Спатканне ля Вечнага агню

Карэнныя мінчане ваявалі пад Сталінградам у адным палку, пасля вайны жылі на суседніх вуліцах. Але толькі цяпер знайшлі адно аднаго: напярэдадні Дня НезалежнасціДва хлопцы і дзве дзяўчыны пакінулі сталіцу хто напярэдадні, хто ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Ім, раней незнаёмым жыхарам аднаго горада, было наканавана сысціся — апынуўшыся ў 1082-м зенітна-артылерыйскім палку, што абараняў Сталінград ад налётаў нямецкай авіяцыі. А затым лёс зноў развёў таварышаў па розных дарогах. Яны нават не ведалі, што ўсе засталіся цэлыя і жылі ў пасляваенныя гады зусім побач. Днямі сябры нарэшце спаткаліся — на плошчы Перамогі ў родным Мінску. Упершыню з часоў вайны — і ў асаблівы для іх час: напярэдадні 65-й гадавіны з дня вызвалення Беларусі і роднай сталіцы ад фашысцкіх захопнікаў.

Камусьці з іх неўзабаве будзе дзевяноста год, хтосьці ўжо перасягнуў гэты век. Пра такую пару ў жыцці чалавека кажуць: старасць — не радасць. А яны, салдаты і салдаткі Перамогі, здаецца, толькі звонку пастарэлі, а ў душы — як тыя ўчарашнія школьнікі, студэнты і курсанты, якіх лёс кінуў на фронт у разгар маладосці.
Абаронца Масквы
Норберт Яўстаф’евіч Лукавецкі 6 чэрвеня акурат адзначыў 90-годдзе. Да гэтай даты і прымеркавалі ветэраны сваю сустрэчу: у першую чаргу павіншаваць дарагога сябра. З яго споведзі пачалося наша падарожжа ў мінулае...
— З’явіўся я на свет у 1919 годзе ў Віцебску. Гадавала мяне з братам адна мама. Бацька загінуў у грамадзянскую вайну. У Віцебску сваякоў мы не мелі, таму мама вымушана была аддаць дзяцей у прытулак: быў у горадзе спецыяльны польскі дзіцячы дом, адкуль мяне пасля перавялі ў такі ж інтэрнат у Мінску. Як пасталеў, паступіў на рабфак у Дзяржынск — тады мястэчка было цэнтрам польскага нацыянальнага раёна БССР. Але неўзабаве раён расфарміравалі, і я пераехаў у Мінск. На вуліцы Валадарскага, у будынку, дзе цяпер размяшчаецца картаграфічная фабрыка, закончыў інстытут нацыянальных меншасцей, атрымаў спецыяльнасць выкладчыка геаграфіі, і мяне ўжо хацелі адправіць настаўнічаць у вызваленую Заходнюю Беларусь, але я папрасіў накіраваць у Віцебскую вобласць — бліжэй да мамы...
Норберта Лукавецкага размеркавалі ў вёску Макараўка, але тут ён доўга не затрымаўся. У 1940 годзе хлопца прызвалі ў армію — адразу ў Маскву, у 251-ы зенітна-артылерыйскі полк, дзе рыхтавалі камандзіраў запасу. Норберт быў у выдатнай фізічнай форме. Яшчэ ў Мінску ён з сябрам патруляваў берагі Свіслачы і ратаваў тапельцаў ды няўдалых плыўцоў. Аднойчы нават выцягнуў з ракі пажарнага — на гадоў дзесяць старэйшага за сябе дзецюка, які ледзь не пайшоў пад ваду.
— Перад вайной мяне назначылі камандзірам батарэі 2-га дывізіёна 251-га зенітна-артылерыйскага палка. Разам з сямю байцамі мы абаранялі свой участак паветранай прасторы Масквы. У кастрычніку 1941 года ў горадзе многія запанікавалі. Напярэдадні 7 лістапада прайшла пагалоска, што ўрад выехаў у Куйбышаў, цяпер гэта Самара. У Крамлі заставаўся толькі Сталін. Чуткі, відаць, мелі падставы, бо наш полк адправілі ахоўваць рубяжы Куйбышава. А ў сакавіку 1942 года перакінулі пад Сталінград, дзе на базе 251-га сфарміравалі 1082-і зенітна-артылерыйскі полк.
Палку даручылі ахоўваць Сталінградскі трактарны завод, ГЭС, завод “Чырвоны Кастрычнік”, пераправу праз Волгу, бензасховішча.
Ішла вырашальная бітва з акупантам.
— І калі б не наша перамога пад Сталінградам, не было б аперацыі “Баграціён”, не было б вызвалення Беларусі, не гаварылі б мы сёння з вамі гэтак лёгка пра мінулае ля помніка Перамогі ў Мінску, — упэўнены Норберт Лукавецкі.
Перамога на Волзе прынесла і свабоду на берагі Свіслачы. Сваю лепту ў справу ўнеслі і мінчане з 1082-га палка.
Апошні з дома масонаў
Віншаванні, хай і трохі запозненыя, належыць выказаць і Хаіму Лейбавічу Штэйнману — 90-годдзе ён адзначыў яшчэ 11 сакавіка. Нарадзіўся, дарэчы, у незвычайным месцы, у так званым доме масонаў, што ў Верхнім горадзе. Другі паверх камяніцы — вось адрас даваеннай кватэры Штэйнманаў. Бацька, Лейба Абрамавіч, быў вядомы ў горадзе абіўшчык, яго брыгада рабіла заслону і крэслы для опернага тэатра, што ў канцы 30-х адкрыўся на Траецкай гары.
Але пасля таго як Хаім у 1939 годзе па прызыву выехаў у Ваўкавыск, ён ніколі не бываў у родным доме. Вось ужо семдзесят год, як...
— Я ведаю, што цяпер тут музей тэатральнай і музычнай культуры. Але баліць сэрца, каб заходзіць. У гады вайны маіх бацькоў выселілі з дома, змусілі перабрацца ў гета. Там мама з татам і загінулі. Мабыць, пахаваны ў Яме, — Штэйнману цяжка гаварыць. Кожны год у дзень памяці вязняў гета ён прыходзіць да мемарыяльнага комплексу “Яма”, што на вуліцы Мельнікайтэ, каб памянуць бацькоў. Калі б хлопца не прызвалі ў армію і ён застаўся ў акупаваным Мінску, магчыма, не адбылося б і нашай сустрэчы каля Вечнага агню...

Але лёс не раз ратаваў Хаіма ад смерці. За два дні да пачатку вайны яго накіравалі з Ваўкавыска як выдатніка баявой падрыхтоўкі ў Ленінградскае артылерыйска-тэхнічнае вучылішча. На шчасце, вучылішча паспелі эвакуіраваць, і Штэйнман збавіўся яшчэ ад адной бяды — блакады. Яго камандзіруюць у Томск, а адтуль — у Сталінград, у 1082-і полк...
Артылерыйскі тэхнік таварыш Штэйнман адрамантаваў не адну гармату. Але сам ледзь не загінуў. У час нямецкага налёту ў жніўні 1942 года яго моцна параніла: з акрываўленай галавой вынеслі разам з многімі загінуўшымі. І толькі выпадкова нехта заўважыў, што малады афіцэр дыхае! Хаіма тэрмінова накіравалі ў санітарную часць — і ўратавалі жыццё...
Неба ў руках
Зінаіда Рыгораўна Падабед, 1921 года нараджэння, прыехала ў Мінск у канцы 30-х. Дзяўчына з Чэрыкава Магілёўскай вобласці перабралася да сястры, якая выйшла замуж за ваеннага і жыла ў гарадку Белпалка на ўскраіне сталіцы, у старым раёне Грушаўка.
Зіна пайшла вучыцца ў педагагічны тэхнікум, але ўсе планы абарвала вайна. Ратуючыся ад нямецкіх бомбаў у першыя дні абстрэлу Мінска з паветра, яна з сястрой уцякала на ўсход. У Калодзішчах удалося сесці на цягнік, які ішоў на Маскву. Але да Беларускага вакзала поезд не дайшоў. Яго павярнулі... на Куйбышаў, а адтуль уцякачкі перабраліся ў Бузулук Чкалаўскай (а сёння Арэнбургскай) вобласці.
— Сястра атрымлівала ад мужа грошы на тое, каб карміць дзяцей. Я не магла адбіраць іхні хлеб, таму пайшла працаваць на швейную фабрыку матарысткай. Аднак усё роўна пакутавала з-за голаду. А ў той час аб’явілі набор першых добраахвотніц з ліку камсамолак на фронт. І я вырашыла: пайду, чым паміраць з голаду. Сястра адгаворвала, казала, каб заставалася дома, бо я тады хварэла на малярыю — маўляў, куды мне такой ісці...
Але гэтая мініяцюрная дзяўчына стаяла на сваім. Неўзабаве добраахвотніцу накіравалі пад Сталінград, у 1082-і полк — ахоўваць неба горада над Волгай ад нямецкай авіяцыі. Зіне даручылі пульт кіравання зенітна-артылерыйскай устаноўкай — наводзіць цэлі на праціўніка, распазнаваць варожыя знішчальнікі ў небе. Вялікае неба было ў яе руках — не адзін “крумкач” не вярнуўся ў сваё гняздо...
Ангеліна — наш рулявы
Аднапалчане памятаюць яе пад прозвішчам Калабушчанка, але, выйшаўшы замуж, яна для іх “згубілася”, бо стала Мяркулавай. Які ж лёс прывёў Ангеліну Стэфанаўну з Мінска пад Сталінград?
— Нарадзілася я 25 снежня 1925 года. Дом, у якім наша сям’я жыла да вайны, як і родны кут Хаіма Лейбавіча, захаваўся, гэта будынак на вуліцы Казлова, а колісь Даўгабродскай — адразу насупраць галоўнага ўваходу на Вайсковыя могілкі. Гэты раён калісьці ўвесь быў ваенны. Цяпер мой новы дом знаходзіцца непадалёку — на Бранявым завулку. Чуеце, якая назва? Яна гістарычная, сведчыць пра армейскае мінулае гэтага кутка Мінска. Мой тата працаваў у КЭЧы — кватэрна-эксплуатацыйнай часці Мінскага гарнізона. І дом, дзе мы жылі, належаў гарнізону, а тата быў упраўдомам. Я ж працавала бібліятэкаркай у юрыдычным інстытуце на вуліцы Акадэмічнай, 4; мама ўладкавала, каб я была занята справай, хаця мела яшчэ мала год, каб працаваць. Але, як кажуць, па блату ўзялі.
Першыя нямецкія бомбы на Мінск паляцелі 24 чэрвеня. Ангеліна ў гэты дзень была ў бібліятэцы: “Бо нам усім загадалі хадзіць на працу”. Пасля бамбёжкі дзяўчына пабегла дахаты, але дом стаяў пусты. Нікога не было і ў бомбасховішчы. Бацькі прапалі, не пакінуўшы ніякай весткі пра сябе. Ангеліна з процівагазам, які схапіла ў бібліятэцы, падалася разам з паловай горада наўцёкі.
— Куды я бегла, не ведала. Галоўнае было — вырвацца з горада, што гарэў і мог быць ушчэнт знішчаны варожымі налётамі. Прыбегла ў Калодзішчы і літаральна ўскочыла ў апошні вагон пустога таварнага састава, што адыходзіў на ўсход...
Па дарозе састаў абстрэльвалі фашысцкія “ястрабы”. Ангеліна так напалохалася, што спрабавала саскочыць з поезда і ледзь не трапіла пад колы. Падножка паехала пад вагон і толькі выпадковасць уратавала яе: побач аказаліся два чыгуначнікі, якія падхапілі дзяўчо і не далі сарвацца ў прорву... Мужыкі тады прамовілі прарочае: “Ты, відаць, у сарочцы нарадзілася”.
У Барысаве Ангеліна перасела на адкрытую платформу састава Белпалка, у якім ехала і... Зіна Падабед. Ангеліна, як і яе будучая баявая сяброўка, першы прыпынак у эвакуацыі зрабіла ў Бузулуку.
— Хаця я так марыла трапіць у Маскву! Пабачыць Красную плошчу! Мы ж не мелі да вайны тэлебачання, нават не ўяўлялі, як там на самай справе ўсё выглядае — каля Крамля...
Але цягнікі, як мы ўжо ведаем, не ішлі ў Белакаменную. У Бузулуку Ангеліна запісалася ў добраахвотніцы. Іх, камсамолак, тады пайшло ваяваць па прызыву з усёй Чкалаўскай вобласці восемсот. Прыбыўшы ў Сталінград, Калабушчанка стала вадзіцелем палутаркі таго самага 1082-га палка. А каб трапіць на фронт... дабавіла сабе два гады. Дакументы ж усе ў Мінску засталіся — можна было трохі зманіць.
Праз 65 год і лінію фронту
Калабушчанка ўпэўнена сцвярджае: “Я хацела змагацца пад Сталінградам сама! Нас ніхто не змушаў — патрыятызм быў сапраўдны!”
...Разам з ветэранамі, стоячы ля Вечнага агню побач з помнікам Перамогі, мы згадваем гісторыі іх жыцця. Хаім Лейбавіч з сумам успамінае, як яго лепшы сябар з Грузіі падаўся да немцаў. Аднапалчане ўзрушваюцца і пачынаюць дыскутаваць: пра мараль і прынцыпы на вайне.
Затым размова пераходзіць да заградатрадаў. Ангеліна Стэфанаўна настойвае: “Заградатрады былі створаны пасля таго, як некаторыя нашы хлопцы драпанулі на Каўказе. Трэба было стрымаць панікёрства, іначай не было б і перамогі пад Сталінградам!”
Пасля Сталінграда 1082-і полк, які захінуў ад нямецкіх бомбаў не адно прадпрыемства, перакінулі пад Мурманск: ахоўваць пастаўкі зброі і харчавання па ленд-лізу.
Дэмабілізаваўшыся, Калабушчанка праз Цэнтральнае бюро па пошуку эвакуіраваных знайшла сваякоў у Кіргізіі.
— Але мама к таму часу памерла ўжо ў сярэднеазіяцкай рэспубліцы, а два браты і сястра знаходзіліся ў дзіцячым доме.
Хаіму Лейбавічу па вяртанні ў Мінск не было куды ісці — не толькі бацькі, але і брат з сястрой загінулі ў гета. Аднак неспадзявана на вуліцы яму спаткалася Ася — прыяцелька са школьных часоў. Дзяўчына здаўна вельмі сімпатызавала Хаіму і, даведаўшыся, што той застаўся без дома, схапіла хлопца за руку і павяла да сябе дахаты. А неўзабаве яны ўзялі шлюб.
Пачуўшы гэтую гісторыю, Норберт Лукавецкі... расплакаўся. Ён згадаў пра нешта патаемнае, але ўсё ж падзяліўся з таварышамі ўспамінам. На фронце ў яго было каханне: на жаль, не ўзаемнае і дагэтуль не зусім згаслае...
Зінаіда Падабед пасля вайны нейкі час працавала ў сакратарыяце вядомага партыйнага лідэра Івана Варвашэні, але ўрэшце перайшла на больш творчую работу — у выдавецтва, рэдактарам медыцынскай літаратуры.
Норберт Лукавецкі меркаваў вярнуцца да настаўніцтва, але атрымаў накіраванне ў ЦК — на пасаду інструктара аддзела прапаганды.
Штэйнману прапаноўвалі працягнуць службу ў Маскве, але ён не вагаючыся адмовіўся: “З роднага горада нікуды не паеду?!” У 1961 годзе ўвогуле звольніўся з арміі і пайшоў працаваць у сферу гандлю. Цяпер ён адзін са старэйшых прадстаўнікоў сваёй прафесіі ў краіне.
Калабушчанка прысвяціла сябе грамадскай дзейнасці, пачаўшы яе з пасады тэхнічнага сакратара колішняга кіраўніка Беларусі Васіля Казлова. Цяпер Ангеліна Стэфанаўна ўзначальвае арганізацыю абаронцаў Савецкага Запаляр’я. Менавіта Ангеліна Стэфанаўна адшукала на суседняй са сваім Бранявым завулку вуліцы Камуністычнай Хаіма Штэйнмана (і як яны не сустрэліся раней у нашай “вялікай вёсцы” Мінск?!), сабрала разам іншых аднапалчан, з якімі яшчэ раней аднавіла сувязь. Праз столькі год і — супадзенне? — акурат напярэдадні Дня Незалежнасці падарыў лёс спатканне гэтым незвычайным людзям!
Але лепш позна, чым ніколі.

P.S. Выказваю падзяку Алене Раманавай з “Белорусской военной газеты” за садзейнічанне пры падрыхтоўцы матэрыялу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter