«Спее» чарговая экранізацыя Караткевіча

КІНАСТУЖКУ паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча было вырашана зрабіць яшчэ ў лютым гэтага года. Сёння “Каласы пад сярпом тваім” знаходзяцца “ў запуску”. Аб гэтым “БН” паведаміла вядучы рэдактар галоўнай рэдакцыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Рыта ШАГРАЙ.

“Каласы пад сярпом тваім” здымуць па-беларуску.

КІНАСТУЖКУ паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча было вырашана зрабіць яшчэ ў лютым гэтага года. Сёння “Каласы пад сярпом тваім” знаходзяцца “ў запуску”. Аб гэтым “БН” паведаміла вядучы рэдактар галоўнай рэдакцыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Рыта ШАГРАЙ.

— Гэта будзе чатырохсерыйны фільм, — зазначыла яна. — Працу над ім мы разгарнулі ў тым ліку і па асабістай просьбе міністра культуры Беларусі Паўла Паўлавіча Латушкі. Можа быць, што карціна і не акупіцца. Яна будзе знята на беларускай мове. Ужо гатовы сцэнарый фільма: аўтар — Аляксандр Качан. Рэжысёрам стужкі прапанавана быць Івану Пінігіну.

Дарэчы, у тыдзень святкавання 80-гадовага юбілея Уладзіміра Караткевіча ў кінатэатрах рэспублікі арганізаваны паказ мастацкіх фільмаў па творах пісьменніка — “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Кінагледачам прадстаўлены таксама дакументальныя карціны пра творчасць класіка беларускай літаратуры — “Быў. Ёсць. Буду”, “Рыцар і слуга Беларусі”.

У гэтыя ж дні выйшлі ў свет дзве кнігі, прысвечаныя легендарнаму пісьменніку. Адну з іх — “Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” — напісаў Адам Мальдзіс, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык творчасці Караткевіча і яго сябра.

— Скажу шчыра: гэтае выданне — партрэт пісьменніка і чалавека — першае, дзе не “пахадзілі” ні рэдактары, ні цэнзары, — адзначыў Адам Мальдзіс. — Я свядома не ўключаў у кнігу тое, што тычыцца прыватнага жыцця аўтара, тыя таямніцы, якія Валодзя не раскрываў публічна.

Непасрэдна да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка была выдадзена таксама кніга “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы”. Фаліянт па- дзяляецца на тры часткі. У першай — эсэ беларускага празаіка Алега Лойкі пра Караткевіча. У другой і трэцяй частках надрукаваны паэтычныя творы літаратара на беларускай і рускай мовах, а таксама лісты і творы, прысвечаныя Ніне Молевай, у якую Караткевіч быў закаханы.

Дарэчы, у Беларусі плануецца выдаць дваццаціпяцітомнік твораў Уладзіміра Караткевіча.

Таццяна УСКОВА, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter