Спаленыя мары вёскi Лозкi

Ад сабе падобных вёска Лозкi Калiнкавiцкага раёна мала чым адрознiваецца. Сярод 56 яе cённяшнiх жыхароў, па iнфармацыi сакратара Нахаўскага сельскага Савета Алены Ткач, толькi двое працаздольныя...

Ад сабе падобных вёска Лозкi Калiнкавiцкага раёна мала чым адрознiваецца. Сярод 56 яе cённяшнiх жыхароў, па iнфармацыi сакратара Нахаўскага сельскага Савета Алены Ткач, толькi двое працаздольныя. Адносна небагатая жыўнасць на падвор’ях вяскоўцаў: два канi, некалькi свiней,  хатняя птушка. Харчуюцца мясцовыя жыхары ў асноўным вырашчаным у агародах, cабраным у лесе ды набытым у мясцовай краме, якая расчыняе дзверы тройчы на тыдзень. Такi ж графiк i ў тутэйшым аддзяленнi сувязi, адкуль  местачкоўцам дастаўляюць пенсii i перыёдыку. Не пакiдае без увагi вяскоўцаў i фельчар Замосцеўскага ФАПа Iрына Кацюшчанка — усяляк стараецца падтрымлiваць фiзiчнае i душэўнае здароўе сваiх  пераважна немаладых ужо пацыентаў... 

Словам, iдзе жыццё ў Лозках сваiм звыклым, размераным  ходам. Пра трагедыю, якая адбылася тут 65 год назад, нагадваюць сёння, бадай, толькi тры невялiкiя курганкi ў цэнтры населенага пункта. Яшчэ да таго, як свет здрыгануўся, даведаўшыся аб зверствах фашыстаў у Хатынi, у пякельным агнi летам 1942 года ў Лозках загiнула 476 мiрных жыхароў...  

...Даваенная вёска Лозкi была  шматнаселенай. Тут размяшчалася кантора калгаса “Герой працы”, на мясцовай ферме трымалi вялiкi дойны статак, шырока распасцiралiся вакол калгасныя палi i лугi. Шчыруючы ў будзённых справах, вяскоўцы нараджалi дзяцей i будавалi планы на будучыню. Вераломна ўварваўшыся ў iх мiрнае жыццё, вайна перакрэслiла ўсе светлыя мары i спадзяваннi. Каб помсцiць ворагу за парушанае шчасце, многiя местачкоўцы пайшлi на фронт, iншыя падалiся ў партызанскiя атрады. Тыя ж, хто застаўся ў вёсцы (у асноўным пажылыя, жанчыны, дзецi), лавiлi кожную вестку  з франтоў, дзялiлiся навiнамi з суседзямi. 

...Блiжэй да лiпеня 1942 года гiтлераўскае камандаванне пачало актыўна перакiдваць на ўсходнi фронт венгерскiя i славацкiя дывiзii. Якраз у гэты час у мясцовым партызанскiм атрадзе iмя Варашылава (камандзiрам яго быў кадравы ваенны Кузьма Бакун) вырашылi арганiзаваць дыверсiю на чыгунцы. Распрацаваць яе план даручылi падпольшчыку, дарожнаму майстру з Калiнкавiч Iвану Змушку i яго таварышам. Узрыўчаткi ў партызан не аказалася, таму патрыёты-чыгуначнiкi  перадалi iм кастыльную лапу, гаечныя ключы для разбурэння палатна, накiраваўшы ў дапамогу пуцевiка Мiхаiла Санца. Агульнымi намаганнямi партызаны адцягнулi дротам адкручаную рэйку акурат перад падыходам нямецкага ваеннага эшалона. Цягнiк (каля дваццацi вагонаў з гарматамi, салдатамi i афi-цэрамi артылерыйскай часцi гiтле-раўцаў) паляцеў пад адхон. На два днi рух на чыгунцы быў паралiзаваны. 

...Як падышоў да вёскi нямецкi  бронецягнiк, заўважылi нямногiя з жыхароў Лозак. Калi ж з боку чыгункi грымнулi першыя гарматныя стрэлы, а па сценах драўляных вясковых пабудоў, бы гарох, залапаталi кулi, людзi, спужаўшыся, павыскоквалi з хат. У дварах на аддаленым канцы вулiцы ў гэты час узарвалася яшчэ некалькi снарадаў, з бронецягнiка без перапынку палiваў свiнцовым лiўнем вёску буйнакалiберны кулямёт. Некалькi хат вяскоўцаў запалалi бы свечкi. Але раптам стралянiна сцiхла. А на вулiцы, бы пацукi, пачалi мiтусiцца салдаты ў шэра-мышыным адзеннi. 

Пра жахлiвыя падзеi тых дзён распавядалi дзве жыхаркi Лозак, якiм у лiку нямногiх удалося ўратавацца ад крывавай расправы гiтлераўцаў. Адной з жанчын, Кацярыне Малашчанка, было ў той час каля дзевятнаццацi. У шматдзетнай сям’i, дзе яна гадавалася, было адзiнаццаць душ. 

— Тату майго, Данiлу Мiкалаевiча, ад смерцi выратавала тое, што ранкам ён з пляменнiкам Фядосам пайшоў касiць сена на балота ў трох кiламетрах ад Лозак, — узгадвае суразмоўца. — Аб прыбыццi эшалона з карнiкамi паведамiла нам мацi. А неўзабаве пасля стралянiны немцы замiтусiлiся па вёсцы, выцягваючы з хлявоў местачкоўцаў розную  жыўнасць – курэй, цялят, парсюкоў. Нямецкiя прыслугачы палiцаi забягалi ў хаты i выганялi людзей на вулiцу. Папярэджвалi: хто не выйдзе – будзе адразу расстраляны. Нашу сям’ю i яшчэ некалькi дзесяткаў аднавяскоўцаў, сабраўшы разам, павялi да чыгуначнага пераезда. Калi перайшлi пуцi каля будкi абходчыка, мацi шапнула нам з меншым братам, чатыр-наццацiгадовым Васiлём: “Вiдаць, будуць нас зараз расстрэльваць,уцякайце”. Выкарыстаўшы магчымасць, мы шмыгнулi да блiжэйшага кустоўя. Але адзiн з фашыстаў заўважыў нас. Падышоў i, балюча штурхануўшы нас дулам аўтамата ў грудзi, нешта грозна гаркнуў... 

Па словах Кацярыны Малашчанка, неўзабаве iх прывялi да цягнiка. Тут, каля чыгуначнага палатна, пад аховай гiтлераўцаў сядзела ўжо шмат знаёмых людзей. Сярод iх дзе-лавiта шпацыраваў немец з фотаапаратам. Ён час ад часу ставiў жанчын i дзяцей на каленi i з задавальненнем iх фатаграфаваў. Неўзабаве да вяскоўцаў выйшлi  афiцэр i перакладчык. Сутнасць звернутых да нявольнiкаў слоў фашыста зводзiлася да наступнага: калi лясныя бандыты супраць нямецкай армii зноў будуць ажыццяўляць дыверсii, спалiм вас i ўсю вёску. Затым больш моцных мужчын пасадзiлi ў аўтамашыны i павезлi на расстрэл. У Лозках жа людзям загадалi iсцi да былой калгаснай канторы, дзе была нямецкая казарма. Але большасць вяскоўцаў, яшчэ не верачы ў такi непрадбачаны зыход сустрэчы з фрыцамi, паспяшалiся да сваiх хат... 

— Памятаю, калi прыйшлi, мацi загадала нам выграбцi з кубельца соль, узяць самае неабходнае i iсцi да маёй сястры Марфы (яе сын, дзве дачкi i зяць пазней загiнуць у агнi), — немаладой жанчыне няпроста даецца вяртанне ў мiнулае. – Толькi выйшлi на ўскрай вёскi, чуем –  суседка клiча сваiх дачку Кацю i сына Мiколу. Убачыла нас i кажа: трэба  хавацца, немцы  вярнулiся. Мы  кiнулiся ў жыта i па iм дабралiся да лесу. А за спiнай, чуем, стралянiна пачалася. Як нам потым сказалi, гэта акупанты людзей у вёсцы так на смерць зганялi. Праўда, брахалi пры гэтым вырадкi, што на сход збiраюць. Там, дзе “сход” той чынiлi, на месцы хат толькi галавешкi ды попел засталiся. 

...22 лiпеня 1942 года. Гэты дзень стане самым жудасным у жыццi жыхароў вёскi Лозкi. Адчуўшы нядобрае, што несла з сабой вяртанне гiтлераўцаў, вяскоўцы ратавалiся хто як мог. Многiя хавалiся ў жыта,  забойцы бегалi, шукалi iх. Урэшце, не шкадуючы нi малых, нi старых, усiх – а гэта  476 чалавек – сагналi ў тры хаты ў цэнтры Лозак. Дзверы забiлi дошкамi, вакол паставiлi кулямёты. Аблiлi бензiнам, запалiлi. Злавесныя языкi полымя дружна заскакалi па бярвеннi... 

Не ўсе пакутнiкi, аднак, змiрылiся з лёсам. Пад напорам людскiх цел у адным з ахопленых агнём дамоў выскачыла аконная рама, у другiм  расчынiлiся забiтыя цвiкамi дзверы. Але глыткi заваяванай свабоды былi непрацяглымi: па  смельчаках паласнулi кулямётныя чэргi... 

Падрабязнасцi таго д’ябальскага вогненнага шабашу фашыстаў у Лозках прыгадвае яшчэ адна сведка страшных падзей, 82-гадовая Матруна Жарало. Ёй было тады каля васемнаццацi. Бацька, якi працаваў леснiком, вырашыў двойчы не выпрабоўваць лiхi лёс: вывеў жонку i пецярых сваiх дзяцей у лес. Пасля расправы з аднавяскоўцамi, згадвае Матруна Рыгораўна, адзiн з палiцаяў юродстваваў: маўляў, больш за ўсiх “пашанцавала” хвораму на лiхаманку 32-гадоваму калгаснiку Паўлу Малашчанку. Яму ўдалося выскачыць праз акно з ахопленай полымем хаты i кiнуцца ў бок лесу. 

Не наканавана, аднак, было вяскоўцу выйсцi жывым з пекла. Некалькi немцаў i палiцаяў дагналi i пачалi бiць яго нагамi i прыкладамi зброi. Пасля, яшчэ жывога, схапiлi Паўла за рукi i ногi i кiнулi ў агонь. Там i згарэў ён разам з жонкай i дзецьмi. 

...Яшчэ некалькi дзён немцы i iх халуi палiцаi ахоўвалi папялiшча. Нiбыта асцерагалiся, што з дыму i вуголля яшчэ ўзнiмецца нехта ды раскажа ўсяму свету пра крывавыя справы вылюдкаў. Аблазiлi прыслужнiкi ўсе куткi ва ўцалелых вясковых будынках, прачасалi жытняе поле. Пакiдаць жывымi сведак сваiх чорных злачынстваў было не ў iх правiлах. Але сведкi засталiся... 

— Калi  праз два днi старэйшыя з сям’i паспрабавалi прабрацца да нашай сядзiбы, каб прыхапiць сёе-тое з рэчаў i яды, палiцаi заўважылi нас i адкрылi агонь, — расказвае Матруна Жарало. — Кулi свiсталi над самай галавой. Але выратавальныя лясныя шаты былi побач, прадажнiкi збаялiся гнацца за ўцекачамi па вячэрнiм лесе. Мiж тым назаўтра ранiцой адзiн з iх, Хведар (па вясковай мянушцы Мамай), павёў немцаў да балота, дзе таiлася некалькi сем’яў з Лозак i суседнiх вёсак. Нам пашчасцiла: нехта здалёк угледзеў ланцуг нямецкай аблавы. Папярэджаныя людзi хутка пакiнулi сваё прыстанiшча i кiнулiся па балотных сцежках углыб лесу... 

Аб крывавай драме ў Лозках у канцы лiпеня стала вядома ў партызанскiм атра-дзе iмя Варашылава. Знiшчыўшы вёску, гiтлераўскiя галаварэзы паспрабавалi нязграбна апраўдацца. Пусцiлi чуткi: палiць, маўляў, хацелi не Лозкi, а iншую вёску – Галявiцы, каля якой партызаны падарвалi нямецкi цягнiк. Але памылачка выйшла... Па ўспамiнах удзельнiка падполля i партызанскага руху Эдуарда Лядвiга, журба i смутак ахапiлi партызан, тым больш што сярод iх былi людзi з гэтай вёскi. Сумнае адчуванне змянiла прага помсты ненавiснаму ворагу. Адну за другой здзейснiлi лясныя мсцiўцы смелыя баявыя аперацыi на чыгунцы, дарогах i ў населеных пунктах, занятых фашыстамi. Найбольш значнымi з iх былi падрыў электрастанцыi на тэрыторыi ваеннага гарадка ў Калiнкавiчах, а таксама налёт на палiцэйскi гарнiзон у Юравiчах. Акцыi партызан прыспешвалi вызваленне, якое неўзабаве i прыйшло на калiнкавiцкую зямлю... 

... Для ўдзелу ў мiтынгу, прысвечаным 65-й гадавiне з часу масавага знiшчэння фашыстамi мiрнага насельнiцтва Лозак, да добраўпарадкаванага стараннямi ўлад помнiка ў цэнтры вёскi прыбылi кiраўнiкi раёна, актывiсты грамадскiх арганiзацый. Слухаючы шчымлiвыя расказы жывых сведак страшнай падзеi, прах родных i блiзкiх якiх ляжыць ва ўтравелых курганках каля помнiка, многiя з удзельнiкаў мерапрыемства не маглi стрымаць слёз. Нехта прыкмецiў:  над галовамi людзей тым часам доўга кружылi некалькi буслоў, быццам душы бязвiнна спаленых людзей пераўвасобiлiся ў велiчных птах. Яны пранiклiва ўзiралiся з вышынi ў тых, хто сёння нясе па жыццi нялёгкую ношу добрых чалавечых спраў, высакароднасцi  i светлай памяцi аб загiнуўшых у жорсткiх сутыкненнях мiнулай вайны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter