, тры гады прабыла там — і паступіла ў Санкт-Пе-

цярбургскую кансерваторыю да Тамары Дзмітрыеўны Навічэнкі. Гэта педагог-легенда, у маім станаўленні яна адыграла рашаючую ролю.

— А як вы сталі салісткай Пермскага опернага тэатра? Урал — не блізкі свет...

— Там працуе дырыжор Тэадор Курэнтзіс, і я ехала не ў Перм, а да яго. Быў бы ён у іншым горадзе, я адправілася б туды, гэта не важна. Я ехала працаваць з канкрэтным чалавекам.

— Курэнтзіс — вядомы і таленавіты дырыжор, напэўна і характар у яго не цукар?

— Так, але ў нас ва ўсіх складаны характар. Мы даём такі вынік, які варты любых складанасцяў. Больш за ўсё я занята ў праектах Тэадора Курэнтзіса. Мы сыгралі вельмі шмат! Запісалі дыск з музыкай французкага класіка Жана-Філіпа Рамо, “Вяселейка” Стравінскага — яно таксама хутка выйдзе. “Рэквіем” Брамса, “Карміна Бурана” Орфа, “Каралева індзейцаў” — самы маштабны праект, які ён ажыццявіў, гэта быў фурор і ў Расіі, і ў Еўропе.

— А стыль работы Курэнтзіса вам падабаецца? Або прыходзіцца неяк пераадольваць сябе?


— Не, вядома, проста мы даўно супрацоўнічаем, і, скажам так, мне ўжо гэтага недастаткова. Мне трэба нешта яшчэ. Так атрымалася, што Тэадор Курэнтзіс не працуе ў бельканта, а я заўсёды марыла менавіта пра гэта. Ён не робіць французкую музыку, а я яе люблю. Але, па-першае, не можа адзін чалавек рабіць усё, па-другое, многае залежыць ад асабістага густу, у мяне ён адрозніваецца.


Фота: Надзея Панкратава

— Любімая партыя, любімы вобраз у вас ёсць? Нешта такое, “маё-маё-маё”?


— Такога шмат... Але асабліва люблю Марфу ў “Царскай нявесце”, таму што гэта мая першая вялікая роля. Напэўна, у мяне з яе пачалася любоў да оперы: яшчэ ў вучылішчы, памятаю, яна на мяне зрабіла моцнае ўражанне. І калі пачала спяваць, хацела спяваць Марфу. На той момант ужо ведала ўсю оперу на памяць, цалкам. Калі паступіла ў Пецярбург, марыла праспяваць у тэатры кансерваторыі “Царскую нявесту”. І на другім курсе я гэта зрабіла.

— Што б вы цяпер хацелі выконваць?


— Шмат чаго! “Лючыю дэ Ламермур” я хутка, гады праз два, буду спяваць, нарэшце. А можа, і раней, хто ведае? Напэўна, пасля “Царскай нявесты” гэта была другая опера, у якую я ўлюбілася. Даўно нашу яе ў сабе.

— У Еўропе іншы раз бачыш даволі радыкальныя оперныя пастаноўкі. Як вы да гэтага ставіцеся? Для вас больш важны класічны складнік альбо даспадобы эксперыменты?


— Мне важна, каб тое, што адбываецца на сцэне, было лагічна. Калі ў тых задачах, якія паставіў рэжысёр, ёсць асэнсаванасць, калі гэта не трызненне вар’ята. Нават будзь ты голай на сцэне — гэта павінна быць апраўдана з пункту гледжання рэжысуры. Я не да таго, што гару жаданнем выбегчы аголенай на сцэну, зусім не. Калі рэжысёр гоніцца за эпатажам і толькі за ім, то я не ведаю пакуль ніводнага паспяховага спектакля такога роду.

— Ці шмат вам прыходзіцца займацца?


— Цяпер рыхтую новую ролю і імкнуся займацца кожны дзень па чуць-чуць. У мяне ёсць месяц на падрыхтоўку партыі — гэтага больш чым дастаткова. Вядома, магу вывучыць яе і за тыдзень, але тады давядзецца сядзець цэлымі днямі — я так не люблю. Лічу за лепшае пачаць загадзя і рабіць патрошку кожны дзень. Гэта што датычыцца вывучвання матэрыялу. А ў плане вакальнай практыкі — калі ёсць магчымасць адпачываць, то я маўчу. Да конкурсу ў Кардыфе рыхтавалася месяц. Ва ўсіх адносінах: у маральных, фізічных і ў вакальных. Мінскі музычны каледж прадастаўляў мне тры разы на тыдзень клас, і я займалася з канцэртмайстрам. Бо што значыць займацца дома? Дома ў мяне нейкая нават клаўстрафобія, таму што невялікае памяшканне, акустыка не тая і потым — суседзі ж вакол, не хочацца іх мучыць! Таму дома — гэта заўсёды работа не на ўсю моц, так што мне з класам вельмі дапамаглі.

— Гэта значыць сувязі з Беларуссю, з Мінскам не перарываюцца?

— У мяне тут маці, сёстры, пляменнікі. Як з’яўляецца “фортачка”, імкнуся прыехаць сюды, наведаць родных. Але гэта адбываецца максімум раз у год. Я вельмі сумую па Мінску, мне тут добра.

— Ці ёсць у вас сям’я, нейкія асабістыя планы?

— Сям’я ёсць, у планах — дзеці. Муж — музыкант, пачынаючы дырыжор, вучыцца ў Маскоўскай кансерваторыі.

— Што ў вашым чамадане, з якім адпраўляецеся на гастролі?

— Усяго па мінімуме, таму што цяжкія рэчы цягаць не хочацца. Дарожная падушка ў самалёт — рэч, якую мне нельга забыць. А так — канцэртныя сукенкі, туфлі, ноты. Астатняе заўсёды можна набыць.

— Па-паходнаму. А многія ж лічаць, што жыццё на сцэне поўнае бляску...


— Ну, на сцэне ўсё блішчыць!


Дарэчы


Надзея Кучар — оперная спявачка (сапрана). Нарадзілася ў 1983 годзе ў Мінску. Скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М. Глінкі, Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю. Салістка Пермскага тэатра оперы і балета. Неаднаразовы лаўрэат розных вакальных конкурсаў. Пераможца міжнароднага конкурсу оперных спевакоў Бі-бі-сі “Спявак свету” ў Кардыфе, на якім прадстаўляла Беларусь.
Ірына Аўсяп’ян
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter