Спецыяльнасць: ніякіх абцасаў і губной памады...

ЗНАЙСЦІ механізатара ў спадніцы, як высветлілася, нялёгка. Але колькі дзён плённага пошуку далі свае вынікі. Галіна МАТЫРКА з Лепельскага раёна, канешне, сукенку ці спадніцу на работу не апранае. Яе звыклае адзенне — выключна рабочая вопратка. “Думаеце, мне да форсу на рабоце?! — смяецца механізатар. — Можа, на які фэст дык спадніцу з шафы і дастану”. Сама жанчына бойкая, гаспадарлівая і адказная — прафесія абавязвае такой быць. Жаночыя капрызы ці адгаворкі — не па ёй.

Механізатар ОАО «Лядно» Галіна МАТЫРКА стала «Жанчынай года-2010» Лепельскага раёна ў вобласці сельскай гаспадаркі.

ЗНАЙСЦІ механізатара ў спадніцы, як высветлілася, нялёгка. Але колькі дзён плённага пошуку далі свае вынікі. Галіна МАТЫРКА з Лепельскага раёна, канешне, сукенку ці спадніцу на работу не апранае. Яе звыклае адзенне — выключна рабочая вопратка. “Думаеце, мне да форсу на рабоце?! — смяецца механізатар. — Можа, на які фэст дык спадніцу з шафы і дастану”. Сама жанчына бойкая, гаспадарлівая і адказная — прафесія абавязвае такой быць. Жаночыя капрызы ці адгаворкі — не па ёй.

Галіна Сцяпанаўна з самай маладосці працавала ў мужчынскім калектыве. Здаецца, за гэты час у яе самой выпрацаваўся мужчынскі характар. Можа, таму і выдзелілі яе сярод астатніх і па выніках 2010 года назвалі “Жанчынай года-2010” Лепельскага раёна ў вобласці сельскай гаспадаркі. А колькі гадоў таму яе нават прызналі “Жанчынай года” ў Віцебскай вобласці.

— А хто яго ведае, адкуль тая цяга да тэхнікі? Бацьку свайго не памятаю. Ён памёр, як мне споўнілася тры месяцы, — расказвае 56-гадовы механізатар. — Хутчэй выпадкова я стала працаваць з тэхнікай. Прыйшла на калгас разнарадка: шасцярых адправіць на шасцімесячныя курсы пры Лепельскім сельгастэхнікуме. Вось мяне і накіравалі туды.

А там выкладалі агранамію, правілы дарожнага руху, вучылі трактарам кіраваць ды ў яго канструкцыі разбірацца. Адвучылася — і на працу, за руль. Першы “жалезны конь” быў маленькім, Т 16. Яго Галіна Сцяпанаўна помніць добра. Сёння механізатар працуе на больш сучасным і магутным трактары “Беларус-82”.

— Вы самі мяняеце масла, фільтры ў трактары ці мужчыны-калегі дапамагаюць?

— Наіўная. Канешне, усё сама. Абслугоўванне трактара — гэта як “а,б,в”. Думаеш, калі я жанчына, дык у мяне якія-небудзь паблажкі ёсць? Калі якая правіннасць, дык і галоўны інжынер, і старшыня гаспадаркі могуць у косці даць.

На рабоце — на трактары, пасля работы — на “капейцы”. Без асабістага аўто Галіне Матырка ўжо ні туды ні сюды. І з аргументам не паспрачаешся: свая машына — ні ад кога не залежу, села сабе ды паехала. А “капейка” ў абслугоўванні — па кішэні механізатару. Фільтры і масла жанчына сама мяняе, разбілася падвеска — таксама закасала рукавы ды за запчастку.

А моцнай быць трэба — выбару няма, мужа пахавала ў 2003 годзе. Тры сыны параз’язджаліся хто куды. Сярэдні ўжо ажаніўся і нават бабулі ўнука і ўнучку падарыў.

— А малых на трактары катаеце?

— На трактары не катаюцца, на ім працуюць, — сур’ёзна адказала механізатар.

— 56 гадоў — самы час на пенсію пайсці, а вы працуеце…

— Не хачу я на пенсію. Дзень пагляджу тэлевізар, а пасля плявацца буду. Ну, стаяць дома два камп’ютары, дык што на старасці гадоў у Інтэрнэце сядзець? Мне трэба пагаварыць з кім ужывую, а работа ніколі не робіць чалавека адзінокім.

— Гаспадарку трымаеце, Галіна Сцяпанаўна? Кабанчыка якога, кароўку? Можа, і дзецям перадачкі высылаеце?

— Раней трымала. А зараз нашто яна мне? Я на рыбцы сяджу, талію трымаю. Я ж нявеста яшчэ о! якая статная. А сынам перадачкі… Прафесію атрымалі, вось няхай і зарабляюць сабе на жыццё ды на сем’і, я ж да 60 гадоў ім соплі выціраць не буду, — смяецца жанчына.

Галіна Матырка працуе на трактары з прычэпам, хоць і не любіць гэтага. “Ці ж бачыш ты сваю работу? Загрузіў, перавёз, выкінуў. А на чужым трактары я рабіць не буду!”, — разважае механізатар. І прызнаецца: да свайго “жалезнага каня”, як да малога дзіцяці, прыслухоўваецца, каб нічога не застукала, не заскрыпела. Так ужо і слых прафесійны выпрацаваўся.

— Нялёгкая у вас работа, Галіна Сцяпанаўна!

— Ды якая яна нялёгкая! — пярэчыць мне жанчына. — У 8 раніцы пачынаеш работу, у 5 гадзін можна ехаць дахаты. Рэдка калі на рабоце затрымаешся. А вазьміце работу даяркі! У палове пятага на ферму ўжо едзе і там да 9 ранку, пасля зноў туды бяжыць, з 9 да 11 працуе. Прыйшла дадому, а ў 5 вечара зноў ідзі і так да 9 вечара. А калі ў даяркі дзеці малыя, іх трэба ў садзік ці школу адвесці, забраць, накарміць, урокі з імі павучыць. Добра, калі муж ладны пападзецца, а калі не… У мяне лягчэйшая прафесія, чым у даярак.

Вось такая спецыяльнасць — ніякіх абцасаў і губной памады, затое звыклая для Галіны Сцяпанаўны і любімая.

Наталля СЕРГУЦ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter