Батлеечный театр в Беларуси снова в моде

Спектаклі ў скрыні

На гэтым тыдні завяршыўся IX Мінскі міжнародны фестываль тэатраў лялек. Беларускія калектывы выглядалі на агульным фоне вельмі ўпэўнена. Можа, уся справа ў тым, что ў нас захаваліся багатыя традыцыі лялечнага тэатра, які пачынаўся з батлейкі?


Традыцыі батлейкі маюць біблейскія карані. Фота: tut.by


Сёння тэатраў выбірай не хачу: багата іх і ў сталіцы, і ў рэгіёнах. Некалькі стагоддзяў таму пра такое, вядома, і марыць не маглі. Але сказаць, што нашы продкі былі зусім неадукаванымі ў гэтым плане, нельга. У іх існавалі свае тэатры, проста іншыя — замест жывых акцёраў выкарыстоўваліся лялькі. Сцэнай служыла невялікая партатыўная скрыня, а занавесам — яе дзверцы, звычайна размаляваныя біблейскімі сюжэтамі.

Старажытны тэлевізар


Батлейка з’явілася ў Беларусі каля пяцісот гадоў таму дзякуючы манахам-дамініканам. Яны прывезлі яе на нашы землі, каб з дапамогай лялек прыцягнуць простых людзей да рэлігіі. Менавіта на біблейскую тэматыку і ставіліся першыя батлеечныя спектаклі — як правіла, законнікамі каталіцкіх ордэнаў і вучнямі калегій.

Аднак даволі хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі простыя мяшчане і сяляне, якія сталі выходзіць з ёй на кірмашы. З’явіліся бытавыя сюжэты, сатырычныя сцэнкі з тагачаснага паўсядзённага жыцця. Папулярнасць у батлейкі была не меншай, чым зараз у тэлевізара. Яна і была своеасаблівым тэлевізарам: тая ж скрыня, тыя ж героі, што нібы рухаюцца самі па сабе, і свежыя навіны: хто што ўкраў, хто каго падмануў і гэтак далей.

Ролю культурнага мэйнстрыму батлеечныя спектаклі выконвалі прыкладна да Кастрычніцкай рэвалюцыі — пасля народны тэатр стаў прыходзіць у заняпад, гэтаму паспрыялі ганенні савецкай улады на царкву. Даследчыкі адзначаюць, што апошнія паказы батлейкі адбыліся ў Слуцкім раёне ў пачатку 1960х.

Нацыянальная экзотыка


Доўгі час батлейка была несправядліва забыта. Гадоў пятнаццаць таму мала хто з маладых людзей мог сказаць, што гэта і як выглядае. Затое сёння батлеечныя спектаклі можна пабачыць і ў гарадах, і ў вёсках, і ў навучальных установах, і ў музеях, і нават у гістарычных сядзібах. Адзін з самых старажытных з адноўленых народных тэатраў лялек — “Батлейка” Залескага Дома культуры (першая пастаноўка адбылася ў ім у 1983 годзе). Ён практыкуе паказы ў адноўленым радавым маёнтку вядомага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агіньскага. Па словах кіраўніка і рэжысёра тэатра Таццяны Нясцюрыны, замежныя турысты ў добрым шоку ад экзатычнага для іх беларускага мастацтва. Тым больш для пастановак тут спецыяльна вырабілі батлейку ў выглядзе сядзібы Агіньскага. Да таго ж у тэатра Залескага Дома культуры ёсць свая разынка.

— Часам нас не разумеюць і нават асуджаюць, — прызнаецца рэжысёр. — Лічаць, што батлейка — гэта толькі “Цар Ірад” і іншыя пастаноўкі на біблейскія тэмы. У нас свой погляд. Мы лічым, што з часам батлейка павінна змянняцца, быць цікавай сучасным гледачам — і дарослым, і маленькім. Таму ў нас ёсць і рэлігійныя спектаклі, і гістарычныя (іх паказваем у сядзібе Агіньскага), і сучасныя...

І сама форма батлейкі крыху трансфармавана. Мы не абмяжоўваемся проста вядзеннем лялек у скрыні. Спектаклі ў нас доўгія, ад 40 да 60 хвілін, з тэатральнымі дэкарацыямі, выхадамі акцёраў у касцюмах.

Дзе, як не на Смаргоншчыне, практыкаваць эксперыменты з батлейкай? З ёй тут на ты яшчэ з часоў народных кірмашоў. Больш за сорак гадоў таму ў Смаргоні планавалі стварыць музей беларускай батлейкі (абмежаваліся, праўда, экспазіцыяй у раённым краязнаўчым музеі), а летась тут правялі першы адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў, перамагла ў якім, дарэчы, якраз залеская батлейка. Сёлета фестываль прайшоў ужо не ў раённым цэнтры, а ў гістарычным Залессі.

Лялькі высакароднай місіі


Фестываль батлеечных спектакляў у Смаргоні не адзіны ў нашай краіне, што, вядома, сведчыць пра развіццё батлеечнага руху ў Беларусі. У студзені на базе адукацыйнага цэнтра мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра прайшоў ужо другі Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, які сёлета набыў статус міжнароднага. “Нябёсы” з’явіліся дзякуючы намаганням Людмілы Ждановіч, сястры міласэрнасці манастыра і жонкі вядомага беларускага акцёра Аляксандра Ждановіча. На жаль, сёлетні фестываль прайшоў без яго натхняльніцы: цяжкая хвароба забрала жыццё Людмілы ў канцы мінулага года, аднак яе справа працягваецца.

— Правучыўшыся тры гады ва ўніверсітэце на вельмі сур’ёзным матэматычным факультэце, Людміла раптам усё пакінула і пайшла ў лялечнікі, — успамінае Аляксандр Ждановіч, ён жа мастацкі кіраўнік фестывалю. — Лялька прывяла яе ў манастыр. А потым яна прывяла ляльку ў манастыр. Стварыла батлеечны гурток, навучыла батлейцы сясцёр, а потым ініцыявала фестываль. Па яе ж ідэі сёлета пры манастыры адчынілі і музей лялькі “Дом радасці”. Экспанаты ў ім — падарункі ўдзельнікаў нашага фестывалю.

КАРЫСНА ВЕДАЦЬ

Дзе паглядзець батлеечныя спектаклі

  • Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (студэнцкі тэатр “Адраджэнне батлейкі”).

  • Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску.

  • Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” ў Маладзечне.

  • Гісторыка-археалагічны запаведнік у Заслаўі.

  • Залескі Дом культуры Смаргонскага раёна (народны тэатр “Батлейка”).

  • Мірскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж (народны тэатр “Батлейка”).

  • Лідскі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры (тэатр-студыя “Батлейка”).

  • Наваполацкі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры (народны тэатр “Капялюш”).

  • Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава (тэатр батлейкі “Шчодра”).
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter