Появилась мобильная версия детской интерактивной карты MapMinsk

Спазнаючы свет, спазнай Мінск!

Распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння сумесна з РУП «Белкартаграфія» выпусцілі ў свет дадатак, які ў маі паказвалі толькі ў бэта-версіі, — дзіцячую інтэрактыўную карту MapMinsk. «Р» выпрабавала дадатак.

Зрабіць дзень дзяцей у Мінску больш займальным дапаможа новая інтэрактыўная карта.

Што сабой уяўляе карта? Гэта даведнік па самых патрэбных і прыемных для дзетак кропках у горадзе. «Дзе пакаштаваць марожанае бліжэй да цяперашняга месца знаходжання?» — можа запытацца дзіця, а дадатак падкажа. Заадно і мясцовыя славутасці па дарозе пакажа.

Усяго на карце адзначана больш за 200 аб’ектаў. З часам яны будуць дапаўняцца. Калі да вас прыехалі госці, то і яны змогуць выкарыстаць карту — яна даступная на рускай, беларускай і англійскай мовах. Як працуе? Пакуль даступная для спампоўвання ўладальнікам смартфонаў з аперацыйнай сістэмай Android версіі 5.0 і вышэй. Заходзім у GooglePlay і пішам у пошукавым радку «Белкартаграфія». З’яўляецца дадатак, які нам патрэбны. Яго лёгка пазнаць па сінім фоне з геакропкай. Спампоўваем і ўстанаўліваем. Ён запытае допуск да геалакацыі і камеры — гэта неабходна, каб карыстальнік мог выпрабаваць усе магчымыя функцыі дадатку. У ім убачыце карту для дзяцей «Падарожнічаем па Мінску». Уключаем на смартфоне інфармацыю аб сваёй геалакацыі і вуаля — карыстаемся. Набліжаць карту, аддаляцца, вядома, можна. Як і выбіраць пэўную славутасць. Напрыклад, я выбрала «Браму горада». Фота, адрас з’яўляюцца на экране. Там жа адразу паказаны цікавыя месцы побач з абраным і вялікая колькасць фатаграфій. 

Што яшчэ? У славутасцей Мінска ёсць свае іконкі. Напрыклад, для парку імя Максіма Горкага — карусель. Пацешная функцыя: калі націснуць на кнопку «Mask», уключаецца франтальная камера вашага тэлефона з маляўнічай рамкай, іконкай славутасці і подпісам месца — рабіце фота на памяць! Дакладна не забудзеце, дзе было яно зроблена. Яшчэ адна функцыя: калі націснеце на іконку з геапазіцыяй, уключыцца камера і пакажа, колькі метраў да бліжэйшай кропкі, якая можа быць вам цікавая. 

Для самых маленькіх, дарэчы, у «Белкартаграфіі» ёсць дадатковая рэальнасць. Яна звязаная з атласам «Расліны і жывёлы». Як толькі вы ўвайшлі ў дадатак, націсніце кнопку «Сканаваць», і вам прапануюць спампаваць эфекты для атласа. Пасля запускаеце, наводзіце камеру на старонкі рэальнага атласа, і жывёлы з яго будуць нібыта ажываць.

Іна Шлык, дырэктар РУП «Белкартаграфія», расказвае: 

— Дадатак мае сацыяльны характар. Гэта добра, калі дзеці будуць карыстацца нашай картай, у якой мы пастараліся сабраць самыя галоўныя, важныя і цікавыя месцы нашага горада, які можна вывучаць доўгі час.

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter