Спас – яблычка час

Калі лета ў самым саку, але ўжо “цалуецца” з восенню
У народзе гэта старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў, называюць Другім, Вялікім, Яблачным Спасам. І яго заўсёды асабліва шанавалі і любілі, бо ў гэты дзень (6 жніўня ў католікаў, 19 жніўня па праваслаўным календары) асвячаюць у храмах яблыкі і іншую садавіну, пасля чаго яе дазваляецца ўжываць. Нездарма раней казалі: “Добра яблычка к Іспасу”.


Асвечаныя яблыкі насілі на могілкі родных. Да Спаса яблыкі і іншую садавіну і некаторую гародніну есці забаранялася, асабліва жанчынам, у якіх памерлі дзеці. Дагэтуль існуе павер’е, што Бог раздае на нябёсах дзеткам яблыкі. Таму дзіцяці, чыя маці каштавала яблык да Спаса, гэтага ласунку не дастанецца.

На Спаса асвячалі і каласы, кажучы: “Спас — даволі хлебца ў нас”. Пчаляры стараліся пачаставаць кожнага, хто прыходзіў у двор, бо па павер’і, калі пашкадуе каму мёду, яго пчолы прападуць.

У некаторых рэгіёнах Беларусі казалі, што ў дзень Спаса зямля нібыта спіць і яе нельга трывожыць. Але ў большасці рэгіёнаў зазначаюць: “Спас — усім працам час”, бо ў гэты перыяд ідзе жніво, і кожны дзень для селяніна гарачы, на вагу золата. У гэты дзень па вёсках хадзілі валачобнікі, славілі Спаса — апекуна і памочніка селяніна.

А яшчэ для апошняга Спас з’яўляўся мяжою паміж летнімі і восеньскімі працамі, дбайныя гаспадары пачыналі сеяць азіміну, капаць раннюю бульбу. У паўночных рэгіёнах на Спаса пачынаўся адлёт буслоў. Калі гэтыя птушкі пачыналі рыхтавацца да вылету за тыдзень перад Спасам, чакалася ранняя і марозная зіма. Калі ж адляталі тыднем пазней, лічылася, што гэта да цёплай восені і позняй зімы, але халоднай вясны. Таму нездарма казалі: “Спас — трымай рукавіцы ў запас”. Альбо: “Спас — лета шась!”

На Спаса шырока наладжваліся кірмашы, на якіх сяляне прадавалі першую спелую садавіну і агародніну. У гарадах, мястэчках і сёлах, дзе касцёлы і цэрквы былі асвечаныя ў гонар Божага Перамянення, альбо Праабражэння Гасподняга, ладзіліся фэсты. Дагэтуль на Брэстчыне засталіся вядомыя традыцыйныя Спасаўскія фэсты — у Моталі і Адрыжыне Іванаўскага раёна, у вёсцы Хмялёва Жабінкаўскага раёна. У кожным вялікім і малым храме асвячаюцца прынесеныя вернікамі яблыкі, грушы, слівы, агрэст. Таму на Спаса ў храмах густа пахне яблыкамі.

А ў садах у гэты час, здаецца, сам Бог цалуе кожнае яблычка ў шчочку — яно наліваецца, чырванее, хутка выспявае. Яшчэ ў гэтыя дні людзі імкнуцца да крыніц: вада — Божая сляза, набывае асаблівыя гаючыя ўласцівасці.

Максім Вечар

infong@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter