Школа батлейки заработала в Гродненском районе

Спектаклі ў скрынях

Батлейка на тэрыторыі нашай краіны з’явілася каля пяцісот гадоў таму. Удзячнымі за гэту ўнікальную з’яву мы павінны быць манахам-дамініканцам. Яны прывезлі батлейку на беларускія землі, каб з дапамогай лялек прыцягнуць простых людзей да рэлігіі. Менавіта на біблейскую тэматыку ставіліся першыя батлеечныя спектаклі. Пасля батлейку перанялі простыя мяшчане і сяляне, якія сталі выходзіць з ёй на кірмашы, дабавіўшы ў рэпертуар бытавыя сюжэты.


На жаль, у савецкі час, калі існавала ганенне на царкву, батлейка прыйшла ў заняпад. Але ж сёння мы можам назіраць адраджэнне гэтага мастацтва. Спектаклі ў скрынях паказваюць і ў навучальных установах, і ў музеях, і на фестывалях. Адзін з самых знакамітых — Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» — праводзіцца на базе адукацыйнага цэнтра мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра і штогод збірае ўдзельнікаў як з розных рэгіёнаў краіны, так і замежжа.


А нядаўна ў аграгарадку Індура Гродзенскага раёна пачала працаваць Школа батлейкі. И гэта яшчэ адзін доказ таго, што батлейка ў Беларусі — жывая традыцыя. На першых занятках у Індурскім цэнтры культуры наведвальнікі даведаліся пра сакрэты лялечнага мастацтва, прынялі ўдзел у майстар-класе па кіраванні лялькай на шпільцы, убачылі, як ствараецца батлеечны спектакль на прыкладзе дэманстрацыі беларускай народнай казкі «Аддай тое, што дома не пакінуў».

У планах Школы батлейкі, паведамляе kultura.grodno.by, серыя заняткаў па выразанні драўляных нарыхтовак для лялек, майстар-класы па распісванні твараў і стварэнні адзення, вырабе персанажаў з тканіны, пап’е-машэ і палімернай гліны. У перспектыве ў аграгарадку Індура будзе арганізаваны і свой тэатральна-батлеечны калектыў. Выбар месца не выпадковы — тут ужо працуе ўнікальны Музей лялькі. Мяркуецца, батлейка стане прадуктам, які дазволіць прыцягнуць у рэгіён турыстаў, сфарміраваць новыя напрамкі мясцовага сувенірнага бізнесу, адкрыць пэўныя магчымасці для развіцця аграэкатурызму.


Фото kultura.grodno.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter